viasna on patreon

Вызваліць і зменшыць тэрмін. Па выніках апеляцыі палітзняволеным сужэнцам змянілі прысуд

2023 2023-11-22T17:28:27+0300 2023-11-22T17:37:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pycko_lazarau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вярхоўны суд 22 лістапада разгледзеў апеляцыйныя скаргі на вырак Віцебскага абласнога суда палітзняволеных сужэнцаў Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава, якіх асудзілі да трох і пяці з паловай гадоў зняволення адпаведна. У выніку суддзя Юрый Руткоўскі пастанавіў прызначыць палітзняволенай тыя ж тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Сёння Таццяну мусяць вызваліць з віцебскага СІЗА, дзе яна правяла амаль паўгода. Вячаславу зменшылі тэрмін на паўгады, паведамляе "Беларуская асацыяцыя журналістаў". 

Нагадаем, віцебскага відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава і яго жонку Таццяну Пыцько асудзілі па абвінавачанні ў супрацы з тэлеканалам "Белсат", прызнаным беларускімі ўладамі "экстрэмісцкім фармаваннем". Вячаслава асудзілі за відэаматэрыялы, паказаныя на тэлеканале, а Таццяну за тое, што дапамагала мужу падчас здымак. У верасні Вячаслава асудзілі да пяці з паловай гады зняволення, а Таццяну — да трох гадоў. Працэс у абласным судзе таксама быў закрыты. 

Паводле азначэння калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда, Вячаслаў Лазараў мае адбыць пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Раней суд першай інстанцыі асудзіў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле ч. 2 і ч.1 арт. 361-4  КК — "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Вярхоўны суд перакваліфікаваў яго дзеянні на ч. 1 арт. 361-4 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

Нагадаем, Вячаслава Лазарава затрымалі 9 лютага 2023 года ў Віцебску пасля ператрусу па месцы рэгістрацыі. У яго забралі мабільныя тэлефоны і відэакамеру. Таксама сілавікі правялі ператрусы ў кватэры, якую здымаў Лазараў, і па месцы рэгістрацыі ягонай жонкі Таццяны Пыцько, адкуль забралі ноўтбук і два тэлефоны. Жонку відэааператара-фрылансера затрымалі 6 чэрвеня 2023 года — пасля чарговага ператрусу ў яе жыллі. На момант затрымання Таццяна Пыцько была ў дэкрэтным адпачынку — гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Сацыяльная служба забрала дзяўчынку, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх старэйшых дзяцей Таццяны ад першага шлюбу даглядае іх родны бацька.

Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА. Ім абодвум давялося пабываць за кратамі і раней – пасля затрыманняў падчас пратэстаў у 2020-м годзе. Таццяна была асуджана да штрафу ў межах адміністрацыйных справаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, Вячаслаў быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, але яго адпусцілі без складання пратакола. Увосень таго ж года ў Лазарава прывялі ператрус і затрымлівалі яшчэ тройчы, але да суду справа не даходзіла таксама. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства