Яшчэ аднаго мінчука асудзілі за ўдзел у масавых акцыях пратэcту ў 2020 годзе
У судзе Партызанскага раёна Мінска 17 кастрычніка вынесены прысуд 30-гадоваму Ігару Нядбайлу, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэcту ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч.
Па матэрыялах абвінавачання, Нядбайла, у верасні 2020 года, “знаходзіўся і рухаўся па праезнай частцы дарогі ў раёне праспектаў Незалежнасці і Пераможцаў, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, у выніку чаго адбылося парушэнне працы грамадскага транспарту, якому нанесены ўрон у памеры 5 980 рублёў 11 капеек".
Апытаная ў судовым пасяджэнні сведка М. пацвердзіла, што сумесна з Ігарам прымала ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці і фатаграфавала іх на свой тэлефон.
Суд прызначыў Нядбайлу пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў.
У дачыненні да яго мера стрымання ў выглядзе залогу ў суме 3 700 рублёў да ўступлення прысуду ў законную сілу пакінутая без зменаў.