Мужчыну асудзілі на 2,5 гады "хатняй хіміі" за стаянне ў счэпцы на мінскай акцыі пратэсту
У судзе Заводскага раёну Мінск дзясятага кастрычніка асудзілі Кірыла Ахрэмчыка паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Алена Капцэвіч прызначыла Кірылу два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Кірыла абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе, выхадзе на праезную частку і перакрыцці руху грамадскага транспарту. Таксама мужчыну паставілі ў віну знаходжанне ў счэпцы ў першых шэрагах пратэстоўцаў на вуліцы Максіма Багдановіча ў Мінску. Фотаздымкі з гэтым эпізодам сілавкі знайшлі ў адным з тэлеграм-каналаў. Кірыл цалкам прызнаў віну.
Пасля абвяшчэння прысуду Кірыла вызвалілі з-пад варты ў зале суда.