viasna on patreon

Як і за што цяпер пераследуюць святароў у Беларусі?

2023 2023-10-17T13:50:30+0300 2023-10-17T16:17:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prison_relygy.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі змяняюць закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”. У гэтым праглядаецца спроба дзяржавы яшчэ больш кантраляваць рэлігію. Нажаль, рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў рэлігійнай сферы не спыняюцца, а прымаюць ўсё большыя большыя масштабы. Распавядаем, як выглядае сітуацыя з палітычным пераследам святароў.

Як і за што цяпер пераследуюць святароў у Беларусі?

Год таму мы ўзгадвалі пра пераслед святароў на той момант.

Згодна з данымі маніторынга «Хрысціянскай візіі», па стане на 11 кастрычніка 2023 году праз палітычны пераслед «падчас крызісу ў Беларусі» пацярпелі не менш за 60 святароў.

Хто са святароў цяпер — палітвязень?

Мінімум чатыры мужчыны, якія маюць ці мелі дачыненне да службы святарамі, цяпер знаходзяцца ў няволі праз палітычны пераслед.

rezanovicz_siarhej.jpg
Сяргей Рэзановіч

Праваслаўнага святара, настаяцеля храма святога Архангела Міхаіла ў аграгарадку Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна (Брэсцкая вобласць) Сяргея Рэзановіча асудзілі да 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (19 200 рублёў). Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб).

Сяргей Рэзановіч быў ігуменам у вёсцы ад 2004 году. Разам з ім таксама асудзілі ягоную жонку Любоў (15 гадоў калоніі) і сына Паўла (19 гадоў пазбаўлення волі).

Яўген Глушкоў
Яўген Глушкоў

Былы царкоўнаслужачы (панамар) прыходу храму Раства Найсвятой Багародзіцы ў вёсцы Прыбыткі Гомельскай раённай акругі Яўген Глушкоў асуджаны да дзевяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за фотаздымкі аэрадрома ў Зябраўцы. Яго прызналі вінаватым у здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). 

beladzed-uladz.jpg
Уладзіслаў Беладзед

Супраць семінарыста Уладзіслава Беладзеда распачалі крымінальную справу аб распальванні варожасці (арт. 130 Крымінальнага кодэксу). Мужчына — выпускнік Інстытута тэалогіі БДУ, пасля заканчэння якога паступіў у рыма-каталіцкую семінарыю і праходзіў практыку ў Мінскім Архікафедральным саборы. Яго затрымалі 31 траўня 2023 году. Некалькі разоў запар быў арыштаваны на 15 сутак. Пасля 30 сутак, праведзеных на Акрэсціна, Уладзіслаў выглядў як чалавек, які падвяргаўся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню.   

tarasenka_aliaksandr.jpg
Аляксандр Тарасенка

 Былога іераманаха гомельскага Свята-Нікольскага кляштару Аляксандра Тарасенку пакаралі двумя гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. На "пакаяльным" відэа Тарасенка казаў, што размясціў на сваёй старонцы Facebook абразлівы пост у бок Лукашэнкі. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу (Абраза Лукашэнкі).

Каго яшчэ асудзілі паводле крымінальных справаў?

Некаторыя са святароў знаходзіліся за кратамі, але іх асудзілі да пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі. 

stasilevich.jpg
Максім Стасілевіч

Так, служыцелю мінскай царквы Хрысціян веры евангельскай “Гефсіманія” Максіму Стасілевічу прызначылідва гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").

vital-czyczmarou.jpg
Віталь Чычмароў з сям'ёй

Пастара баптысцкай царквы «Святло Надзеі» Віталя Чычмарова прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да трох гадоў “хатняй хіміі”. Ён быў звольнены ў 2020 годзе праз прафсаюзную дзейнасць, кіраваў на прадпрыемстве пярвічнай арганізацыяй Свабоднага прафсаюза металістаў. 

Старэйшыню баптысцкай царквы «Новая Зямля» Андрэя Мамойку і яго жонку Веру таксама асудзілі да «хатняй хіміі». Палітзняволеных судзілі паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла кожнаму па два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняй хіміі”).

Старэйшыну баптысцкай царквы “Новая Зямля” Андрэя Мамойку і яго жонку Веру асудзілі да “хатняй хіміі”

Суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла Андрэю і Веры кожнаму па два гады і шэсць месяцаў “хатняй хіміі”.

Як святароў судзяць паводле адміністрацыйных справаў?

У параўнанні з мінулым годам, значна ўзмацніўся адміністрацыйны пераслед святароў.

Выкладніка Мінскай духоўнай акадэміі, праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава затрымалі ў жніўні 2022 году. У 2020 годзе ён праводзіў службу на "Плошчы Перамен" па Раману Бандарэнку, таксама Багамольнікаў абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка. Святар правёў на Акрэсціна сем адміністрацыйных арыштаў запар (больш за 100 сутак). Вядома, што за кратамі Уладзіслаў трымаў галадоўку і перахварэў на кавід. Яму прад’явілі абвінавачанні паводле “народнага” 342 артыкула Крымінальнага кодэксу, але ў снежні 2022 году адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

У верасні 2022 году пастара царквы Анатоля Бокуна аштрафавалі на 3200 рублёў (100 базавых велічынь).

У лістападзе 2022 году да 15-суткавы арышт быў прызначаны ксяндзу Віталю Чабатару, віцэ-дэкану Магілёўскага дэканата, вікарыю прыхода св. Антонія Падуанскага ў Магілёве. Мяркуючы па ўсім, нагодай для арышту святара сталі яго дзеянні ў сацыяльных сетках.

chabatar_1.jpg
Віталь Чабатар

Таксама ў лістападзе 2022 году 12-суткавы арышт прызначылі святару Ігару Кандрацьеву. У яго дома быў праведзены ператрус.

У траўні 2023 году былі затрыманыя два рыма-каталіцкіх святары з Міёрскага дэканату. Настаяцель прыхода Узнясення Найсвятой Дзевы Марыі ў Міёрах Андрёй Кулік правёў у статусе затрыманага трое сутак. Ксёндз Вячаслаў Адамовіч быў пакараны сямісуткавым арыштам за рэпосты ў сацсетках. У адной з сацсетак у ксяндза знайшлі падпіску на «экстрэмісцкія» суполку і старонку, а ў другой у стужцы профілю знайшлі выяву палотнішча бел-чырвона-белага сцяга з гербам «Пагоня».

adamovich_1.jpg
Вячаслаў Адамовіч

У чэрвені 2023 году грэка-каталіцкага святара Аляксандра Шаўцова пакаралі 45-суткавым арыштам. Яго судзілі за рэпосты матэрыялаў сайта "Хартыя-97" у сацыяльнай сетцы "УКантакце" (арт. 19.11 КаАП — распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці). 

shaucou_1.jpg
Аляксандр Шаўцоў

15 сутак прызначыў суд Чашніцкага раёну пастару Царквы Хрысціян Веры Евангельскай у Новалукомлі Аляксандру Зарэцкаму. Нагода — «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) праз «лайкі» і каментары да матэрыялаў з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных "экстрэмісцкімі".

Ксяндза з Навагрудка Юрыя Жагарына аштрафавалі за рэпост публікацыі 2016 года. 17 ліпеня 2023 году судом Навагрудскага раёна разгледжана справа аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным ч. 2 арт. 19.11 КаАП аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да святара, які ў 2021 годзе паставіў лайк і размясціў рэпост з «экстрэмісцкай» старонкі. На яго накладзена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічыняў з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння (тэлефона).

У жніўні 2023 году ксёндз са Шчучыншчыны Антоні Адамовіч атрымаў арышт. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Право имеют». Судзілі пробашча Касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Першамайску па арт. 19.11 ч. 2 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Яго выклікалі ў сельсавет, там яго дапыталі і забралі на праверку тэлефон. Пасля праверкі і была, падобна, заведзена адміністрацыйная справа.

damovich_1.jpg
Антоній Адамовіч

За парушэнне маршруту хрэснага ходу аштрафавалі царкоўнага служачага. Суддзя суда Бешанковіцкага раёна Кацярына Мацкевіч 15 верасня 2023 году за ухіленне ад ўзгодненага з уладамі маршруту хрэснага ходу аштрафавала на 740 рублёў памочніка благачыннага па будаўніцтве цэркваў Храма святога прарока Іллі мясцовага жыхара Мікалая Бондара. Улетку група з дзесяці чалавек прайшла шэсцем па сельскай дарозе ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Сама імпрэза была ўзгодненая распараджэннем Гарадзенскага аблвыканкама ад 28 чэрвеня, але магчыма, удзельнікі па уласнаму жаданню змянілі маршрут ходу, тым самым яны парушылі патрабаванне Закона «Аб масавых мерапрыемствах».

Гродзенскага святара Андрэя Наздрына аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмізму». Ён быў затрыманы ў кастрычніку 2023 году — сілавікі праверылі яго тэлефон і сацсеткі, і знайшлі ў інстаграме падпіску на гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча, сацсеткі якога былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі ў студзені. З гэтай нагоды супраць святара быў распачаты адміністрацыйны працэс: складзены пратакол і прызначылі судовае разбіральніцтва. Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла прызначыла святару штраф у памеры 15 базавых велічыняў. Таксама была канфіскаваная «прылада злачынства» — мабільны тэлефон. На сваёй старонцы ў сацсетках святар паведаміў, што быў затрыманы па даносе.

nazdryn.jpg
Андрэй Наздрын

Евангельскага пастара з Дзісны Дзмітрыя Шавякова ў верасні 2023 году аштрафавалі на 740 рублёў.

Як яшчэ пераследуюць рэлігію?

Новая хваля рэпрэсій ахінула рэлігійную супольнасць у кантэксце вайны ва Украіне. Святароў штрафуюць і саджаюць на суткі за антываенныя акцыі, звароты, рэпосты, каментары і лайкі. Напрыклад, у студзені 2023 году святара Дыянісія Карасталёва затрымалі праз малітву за абаронцаў Украіны.

Праз ціск святары вымушаныя з’язджаць з краіны, губляць працу. Напрыклад, праз грамадзянскую пазіцыю яшчэ ў жніўні 2020 года звольнілася значная частка супрацоўнікаў Свята-Елісавецінскага кляштара. Таксама пераследуюцца і сем’і святароў, вернікі і верніцы розных канфесій, даследчыкі і даследчыцы рэлігій. Пераслед зазнаюць цэлыя рэлігійныя ўстановы. Так, у верасні 2022 году зачынілі Чырвоны касцёл, у ліпені 2023 году ў мінскім архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшоў ператрус. Мінгарвыканкам падаў у суд пазоў аб ліквідацыі царквы “Новае жыццё”. Яшчэ ў жніўні 2023 году пастара царквы Вячаслава Ганчарэнку пакаралі 10-суткавым арыштам паводле арт. 24.3 і 19.1 КаАП, сацсеткі “Новага жыцця” прызнаныя “экстрэмісцкімі”.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебска сёмага верасня 2023 году ўнёс у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў старонкі ў інстаграме, фэйсбуку, твітары і «Укантакце» суполкі “Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ!”. Таксама “экстрэмісцкім” быў прызнаны тэлеграм-канал пра беларускі касцёл, беларускіх каталікоў і іх грамадскую актыўнасць — «За нашу i вашу свабоду/Rerum Novarum» (нядаўна змяніў назву).

Пераслед зазналі і абразы: у тэлеграм-канале былой палітзняволенай журналісткі Вольгі Класкоўскай з'явіліся сведчанні пра тое, што ў ПК-4 (Гомель) намеснік начальніка Станіслаў Кавалёў даў распараджэнне, каб прыбралі абразы з пакояў ПВР. Актыў з асуджаных выканаў загад у чэрвені, аднёс усе рэлігійныя выявы у турэмную царкву.

Асобна трэба сказаць пра палітычны пераслед песні. Спеў «Магутны Божа», які сярод многіх беларусаў стаў сапраўдным народным гімнам, шматразова забаранялі выкноваць на рэлігійных імпрэзах. Вядома, што ў кастрычніку 2023 году ГУБАЗіК затрымаў мінчанку Кацярыну Шапавалаву, якая ў 2020 годзе спявала каля філармоніі «Магутны Божа».

У тэксце выкарыстаны матэрыялы агляду і тэлеграм-канала суполкі «Хрысціянская візія».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства