viasna on patreon

Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні 9 новых палітвязняў

2023 2023-10-10T15:27:21+0300 2023-10-10T17:47:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_14_viasna23.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

10 кастрычніка 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, што часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўлянага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве, або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — у асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не павінна, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, павінна быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.

Нам вядома аб асуджэнні:

Кірыла Гняздзілава па абвінавачванні ў дапамаганні ў распальванні іншай сацыяльнай нянавісці і разгалашэнні персанальных дадзеных па ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 179 КК за перадачу дадзеных пратэснаму інфармацыйнаму рэсурсу да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Максіма Беляновіча па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па ч. 2 арт. 361-4 КК, удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні па ч. 3 арт. 361-1 КК, распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы па арт. 130 КК, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па ч. 1 арт. 361-4 КК, незаконных збіранні альбо распаўсюдзе інфармацыі аб прыватным жыцці па ч. 1 арт. 179 КК за пераачу дадзеных пратэсным інфармацыйным рэсурсам да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Аляксандра Галузы па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх і распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы па арт. 342 і 130 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Аляксандра Леановіча па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы па арт. 130 КК да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Ігара Хрыстафорава па абвінавачванні ў абразе прадстаўніка ўлады, А. Лукашэнкі і суддзі па арт. 369, 368, 391 КК, распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы па арт. 130 КК да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Аляксандра Сакалоўскага ў закрытым судовым пасяджэнні па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве па ч. 1 арт. 356 КК да дзесяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Валерыя Раманоўскага ў закрытым судовым пасяджэнні паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве паводле арт. 356 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Уладамі неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для прымянення меры стрымання, што абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых абставінах". "Утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць суда, павінна быць выключэннем, а не правілам... вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асоб, што чакаюць судовага разбіральніцтва па крымінальным абвінавачванні, гэта значыць пасля прад'яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту... Прымяненне дасудовага ўтрымання пад вартай у дачыненні да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Заключэнне пад варту павінна быць заснаванае на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, ўмяшання ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства... Адпаведныя фактары павінны быць прапісаны ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"... Дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна прымяняцца не на аснове магчымага прысуду, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".

Так, Ала Сакаленка ўтрымліваецца з сакавіка 2022 года пад вартай па абвінавачванні ў агентурнай дзейнасці, разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да яе пачаты ў закрытым судовым пасяджэнні.

Таксама ў сувязі з вынясеннем судом прысуду ў дачыненні да Антона Пруднікава па абвінавачванні ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС па арт. 364 КК і актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак па арт. 342 КК за супраціў затрыманням удзельнікаў мірнага сходу і ўдзел у мірным сходзе, якім ён асуджаны да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі, яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончых арганізацый ад 16 студзеня 2021 года, мы адзначаем наступнае:

Мірныя сходы грамадзян павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і прымяненне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў, павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар, што ўяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян.

Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, накіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту "у адказ" з боку пратэстоўцаў, гэтыя дзеянні неабходна разглядаць зыходзячы з цяжару прычыненай шкоды здароўю і намеру на прычыненне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку згодна з незаконным загадам (неабходная абарона, крайняя неабходнасць).

Паводле Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў, і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнага матэрыяльнага ўрону або шкоды каму-небудзь, не перашкаджае разглядаць гэтых асоб у якасці палітычных зняволеных.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўлена волі выбіральна ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Кірыла Гняздзілава, Максіма Беляновіча, Аляксандра Галузы, Аляксандра Леановіча, Ігара Хрыстафорава, Аляксандра Сакалоўскага, Валерыя Раманоўскага, Алы Сакаленкі, Антона Пруднікава з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і выбраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, што паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, выгляд і памер пакарання;
  • вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Human Constanta;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства