Жыхара Наваполацка, які абліў фарбай аўтамабіль з крымскімі нумарамі і літарай "Z", будуць судзіць
У судзе горада Наваполацка прызначаная дата суда над 53-гадовым працаўніком “Нафтана” Іллёй Двойрыным, які першага ліпеня абліў фарбай аўтамабіль з крымскімі нумарамі і літарай «Z». Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).
Суд адбудзецца ў Наваполацку 27 верасня. Працэс будзе весці суддзя Віталь Лапко.
Праваабаронцам вядома, што Ілля Двойрын затрымліваўся восенню 2020 года за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
4 ліпеня разам з Іллёй таксама былі затрыманыя яго сын Дзмітрый і нявестка Вікторыя, яго жонка і брат. Па месцы іх жыхарства, а таксама ў бацькі і маці жонкі правялі ператрусы, а сваякоў адвезлі ў РАУС. Пазней жонку і брата Іллі пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі, а яго самога змясцілі ў Віцебскі ІЧУ. На яго заведзеная крымінальная справа. На Дзмітрыя і Вікторыю Двойрыных склалі адміністрацыйныя пратаколы і асудзілі на 15 сутак кожнага.
На Іллю Двойрына таксама склалі адміністрацыйна пратакол, і 11 ліпеня суддзя горада Наваполацка Зінаіда Балаболава арыштавала яго на 15 сутак. Паводле пратакола, раніцай 16 траўня на аўтобусным прыпынку Ілля расклеіў улёткі з выявай прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і тэкстам на палітычную тэматыку. Паводле матэрыялаў справы, пра ўлёткі на слупе прыпынку ў міліцыю паведаміла "неабыякавая" жанчына. Па факце распаўсюду ўлётак з выявай Пуціна хацелі ўзбудзіць крымінальную справу паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), але ў гэтым было адмоўлена "за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства".
Пасля гэтага супраць Двойрына ўзбудзілі крымінальную справу за хуліганства.
Падтрымайце Іллю паштоўкай, альбо лістом: СІЗА-2, 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2. Ілля Юр'евіч Двойрын.
За абліты фарбай аўтамабіль з крымскімі нумарамі ў Наваполацку ўзбудзілі крымінальную справу