У Магілёве вучоную асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі
Магілёўскі абласны суд у закрытым рэжыме 23 жніўня вынес прысуд 47-гадовай кандыдатцы геаграфічных навук, былой загадчыцы кафедры БРУ Ганне Скрыган, абвінаваціўшы яе ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Ірына Цяплова.
Падрабязнасці працэсу і крымінальнай справы невядомыя, суд праходзіў у закрытым рэжыме, паведамляе MAYDAY.TEAM.
Ганна Скрыган — кандыдатка геаграфічных навук, былая кіраўніца Магілёўскага аддзялення міжнароднага аб'яднання "Экапраект". Удзельнічала ў навуковых канферэнцыях, звязаных з экалогіяй і ўрбаністыкай. У БРУ ў розны час была дацэнткай кафедры "Бяспека жыццядзейнасці", а таксама загадчыцай кафедры "Аўтамабільныя дарогі".
Суд прызнаў жанчыну вінаватай у "распальванні варожасці" і прызначыў пакаранне тэрмінам на два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падтрымайце зняволеную: Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Ганна Юр'еўна Скрыган