Вядомага мазырскага прадпрымальніка асудзілі за каментары да 5 гадоў калоніі
У Гомельскім абласным судзе 21 жніўня да пяці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі палітзняволенага прадпрымальніка з Мазыра Пятра Старацітарава. Пра гэта паведамляе "Гомельская вясна". Затрымалі мужчыну за антываенныя паведамленні. Ягоныя каментары ў інтэрнэце кваліфікавалі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку як "заклік да санкцый" і "дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь". Справу ў закрытым рэжыме разглядаў Яўген Шаршнёў.
Пётр Старацітараў — 65-гадовы прадпрымальнік з Гомельшчыны, яго затрымалі за антываенныя паведамленні, у якіз знайшлі абразу Лукашэнкі. У савецкія часы ён вучыўся ва ўкраінскім Крывым Рогу, працаваў у "Мазырпрамбудзе", а ў 1992 годзе разам з сябрамі заснаваў кампанію "Лотас", саўладальнікам якой з'яўляецца і цяпер. Старацітараў атрымліваў граматы-падзякі ад выканкама і праваслаўнай царквы, уваходзіў у спісы найлепшых бізнэсоўцаў Гомельшчыны.
Пятра Старацітарава затрымалі 6 лютага 2023 года і змясцілі пад варту ў СІЗА-3 Гомеля. 14 жніўня яго пачалі судзіць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 368 – абраза Лукашэнкі;
- ч. 1 арт. 367 – паклёп у дачыненні да Лукашэнкі;
- ч. 3 арт. 361 – заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
- арт. 369-1 – дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
- ч. 1 арт. 130 – распальванне іншай сацыяльнай варожасці.
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Пётр Міхайлавіч Старацітараў