viasna on patreon

За каментары ў інтэрнэце мужчыну адправілі ў псіхіятрычную лякарню "Гайцюнішкі"

2023 2023-08-21T08:12:54+0300 2023-08-21T10:02:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gaitynishki_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса судзілі як асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, 54-гадовага мінчука Ігара Папова. За каментары ў інтэрнэце на закрытым судовым працэсе мужчыне прызначылі бестэрміновае прымусовае лячэнне са строгім наглядам. Такое рашэнне суддзя Валянціна Зянкевіч вынесла яшчэ 12 траўня, але падрабязнасці справы праваабаронцам "Вясны" сталі вядомыя толькі цяпер. Ігара ўжо накіравалі ў псіхіятрычную бальніцу "Гайцюнішкі" Воранаўскага раёна.

Адміністрацыйны корпус псіхіятрычнай бальніцы. Фота: sb.by
Адміністрацыйны корпус псіхіятрычнай бальніцы. Фота: sb.by

Суд праходзіў паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, распавялі праваабаронцам "Вясны", што Ігара Папова затрымалі ў пачатку верасня 2022 года. Увесь гэты час мужчына ўтрымліваўся пад вартай у жодзінскай турме. Псіхіятрычнае экспертнае заключэнне рыхтавалі ў дзяржаўнай установе "Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя".

Па справе адбылося тры судовыя паседжанні ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасцяў няма. Працэс вяла сумнавядомая Валянціна Зянькевіч, якая судзіла ўдаву Андрэя Зэльцэра Марыю Успенскую (таксама як асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне), былога памочніка пракурора Яўгена Бабака, галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву і былую генеральную дырэктарку Людмілу Чэкіну, актывістку Анастасію Кухту і іншых палітвязняў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў пасля 2020 года па палітычных артыкулах 17 чалавек асудзілі як асоб, якія ўчынілі грамадска небяспечнае дзеянне. З іх двум прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары са строгім наглядам.

4 жніўня 2023 года Ігара Папова ўнеслі ў "спіс экстрэмістаў". Яго ўжо адправілі на прымусовае лячэнне ў "Гайцюнішкі".

Першы вядомы асуджаны да прымусовага лячэння са строгім наглядам

У жніўні 2022 года такое ж рашэнне суд Цэнтральнага раёна Гомеля прыняў па справе 31-гадовага грамадзяніна Украіны Ігара Альхова, якога абвінавацілі ў падрыхтоўцы да акта тэрарызму (арт.13 і ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэкса) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 386 Крымінальнага кодэкса). Паводле матэрыялаў справы, Ігар Альхоў, нібыта хацеў у мэтах перашкоды палітычнай дзейнасці, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку ўзарваць адміністрацыйны будынак у Гомелі па вуліцы Білецкага, дзеля чаго азнаёміўся на адным з ютуб-каналаў са спосабамі вырабу выбуховых рэчываў. Затым набыў неабходныя кампаненты для іх вырабу, у тым ліку для сумесевых складаў тыпу "акісляльнік плюс гаручае" і прыгатаваў такую сумесь. Пазней  спрабаваў набыць радыёпульт для ініцыявання зарадаў самаробных выбуховых прылад на адлегласці, аднак ягоная супрацьпраўная дзейнасць была спыненая праваахоўнымі органамі. Ён жа, публічна ў непрыстойнай форме абразіў, прынізіў гонар і годнасць дзеючага прэзідэнта ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў. Альхоў уласнаручна напісаў тэкст, агучыўшы і зафіксаваўшы яго з дапамогай неўстаноўленай відэазапісваючай прылады, пасля чаго адаслаў дадзены відэазапіс  не менш, чым двум карыстальнікам тэлеграма.

Верагодна, Альхова таксама накіравалі ў "Гайцюнішкі" па пастанове суда, бо гэта адзіная ўстанова ў Беларусі, якія выконваюць падобныя рашэнні суда.

Што вядома пра "Гайцюнішкі"?

Рэспубліканская Псіхіятрычная бальніца "Гайцюнішкі" выконвае пастановы судоў Рэспублікі Беларусь аб прымусовым лячэнні асоб, якія ўчынілі небяспечныя дзеянні і прадстаўляюць па сваім псіхічным стане і характары зробленага асаблівую небяспеку для грамадства, якія маюць патрэбу ў бальнічным утрыманні і лячэнні ва ўмовах строгага назірання. Паводле інфармацыі на афіцыйным сайце "Гайцюшнікі" ў бальніцы тры аддзяленні, дзе ўтрымліваецца 280 чалавек.

"Гэта быццам маленькая турма, акружаная высокім плотам з непрыступнай "ягозай" у неба. Усюды — відэакамеры, трывожныя кнопкі, падвойныя краты на вокнах. А ноччу паміж корпусам і агароджай разгульваюць вартавыя сабакі... Гэта вартавое аддзяленне, у ім ізаляваныя шызафрэнікі, псіхапаты і эпілептыкі, якія, калі б не было ў іх псіхзахворванняў, напэўна атрымалі б максімальныя тэрміны пазбаўлення волі. Па перыметры збудаванне ахоўваюць міліцыянты, у аддзяленне ім дазволена заходзіць толькі ў крайнім выпадку. Такая пазіцыя кіраўніка ўстановы: гэта ўсё ж не турма", — так апісвала гэтую ўстанову газета "Советская Белоруссия" ў 2014 годзе.

Падтрымаць Ігара лістамі можна па адрасе: в. Гайцюнішкі, Воранаўскі р-н, Гродзенская вобл., 231383, Ігар Паўлавіч Папоў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства