Спявачку Патрыцыю Свіціну асудзілі да 2,5 гадоў "хатняй хіміі"
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 2 жніўня паводле "народнага" артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) асудзілі спявачку Патрыцыю Свіціну. Суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла ёй два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Пад вартай спявачку ўтрымлівалі два з паловай месяцы, а пасля абвяшчэння прысуду вызвалілі ў зале суда.
Патрыцыю затрымалі ў сярэдзіне траўня 2023 года. У "пакаяльным" відэа дзяўчына распавяла, што ў 2020 годзе "ўдзельнічала ў пратэстах", "выходзіла на дарогі" і ў складзе калоны "перакрывала рух транспарту". Супраць Свіцінай узбудзілі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і змясцілі пад варту. Амаль два з паловай месяцы яе ўтрымлівалі ў жодзінскай турме.
Патрыцыя — спявачка, якая з'яўлялася лаўрэаткай стыпендыі Лукашэнкі па падтрымцы таленавітай моладзі, але адмовілася ад яе.