За "зліў" дадзеных супрацоўнікаў міліцыі берасцейца асудзілі на 7 гадоў калоніі
У Брэсцкім абласным судзе 31 ліпеня да сямі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі Сяргея Еўдакіменка. За перадачу дадзеных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у тэлеграм-каналы мужчыну абвінавацілі ў "саўдзельніцтве ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК). Апроч гэтага, у яго вынялі тэлефон як "сродак здзяйснення злачынства". Прысуд вынес Андрэй Сіз.
Згодна версіі абвінавачання, Еўдакіменка, "дзейнічаючы па матывах ідэалагічнай варожасці і варажнечы, маючы намер на ўзбуджэнне ў насельніцтва іншай сацыяльнай варожасці і варажечы, выкарыстоўваючы ў сувязі з ажыццяўленнем службовай і прафесійнай дзейнасці доступ да камп'ютарных інфармацыйных сістэм і баз дадзеных грамадзянаў, аказаў садзейнічанне арганізаванай злачыннай групе асобаў, і ў перыяд з жніўня па снежань 2020 года падаў персанальныя і іншыя асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў органаў унутраных спраў для публічнага распаўсюджання ў сетцы інтэрнэт. У выніку здзейсненага садзейнічання ў тэлеграм-каналах была незаконна распаўсюджана інфармацыя пра персанальныя дадзеныя і асабістае жыццё пацярпелых, якая суправаджалася негатыўнай ацэнкай, што пацягнула паступленне ў бок асобных асобаў пагроз прымянення гвалту і абразаў, значна падвысіла ступень грамадскай небяспекі здзейсненага і з'явілася іншымі цяжкімі наступствамі". Суд прызнаў, што дзеянне здзейснена ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці.
У судовым пасяджэнні Сяргей віну не прызнаў.
"Берасцейская вясна" выявіла, што абставіны гэтай крымінальнай справы могуць падыходзіць пад тое, што ўжо распавядалася ў адным "пакаяльным" відэа. Там мужчына казаў, што ў 2020 годзе працаваў у Брэсцкім агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі, перадаваў дадзеныя супрацоўнікаў праваахоўных органаў у 2020 годзе ў тэлеграм-каналы "Каратели Беларуси", "Черная книга Беларуси" і тэлеграм-чат "Брест 97%". Тое "пакаяльнае" відэа было апублікавана блізкім да сілавікаў тэлеграм-каналам яшчэ ў сакавіку 2023 года. "Берасцейская вясна" мяркуе, што Еўдакіменка быў тады змешчаны пад варту.
Падтрымайце зняволенага: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37 Еўдакіменка Сяргец Віктаравіч