Палітзняволенага навукоўца Юрыя Адамава асудзілі да трох гадоў калоніі
Палітзняволенага навукоўца Юрыя Адамава асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Такі прысуд вынесены 24 ліпеня 2023 году ў Мінскім гарадскім судзе. Справу разглядзела суддзя Дзіна Кучук. Палітвязня прызналі вінаватым паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Бок абвінавачання падтрымаў пракурор Раман Бізюк.
Пра затрыманне Юрыя напачатку сакавіка паведамілі ягоныя калегі. Пазней стала вядома, што Адамава змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Паводле праўладных СМІ, ён затрыманы за 24 ахвяраванні «BySol» і «ByHelp» на агульную суму 1590 долараў.
Юрый — удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, а таксама сустваральнік навукова-папулярнага самвыдата «Pamylka». Ён вучыўся тэарэтычнай фізіцы ў БДУ, пасля атрымаў PhD ва ўніверсітэце Уорыку (Англія) у кірунку «фізіка кандэнсаваных станаў». Ён рабіў Postdoctoral-даследаванне ў Брукгэйвэнскай нацыянальнай лабараторыі (штат Нью-Ёрк, ЗША) аб удасканаленні лікавага мадэлявання для моцна карэляваных сістэмаў. І яшчэ адно Postdoctoral-даследаванне ў тэорыі фізікі кандэнсаваных станаў у Тэхаскім універсітэце A&M (ЗША).
Падтрымаць лістамі, паштоўкамі салідарнасці, грашовымі пераводамі: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Юрый Уладзіміравіч Адамаў