viasna on patreon

“Іх барацьба можа крануць любога. Іх годнасць і мужнасць – урок для кожнага з нас”. Чаму замежныя творцы малююць палітвязняў Беларусі

2023 2023-07-18T13:44:46+0300 2023-07-18T15:12:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/freeviasna_brax.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У свеце, дзе галасы прыгнечаных часта застаюцца непачутымі, замежныя мастакі Джанлука Канстанціні (Італія) і Раш Бракс (Францыя) паўсталі на абарону тых, каго прымусілі маўчаць. Праз свае шчырыя мастацкія творы і непахісную прыхільнасць правам чалавека яны даюць надзею палітычным вязням, у тым ліку тым, хто знаходзіцца за кратамі ў Беларусі. У інтэрв’ю “Вясне” Джанлука Канстанціні і Раш Бракс дзеляцца сакрэтамі свайго творчага працэсу і расказваюць пра тое, што рухае іх у падтрымцы ізаляваных. 

Джанлука Канстанціні маляваў і распавядаў пра парушэнні правоў чалавека апошнія 20 гадоў, але Беларусь трапіла ў поле зроку ў апошнія некалькі гадоў. 

“Мой першы малюнак датуецца 2020-м і быў пра гвалтоўныя рэпрэсіі ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі. Потым я пачаў маляваць некаторыя гісторыі затрыманых людзей. У той жа час я прачытаў цудоўную кнігу Сашы Філіпенкі пад назвай "Былы сын", якая растлумачыла мне шмат рэчаў пра Беларусь”.

"Некалькі гадоў таму мне пашанцавала пазнаёміцца з Алесем, а потым з Валянцінам", — узгадвае Раш Бракс.

Яму было прыкра пабачыць такія сляпыя і агідныя рэпрэсіі мірных актывістаў у Беларусі, асабліва калі мастак дазнаўся, што Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча зноў затрымалі і кінулі ў турму. 

"Я быў уражаны іх мужнасцю, сціпласцю і самаіроніяй. Я вельмі захапляюся людзьмі, якія застаюцца пацыфістамі і захоўваюць спакой перад тварам гвалту, самавольства і нянавісці. Для мяне Алесь і Валянцін — гэта ўзор годнасці".

"Я звярнуўся да тэмы “Вясны”, таму што адчуваў бяссілле, і я хацеў прынесці трошкі паэзіі і творчасці ў яе. Верагодна, гэта бессэнсоўна і смешна. Але дыктатары і бюракраты пазбаўленыя паэзіі і крэатыўнасці.

Гэта вельмі сціпла, можа, і бессэнсоўна. Але мне важна паказаць маленькі знак салідарнасці з Францыі".

"Калі вы бачыце Алеся, вы не маеце права апускаць рукі і губляць матывацыю”.

Раш удакладняе: 

"Калі яму прысуджаюць 10 гадоў турмы ў адной з найбольш жорсткіх дыктатур у свеце, а ён рэагуе з усмешкай. І гэтай усмешкай ён паказвае, што ён проста больш чалавечны і мацнейшы за іх, нават калі ён не мае зброі і знаходзіцца за кратамі".

Джанлука Канстанціні сцвярджае, што для таго, каб працаваць у галіне правоў чалавека, ты павінен пазітыўна глядзець у будучыню і ведаць, што ўсё можна выправіць. Шмат людзей у розных частках свету, за якімі ён сачыў, былі вызваленыя. 

"Бачыць свае малюнкі на плошчах па ўсім свеце дае мне вялікую матывацыю працягваць працу. Напрыклад, калі я падараваў арыгінальны малюнак бацьку Мікалая Дзядка і атрымаў яго фота з малюнкам у руках, гэта прынесла мне велізарнае задавальненне".

"Мая мэта — абараняць палітычных вязняў малюнкамі і дапамагаць актывістам і іх сем’ям у просьбах аб вызваленні".

"Партрэты, якія я раблю, — гэта партрэты палітычных вязняў, і калі я пачынаю маляваць для асобнай краіны, людзі прыходзяць мне на дапамогу. Яны даюць мне парады і накіроўваюць да канкрэтных герояў. Я ў кантакце з некаторымі італьянскімі суполкамі і з Беларускай Радай культуры".

“Амаль заўсёды канкрэтных асобаў мяне просяць намаляваць іншыя людзі, гэта бадай штодзённыя просьбы”.

Джанлука кажа, што ён намагаецца задаволіць кожную просьбу, але ў першую чаргу глядзіць на чалавека, якога ён малюе. 

"Людзі, якія пазбаўлены свабоды выказвання альбо перамяшчэння, мае галоўныя тэмы. 

Што тычыцца Беларусі, там ёсць бясконцы шэраг людзей, якіх можна маляваць і абараняць, але я засяроджваўся на тых, хто мне падаваўся больш важным, як Кацярына Барысевіч і Ігар Лосік".

Канстанціні ўпэўнены, што мастацтва даносіць самыя нязручныя тэмы да іншых больш чулым спосабам. 

"Малюнкі, а таксама коміксы гэта вельмі магутны сродак уздзеяння ў камунікацыі, асабліва праз сацыяльныя сеткі. Шмат кампаній, якія выкарыстоўвалі мае праекты, прайшлі паспяхова, і я ганаруся імі. Людзі спынялі позірк. Але, магчыма, так было заўсёды, мастацтва заўсёды было палітычным ад таго, якое выкарыстоўвае прапаганда, да таго, што выкарыстоўваецца падчас рэвалюцый".

"Мастацтва заўсёды ўплывае на грамадства. Існуе наіўны светапогляд, які хоча, каб мы паверылі, што мастакі жывуць у сваім уласным свеце. Наша задача, я б сказаў, абавязак, гэта менавіта паспрабаваць змяніць правілы, на падставе іншага погляду".

Джанлука Канстанціні зацікаўлены ў мастацтве, якое ўзаемадзейнічае з супольнасцю, мастацтве, якое дзеліцца і не навязвае. На яго думку, мастацтва — гэта спосаб пераадолець дыскамфорт, канфлікт, дапамагаючы іншым, спосаб працы з палітычнай і грамадскай прасторай. 

"Мастацтва дапамагае мне шукаць іншы шлях".

Для Раша Бракса, з іншага боку, ягоны ўплыў падаецца вельмі выпадковым. 

"Я раблю малюнкі для грамадскіх арганізацый, актывістаў правоў чалавека альбо журналістаў пад пагрозай, з маімі творамі можна рабіць усё што заўгодна! Часам яны публікуюцца, часам яны застаюцца ў сацыяльных сетках. Аднойчы я зрабіў кнігу коміксаў пра вайну ў Чачні. Калі яна была апублікаваная, я падараваў яе двум маім калегам з Чачні. Яны смяяліся і плакалі адначасова, калі чыталі яе. Гэта сапраўды кранула мяне".

"Некалькі гадоў таму я зрабіў шэраг малюнкаў для праваабаронцаў, які знаходзіўся ў турме ў Бахрэйне. Аднойчы ён патэлефанаваў мне са сваёй камеры. Ён не меў магчымасці ўбачыць мае малюнкі, іх яму апісваў сын кожны раз, калі яны публікаваліся. Мы смяяліся і абяцалі адзін аднаму сустрэцца зноў. Такое абяцанне, якое вы даяце ў пэўны момант, а потым забываецеся на яго. Ён не забыўся. Гэтай зімой ён мне патэлефанаваў. Ён быў праездам у Парыжы. Мы выпілі кавы, пасмяяліся, і я падараваў яму мае малюнкі".

Аднойчы праваабаронца “Мемарыяла” Аюб Ціціеў знаходзіўся ў клетцы на судзе ў Грозным. Суд быў сфабрыкаваны. Існуе фота сябры FIDH, які ўручае яму малюнак Раша, зроблены для яго, і праваабаронца смяецца ў сваёй клетцы. Малюнак быў апублікаваны ў “Новай газеце”.

"Мае малюнкі не маюць іншых мэтаў. Часам яны бескарысныя. Часам яны прыносяць крыху цеплыні і гумару. Часам яны прыцягваюць трошкі дадатковай увагі".

"Калі я рабіў малюнак Марфы [Рабковай], я глядзеў на фота і тое, як яна апранутая: я бачыў чалавека, які любіць жыццё, апранаецца ў сукенкі ў кветачку і ўсміхаецца. Гэта я і хацеў паказаць у сваіх малюнках. Сутыкнуўшыся з гэтымі грубіянамі і бессардэчнымі бюракратамі, жыццё і любоў аказваюцца мацнейшымі за іх нянавісць". 

"Менавіта так я бачу “Вясну” і шмат іншых актывістаў з Беларусі. Іх барацьба можа крануць любога, нават калі мы ніколі не наведвалі Мінск, таму што іх чалавечнасць універсальная, і іх годнасць і мужнасць гэта таксама ўрок для кожнага з нас”. 

Больш малюнкаў Джанлукі Канстанціні 

Больш малюнкаў Раша Бракса

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства