Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні васьмі палітычных зняволеных
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
17 ліпеня 2023 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А.Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў:
Сяргей Кемеж асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі і штрафу;
Кацярына Леў асуджаная па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі і штрафу;
Дзяніс Салагуб асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады і А.Лукашэнкі па арт. 369, 368 КК, і ўдзел у мірных пратэстах па ч.1 арт. 342 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі і штрафу;
Алег Кардаш асуджаны за абразу А.Лукашэнкі надпісам у грамадскім месцы па арт. 368 і 341 КК да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Дзмітрый Утоўка асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады, суддзі і А.Лукашэнкі па арт. 369, 391 і 368 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Святлана Баканава змешчана пад варту па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі;
Вадзім Каўшоў асуджаны за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Наталля Чавусава асуджана за абразу А.Лукашэнкі і паклёп на А.Лукашэнку па арт. 367, 368 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Сяргея Кемежа, Кацярыну Леў, Дзяніса Салагуба, Алега Кардаша, Дзмітрыя Утоўку, Святлану Баканаву, Вадзіма Каўшова, Наталлю Чавусаву і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 361, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі ПЭН;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Human Constanta.