viasna on patreon

"Рэжымныя аб'екты — залатое дно". Былы палітвязень і юрыст "Вясны" — пра прамзону ў калоніі № 17

2023 2023-07-11T13:07:00+0300 2023-07-12T09:44:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ryp17.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нядаўна на дзяржаўным тэлеканале "Беларусь 1" паказалі відэасюжэт пра шклоўскую папраўчую калонію № 17. Пры аналізе відэа па просьбе "Вясны" былы палітвязень калоніі № 17 звярнуў увагу на тое, што прапагандысты абышлі тэму прамысловай зоны — вытворчай часткі на прадпрыемстве "Сямнаццаць", на якім зняволеныя праводзяць асноўную частку свайго часу. "Вясна" паспрабавала разабрацца ў прычынах такога ігнаравання з юрыстам Паўлам Сапелкам і былым палітвязнем Віталём Жуком.

ryp17.jpg
РУП "Сямнаццаць"

"Сямнаццаць" — гэта не проста прадпрыемства, размешчанае побач з калоніяй, гэта яе складнік, дзе працуюць супрацоўнікі МУС, эксплуатуючы каля 1000 зняволеных"

Рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства "Сямнаццаць" уваходзіць у склад прадпрыемстваў крымінальна выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і размяшчаецца каля шклоўскай калоніі № 17. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці прадпрыемства з'яўляюцца: вытворчасць спецадзення і абутку, паганажных вырабаў, драўляных вокнаў і дзвярэй, цвікоў будаўнічых, пліткі і каменя бардзюрнага, вокнаў і дзвярэй ПВХ. На сённяшні момант яго дырэктарам З'яўляецца Мікалай Збароўскі.

"У асноўным прадпрыемства арыентавана на вытворчасць прадукцыі для патрэб папраўчых устаноў і сілавых структур. Удзельнічаючы ў тэндэрах, прадпрыемства асвойвае новыя віды прадукцыі, якія адказваюць сучасным патрабаванням па якасці, пашыраючы кола дзелавых партнёраў", — гаворыцца на сайце прадпрыемства.

На адным з сайтаў прыводзіцца такое апісанне прадпрыемства калоніі:

"Дзяржаўнае прадпрыемства "Сямнаццаць" — гэта сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне; кваліфікаваны персанал; поўны цыкл вытворчасці ад сыравіны да гатовай прадукцыі; стабільная якасць і канкурэнтны кошт; міжнародныя стандарты якасці ISO 9001. Супрацоўнічаючы з намі, Вы набываеце стабільных, надзейных і доўгачасовых партнёраў!"

Юрыст і праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка звяртае ўвагу, што гэта не проста радавое прадпрыемства, а арганізацыя, дзе эксплуатуецца праца зняволеных:

"Сямнаццаць" — гэта не проста шматпрофільнае прадпрыемства, размешчанае побач з калоніяй, гэта яе паўнавартасны, хоць фармальна аўтаномны складнік, дзе акрамя паўсотні чалавек грамадзянскага персаналу (гэта не зняволеныя) працуюць паўтара дзясятка атэставаных супрацоўнікаў МУС, эксплуатуючы каля 1000 зняволеных, прыблізна дзясятую частку якіх складаюць цяпер палітвязні".

"Не паказалі асноўную частку жыцця калоніі — прамзону"

Былы палітвязень калоніі № 17, які цалкам адбыў там тэрмін, звярнуў увагу праваабаронцаў на тое, што прапагандысты абышлі тэму прамысловай зоны:

"Яны не паказалі асноўную частку жыцця калоніі — прамзону. Там у цэхах стаіць замежнае абсталяванне. Па-мойму, ім сорамна гэта паказваць, бо на беларускіх прадпрыемствах карыстаюцца старым. Напрыклад, у абутковым цэху стаялі італьянскія машыны, прычым не старыя".

Але пры гэтым, з ягоных слоў, заробак зняволеных на прадпрыемстве вар'іруецца ад некалькіх капеек да сямі-васьмі рублёў. Не больш.

"Гэта бессэнсоўны акт прапаганды". Былы палітвязень ПК-17 пра сюжэт БТ пра яго калонію

"Вясна" папрасіла былога палітвязня ПК-17 Міхася (імя зменена ў мэтах бяспекі) паглядзець відэасюжэт БТ і распавесці пра сапраўдныя ўмовы ўтрымання ў шклоўскай калоніі.

"У ЛТП і калоніях — гэта бясплатная рабсіла"

Віталь Жук, які за амаль два гады прайшоў праз Бабруйскую калонію і ЛТП № 5, таксама звярнуў увагу на гэта:

"Прыязджае ў калонію здымачная група і здымае дарагія спартыўныя велатрэнажоры, фантан, паўліна, але пры такой унікальнай магчымасці не паказвае прамысловую зону, дзе зняволеныя працуюць на дарагім абсталяванні, але не робіць гэтага. А ўсе ж ведаюць, як прапагандыстам важная і патрэбная прыгожая карцінка. І вось ён шанец. Але яны гэтага не робяць не таму, што гэтага няма на прадпрыемствах у Беларусі, ды і хто пра гэта скажа? Дырэктар? Не. Рабочы? Ну хай паспрабуе напіша каментар — сядзе. Тут сутнасць у іншым, на мой погляд", — разважае Віталь.

Як распавядае былы палітвязень, на некаторыя рэжымныя аб'екты — папраўчыя калоніі і ЛТП — закупляецца дарагое абсталяванне, на якім вырабляюць тавары для далейшай рэалізацыі на ўнутраным і знешнім рынках. Такую інфармацыю ён даведаўся з уласнага досведу і з апавяданняў іншых зняволеных. Кошт такога абсталявання можа дасягаць і некалькіх сотняў тысяч даляраў.

"Калі б прапагандысты паказалі прамзону, а значыць і абсталяванне, то можна было б экспертам убачыць, што менавіта на гэтых станках вырабляюць і якой якасці, стала б зразумела, што гэта за абсталяванне і ў якой краіне яно выраблена, а пры невялікім жаданні можна было б вылічыць і закупшчыка гэтага абсталявання. Гэта тонкі момант, па якім можна было б раскруціць цэлы ланцужок".

Віталь адзначае, што ў ЛТП № 5, дзе яго ўтрымлівалі паўгода, таксама было ўстаноўлена толькі дарагое абсталяванне, на якім працавалі Асуджаныя, якія праходзяць "прымусовую працатэрапію".

"Неяк там у курылцы я стаў сведкам, як падпалкоўніка адчытвалі двое ў цывільным, маўляў навошта яны закуплялі такое абсталяванне, калі прадукцыя гніе пад дажджом".

Тады былы палітвязень выказаў здагадку, што абсталяванне закупляецца нейкімі інвестарамі, а потым даведаўся, што прадукцыя, якая вырабляецца ў ЛТП, вывозіцца на экспарт у іншыя дзяржавы.

"Я думаю, што такая схема распаўсюджваецца ў Беларусі на многія рэжымныя аб'екты па прыкладзе таго ж ЛТП. Раней — так, стаяла савецкае абсталяванне, але калі знайшліся рынкі збыту і інвестары, якія гатовыя ў гэта ўкладвацца, то яго памянялі на замежнае. Рэжымныя аб'екты — залатое дно. Бо самая глабальная праблема ўжо вырашана — гэта людзі плюс іх заробак. У выніку ў ЛТП і калоніях – гэта бясплатная рабсіла. Бо не сакрэт ужо для ўсіх, што там нікому не плацяць".

Дзмітрый Лукша паказвае першы корпус ПК-17. Скрыншот з сюжэта БТ
Дзмітрый Лукша паказвае першы корпус ПК-17. Скрыншот з сюжэта БТ

Акрамя гэтага, Віталь звяртае ўвагу, што на прамысловыя зоны, дзе ўстаноўлена дарагое абсталяванне, з палітвязняў дапускаюць толькі адзінкі. Як правіла, людзі, асуджаныя па палітычных матывах, прыцягваюцца да работ са шкоднымі ўмовамі працы.

"У бабруйскай калоніі на прамзоне была дрэваапрацоўка. Мне зняволеныя, якія даўно там сядзяць, распавядалі, што раней з гэтай калоніі прадукцыю экспартавалі ў Нямеччыну. Цяпер праз санкцыі гэтага няма".

Віталь лічыць, што палітвязняў на прамзоны не пускаюць, каб яны не ўнікалі ў працэсы вытворчасці і далейшай яе рэалізацыі.

"У нас у бабруйскай калоніі хадзілі на прамзону некалькі палітвязняў, але гэта былі звычайныя хлопцы-рабацягі, якія не стануць задаваць лішніх пытанняў, накшталт куды гэтая прадукцыя пойдзе потым. Мне здаецца, што такая сітуацыя абстаіць і ў іншых калоніях".

"Тыя, хто лічацца мішэнню для ціску і здзекаў, – то асуджаныя па "наркатычных" артыкулах, то палітвязні — чысцяць ад ізаляцыі провады"

Юрыст і праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка звяртае ўвагу, што доўгі час у гады незалежнасці Беларусі зняволеныя не ўспрымаліся як паўнавартасны працоўны рэсурс.

"Для органаў выканання пакарання вытворчая дзейнасць была, хутчэй за ўсё, непрыемнай клопатам: ну няма ў нас тайгі, куды можна адправіць усіх без разбору валіць лес, а арганізаваць паўнавартасную канкурэнтаздольную вытворчасць – справа нялёгкая. З часам сітуацыя змянілася, і гадоў дзесяць таму сродкі дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў сталі актыўна ўкладваць у закупку новых вытворчых ліній для пашырэння асартыменту прадукцыі, якая вырабляецца сістэмай ДВП. Крыніцамі папаўнення фонду стаў прыбытак, які застаецца ў распараджэнні рэспубліканскіх унітарных вытворчых прадпрыемстваў, падпарадкаваных ДВП, пасля выплаты падаткаў, збораў, пошлін і іншых абавязковых плацяжоў у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты і перавышэнне даходаў над выдаткамі папраўчых устаноў і лячэбна-працоўных прафілакторыяў, падпарадкаваных ДВП, ад ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці пасля выплаты падаткаў, збораў, пошлін і іншых абавязковых плацяжоў у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты".

Уяўленне аб памерах фонду можна атрымаць з адпаведных законаў, якія прымаюцца штогод. Так, напрыклад, на тры гады быў усталяваны памер бюджэту:

  • у 2014 г. — 15 млрд беларускіх рублёў (каля 1 150 000 еўра);
  • у 2015 г. — 15 млрд беларускіх рублёў (каля 1 050 000 еўра);
  • у 2016 г. — 10 млрд беларускіх рублёў (каля 500 000 еўра).

"Выдаткі, напрыклад, у 2014 годзе былі немудрагелістыя: амаль палова (7 млрд бел.руб) пайшлі на папаўненне рэспубліканскімі ўнітарнымі вытворчымі прадпрыемствамі, папраўчымі ўстановамі і лячэбна-працоўнымі прафілакторыямі абаротных сродкаў. 250 млн на арганізацыю і правядзенне семінараў, нарад, кірмашоў, выстаў, набыццё нарматыўнай і метадычнай літаратуры, падпіску перыядычных выданняў, пакрыццё выдаткаў на выраб рэкламных буклетаў і каталогаў, а таксама на размяшчэнне рэкламнай інфармацыі аб прадукцыі, якая выпускаецца рэспубліканскімі ўнітарнымі вытворчымі прадпрыемствамі, папраўчымі ўстановамі і лячэбна-працоўнымі прафілакторыямі. Астатнія 7,75 млрд — на ажыццяўленне рэспубліканскімі ўнітарнымі вытворчымі прадпрыемствамі, папраўчымі ўстановамі і лячэбна-працоўнымі прафілакторыямі закупак тэхналагічнага абсталявання і транспартных сродкаў", – распавядае праваабаронца.

У прыватнасці, менавіта ў 2013-14 гадах у РУП "Сямнаццаць" пачалося стварэнне новай абутковай вытворчасці, для чаго закупілі абсталяванне для вытворчасці абутку з металічным падноскам ліццёвага метаду мацавання падэшвы.

Пра гэта распавядаў "Вясне" і былы палітвязень гэтай калоніі, а таксама ўспомніў пра буйны заказ перад пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне:

“У тым цэху ў асноўным яны вырабляюць абутак для саміх зняволеных, але ў пачатку 2022 года — за два месяцы да пачатку вайны ва Украіне — раптам паступіў гіганцкі заказ на ваенныя берцы. Больш за тысячу-дзве пары ваенных берцаў трэба было рабіць у месяц".

"Гэта шкодная, цяжкая праца, якая практычна не аплачваецца"

"Гэты абутак цяпер актыўна прапануецца да рэалізацыі. А больш-менш сучасныя вытворчасці сталі свайго роду "льготнымі" працоўнымі месцамі для зняволеных, тады як тыя, хто ў пэўны адрэзак часу лічацца мішэнню для ціску і здзекаў, – то асуджаныя па "наркатычных" артыкулах, то палітвязні – чысцяць ад ізаляцыі провады. Гэта шкодная, цяжкая праца, якая практычна не аплачваецца", — падсумоўвае Павел Сапелка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства