viasna on patreon

Паўтара месяца ў Берасці судзяць баранавіцкага лекара Валерыя Хаменку

2023 2023-07-07T14:22:01+0300 2023-07-07T14:59:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hamenka-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валерый Хаменка.

Валерый Хаменка.

У Брэсцкім абласным судзе паўтара месяцы доўжыцца суд гад 40-гадовым лекарам з Баранавіч Валерыем Хаменкам. Лекара брыгады інтэнсіўнай тэрапіі станцыі хуткай дапамогі абвінавачваюць у рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 130-1 Крымінальнага кодэкса).

Справу з 17 траўня разглядае суддзя Вера Філонік, дзяржабвінаваўца – Вольга Грыцкевіч.

Згодна з матэрыяламі справы, затрыманы напачатку красавіка 2023 года Хаменка ў жніўні 2020 года нібыта размясціў і захоўваў на адной з агульнадаступных старонак у сацыяльнай сетцы матэрыялы з выявамі плакатаў, на якіх мелася сімволіка, звязаная з ідэямі расавай перавагі, паказана асабістае стаўленне да салдат фашысцкай Германіі, прыхільнасць да нацысцкіх і расісцкіх поглядаў.

Спачатку мужчыну абвінавацілі ў тым, што ў сацсетцы "Вконтакте" ён зрабіў рэпост публікацыі, дзе побач параўноўваліся ўлёткі часоў нацысцкай Германіі і ўлёткі з сучаснай Расеі. Да дадзеных улётак Валерый напісаў: "Рашызм".

Гэта напачатку палічылі "рэабілітацыяй нацызму", г.зн." злачынствам " паводле ч. 1 арт. 130-1 Крымінальнага кодэкса, піша "Берасцейская Вясна".

Пракуратура Брэсцкай вобласці яшчэ да суда пісала пра гэтую справу (абставіны падыходзяць пад справу Хаменкі): "абвінавачаны ў мэтах апраўдання, распаўсюджвання і папулярызацыі ідэалогіі нацызму, а таксама гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых размясціў і захоўваў на адной з агульнадаступных старонак у сацыяльнай сетцы матэрыялы з выявамі плакатаў. На іх мелася сімволіка, звязаная з ідэямі расавай перавагі адной нацыі над іншай, паказаны асабістае станоўчае стаўленне да салдат фашысцкай Германіі, прыхільнасць да нацысцкіх і расісцкіх поглядаў".

Але на судзе 5 ліпеня пракурорка ўдакладніла абвінавачванне. Цяпер яно гучала так: Валерый Хаменка распальваў варожасць у адносінах да рускіх і жыхароў Расіі шляхам публікацыі некалькіх репостаў і каментароў у "Вконтакте". А менавіта публікацыямі:

  • 5 сакавіка 2022 года рэпост з групы "Атэіст" -  відэа з назвай "Што думае народ пра вайну", подпіс Валерыя "дэграданты";
  • 3 траўня 2022 года рэпост з групы "Узрушаючая русафобія" з вершамі і малюначкам, на малюнку намаляваная планета Зямля, якая кажа "Help me remove the Russia";
  • 24 жніўня 2022 года рэпост са старонкі "Еўропа ў стагоддзях" з доўгім уласным каментаром Валерыя, дзе ёсць слова "русня";
  • 26 жніўня 2022 года рэпост са старонкі "Anti Fake" і подпіс Валерыя "рашызм" (так, за гэта спярша прад'яўлялі рэабілітацыю нацызму);
  • 27 жніўня 2022 года каментар да відэа: "Раісія — нацыя дэградантаў" (дадзены каментар Берасцейская "Вясна" не змагла знайсці).

На наступны дзень пасля зняцця абвінавачвання па крымінальным артыкуле" рэабілітацыя нацызму", Баранавіцкі суд разгледзеў адміністрацыйную справу супраць Валерыя Хаменкі. Валерыю прад'явілі... ч. 1 арт. 19.10 КаАП "прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі".

Вынікі гэтага адміністрацыйнага суда пакуль невядомыя, як і падрабязнасці справы, але можна меркаваць, што за тую публікацыю, дзе была свастыка (і дзе параўноўваліся нацысцкія ўлёткі з сучаснымі расейскімі) наважылі судзіць хоць за нейкі "нацызм".

Разгляд справы Валерыя Хаменкі працягнецца ў судзе 12 ліпеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства