viasna on patreon

Недыскрымінацыя, легалізацыя, захаванне беларускай культуры: ПАСЕ прыняла рэзалюцыю пра беларусаў у выгнанні

2023 2023-06-21T12:57:49+0300 2023-06-22T12:58:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/plenary_chamber_of_the_council_of_europe_s_palace_of_europe_2014_01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Парламенцкая асамблея Савет Еўропы 20 чэрвеня 2023 года прыняла рэзалюцыю аб "рашэнні канкрэтных праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні". Яна складаецца з 42 пунктаў, якія тычацца пытанняў падтрымкі беларусаў і іх родных, аказання дапамогі беларускім недзяржаўным арганізацыям у выгнанні, выдачы пашпартоў і віз, магчымасці разблакаваць беларускім журналістам банкаўскія рахункі ва Украіне, а таксама захавання і развіцця беларускай культуры і мовы ў дыяспарах.

ПАСЕ ў першым жа пункце выказвае глыбокую занепакоенасць лёсам сотняў тысяч беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, паколькі ў іх не было іншага выбару, акрамя як бегчы ад рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі.

"Калі нейкія сумневы ў характары апошняга і заставаліся, то сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары 9 жніўня 2020 года паказалі яго сапраўдны характар, ператварыўшы Беларусь у турму пад адкрытым небам, дзе правы чалавека зведзены на нішто", — гаворыцца ў гэтым пункце.

Асамблея адзначае, што ўражана стойкасцю, мужнасцю і рашучасцю беларусаў у выгнанні, якія змагаюцца за ўрачыстасць дэмакратыі ў сваёй краіне.

Еўрапейскія парламентарыі перакананыя, што дэмакратычная Беларусь будзе садзейнічаць забеспячэнню бяспекі ў рэгіёне. Яны думаюць, што беларусы ў выгнанні павінны быць часткай працэсу развязання крызісу. Прызнаючы, што беларускі народ не можа быць прыроўнены да Лукашэнкі, Асамблея лічыць, што беларусы ў выгнанні не павінны падвяргацца дыскрымінацыі праз удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.

Акрамя іншага, у рэзалюцыі рэкамендуецца краінам Еўропы арганізаваць выдачу "шматразовых віз на больш працяглы тэрмін для выкарыстання ў якасці рэзервовага варыянту для тых, каму пагражае арышт у Беларусі". Да гэтага пункта, у тым ліку з ініцыятывы ўкраінскіх парламентарыяў, была прынятая папраўка аб тым, што Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі нясе адказнасць за выяўленне і прызнанне асобаў, якім пагражае арышт у Беларусі.

Таксама Асамблея прапануе іншым дзяржавам у цесным супрацоўніцтве з Еўрапейскай камісіяй і міжнароднай арганізацыяй грамадзянскай авіяцыі "абмеркаваць з адпаведнымі прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл магчымасць выдачы пашпартоў грамадзянам Беларусі ў выгнанні, якія будуць прызнаныя дзяржавамі-чальцамі".

У апошнім пункце Асамблея вітае той факт, што многія прадпрыемствы змаглі пераехаць з Беларусі, у прыватнасці ў Грузію, Літву і Польшчу, але адзначае, што цяжкасці ў гэтым захоўваюцца. Асамблея заклікае прыняць меры, якія палегчаць працэсы доступу да крэдытаў, аўдытарскіх паслугаў і гэтак далей.

Асамблея занепакоеная тым, што інфармацыя, перададзеная еўрапейскімі банкамі беларускім, выкарыстоўвалася службамі бяспекі Беларусі для пераследу беларускіх праваабаронцаў. Таму, парламентарыі заклікаюць дзяржавы праяўляць належную абачлівасць для абароны беларускіх праваабаронцаў ад рызыку далейшых пераследванняў у выніку іх дзейнасці або абмен інфармацыяй.

Пункт 34 рэзалюцыі, у прыватнасці, прысвечаны дзейнасці Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека:

"У сувязі з рэпрэсіямі ў дачыненні да юрыдычнай прафесіі ў Беларусі і тым фактам, што многія юрысты знаходзяцца ў выгнанні за мяжой, Асамблея заклікае да прызнання Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека як арганізацыі, на якую ўскладзеныя прасоўванне і абарона правоў чалавека юрыстаў, пазбаўленых права на прафесію ў Беларусі, і ўдасканаленне аказання юрыдычнай дапамогі".

Еўрапейскія парламентарыі занепакоеныя і тым, што банкаўскія рахункі беларускіх журналістаў, якія праз рэпрэсіі ў Беларусі былі вымушаныя пераехаць ва Украіну, былі заблакаваныя з моманту пачатку шырокамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Некаторыя з іх ужо разблакавалі, і Асамблея настойліва рэкамендуе Службе бяспекі Украіны дазволіць разблакоўку астатніх 50 банкаўскіх рахункаў, да якіх іх законныя ўладальнікі не маюць доступу.

Акрамя гэтага, адразу некалькі пунктаў прысвечаны стварэнню ўмоваў для развіцця і захавання беларускай мовы і культуры. Асамблея падтрымлівае стварэнне беларускамоўных класаў у школах, дзе ёсць дастатковая колькасць беларускіх дзяцей.

"Асамблея, уражаная адраджэннем цікавасці да беларускай мовы і культуры, рашуча падтрымлівае ініцыятывы арганізацый грамадзянскай супольнасці па іх захаванні і ўмацаванні. Таму парламентарыі настойліва заклікаюць дзяржавы садзейнічаць стварэнню выдавецтваў на беларускай мове, выкладанню беларускай мовы і культуры ва ўніверсітэтах, распрацоўцы новых інструментаў, якія падтрымліваюць распаўсюджванне беларускай мовы і культуры сярод тых, хто знаходзіцца ў выгнанні, а таксама ў Беларусі. Асамблея лічыць, што для беларускай дзяржаўнасці вельмі важна, каб яе культура і мова зноў занялі сваё законнае месца", — гаворыцца ў пункце 36 рэзалюцыі ПАРЕ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства