viasna on patreon

Заява праваабаронцаў аб прызнанні 15 новых палітычных зняволеных

2023 2023-06-10T12:32:53+0300 2024-07-18T16:25:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_adzinstva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

10 чэрвеня 2023 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Анастасіі Пер’яновіч, Іллі Дубака, Уладзіміра Ганусевіча, Яўгена Ціхановіча, Аляксея Мілеўскага, Марыі Камінскай, Аляксандра Клімашэвіча, Андрэя Новіка, Віктара Горбача, Алега (Вольгі) Заяц, Дзмітрыя Чурылы, Іллі Акішава, Аксаны Лакозы; па артыкулам 342, 368 (абраза А.Лукашэнкі), 369 КК (абраза прадстаўніка улады) Андрэя Навасельчана; па артыкулам 342, 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Сяргея Іванцова, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць Анастасію Пер’яновіч, Іллю Дубака, Уладзіміра Ганусевіча, Яўгена Ціхановіча, Аляксея Мілеўскага, Марыю Камінскую, Аляксандра Клімашэвіча, Андрэя Новіка, Віктара Горбача, Алега (Вольгу) Заяц, Дзмітрыя Чурылу, Іллю Акішава, Аксану Лакозу, Андрэя Навасельчана, Сяргея Іванцова і спыніць іх крымінальны пераслед.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Human Constanta;

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства