viasna on patreon

Незалежнага назіральніка з Гродна асудзілі да двух гадоў калоніі

2023 2023-06-06T18:26:40+0300 2023-06-06T18:30:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/navaselchan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Навасельчан

Андрэй Навасельчан

Стала вядома, што восьмага лютага 2023 году ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму асудзілі інжынера Андрэя Навасельчана. Вядома, што ён таксама быў незалежным назіральнікам на выбарах-2020.

Яго прызналі вінаватым адразу паводле трох артыкулаў: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу. Паводле арт. 369 КК яго асудзілі да трох месяцаў арышту, паводле арт. 368 КК — да года пазбаўлення волі, паводле арт. 342 КК — да двух гадоў пазбаўлення волі. Канчатковае пакаранне вызначанае праз паглынанне менш строгага пакарання больш строгім.

Справу разглядзеў суддзя Уладзімір Пазняк. Таксама вядома, што Навасельчан мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды і дзяржпошліну, аднак іх сума невядомая.

Андрэя судзілі за ўдзел у гродненскіх Маршах і каментары ў Telegram. Першы з іх нібыта быў накіраваны на заахвочванне да ўдзелу ў Маршах. Яшчэ некалькі былі пакінутыя ў чатах у бок супрацоўнікаў міліцыі і нібыта зневажалі іх гонар і годнасць. Згодна з абвінавачаннем, Навасельчан таксама пакінуў каментары ў бок Лукашэнкі, якія ўтрымлівалі зневажальную інфармацыю і негатыўную ацэнку Лукашэнкі. Каментары выявілі падчас аднаго з маніторынгаў чатаў.

Вядома, што Андрэй прызнаў віну. Ягоная жонка на паседжанні выступала сведкай і адзначыла, што ейны муж пасля выбараў эмацыйна пераймаўся праз прымяненне супрацоўнікамі міліцыі фізічнай сілы ў дачыненні да пратэстоўцаў. 

Як паведамлялі праўладныя тэлеграм-каналы, мужчыну затрымалі ў жніўні 2022 году. Таксама ў 2020 годзе яго затрымлівалі за абразу супрацоўнікаў міліцыі, аднак потым вызвалілі. Першапачаткова казалі, што 37-гадовы мужчына затрыманы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», «абразу супрацоўнікаў міліцыі» і рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамога».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства