viasna on patreon

Сабіна Брыло – Марфе Рабковай: “Вы вельмі патрэбныя тут людзям”

2023 2023-05-18T09:14:00+0300 2023-05-18T16:03:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/signal-2023-05-15-104511_005.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фотакалаж "Вясны"

Фотакалаж "Вясны"

З нагоды Дня палітвязняў Беларусі “Вясна“ публікуе серыю адкрытых лістоў нашым калегам у турмы. У час, калі для тысячаў зняволеных беларусаў ствараюцца штучныя перашкоды ў ліставанні з роднымі і сябрамі, гэтая акцыя павінна паказаць і беларускаму грамадству, і тым служкам рэжыму, якія выконваюць сваю брудную ролю, што ніводзін з палітвязняў не забыты, што людзі памятаюць пра ўсіх, каго ўлада пазбавіла волі за свае перакананні. Гэтым разам публікуем ліст паэткі і журналісткі Сабіны Брыло да каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" і праваабаронцы Марфы Рабковай, якую зняволілі амаль на 15 гадоў калоніі.

Мілая Марфа!

Калі я была маленькая, мама вучыла, каб я ставіла сябе на месца іншага чалавека, жывёлы альбо нават прадмета – каб зразумець, што адчувае іншы, і не зрабіць яму балюча альбо не пакрыўдзіць яго. Так дасюль і займаюся гэтай практыкай, спрабуючы ўявіць адчуванні і стан, у якіх сама ніколі не была. Часам жыццё паварочваецца так, што апынаюся ў сітуацыі альбо варунках, якіх пазбягала, баялася – і тады думаю: ну вось, цяпер бачыш (сама адчуваеш!), як яно тут насамрэч. Турма – а калі сказаць больш дакладна, несправядлівае зняволенне – адзін з самых вялікіх маіх страхаў. Тое, чаго я ўвесь час вельмі баялася, хаця і не парушала ніякіх законаў. Проста я добра ведаю, што суддзі часта караюць нявінных. Так было спрадвеку, і падобна, што мы памыляліся, калі ў дзяцінстве думалі, што жывём у цывілізаваным грамадстве. Несправядлівае зняволенне і немагчымасць яго аспрэчыць – на маю думку, гэта несумнеўны паказальнік адсутнасці сапраўднай цывілізацыі. Бо цывілізацыя, па-мойму, гэта не сіліконавыя даліны, касмічны турызм і межгалактычны гандаль, а бяспечныя, даверлівыя і плённыя стасункі паміж людзьмі і народамі.

Тэма справядлівасці ў міжчалавечых стасунках – адна з тых складаных тэмаў, якой я цікаўлюся цягам усяго свайго жыцця. Прававое рэгуляванне, заснаванае на павазе да чалавечай годнасці – мая мара. Бо грамадства, у якім закон выконвае ролю карніка, не можа жыць і развівацца – яно можа толькі існаваць і пакутаваць, нават калі людзям хапае адзення, ежы і дахаў. Шмат хто з людзей, нават добра адукаваных, на жаль, гэтага дасюль не разумее. “У нас усё вельмі добра: будуюцца прыгожыя дамы, адкрываюцца новыя гандлёвыя цэнтры і спартыўныя клубы”, – можна было пачуць ад суайчыннікаў яшчэ напярэдадні дваццатага года. Насамрэч усё было вельмі дрэнна, бо ў краіне ніколі не працавала сістэма абароны чалавека ад несправядлівага абвінавачання, і наадварот – увесь час узмацнялася сістэма пакарання за выказванне, думку, аб’яднанне…

Я думаю, што Вы, Марфа, разумелі і адчувалі гэта – таму і апынуліся на фронце праваабароны. Я не была ў турме, толькі як журналістка слухала шмат гісторый людзей, якія прайшлі праз зняволенне. Спрабую паставіць сябе на вашае месца – і мне вельмі, вельмі страшна, хоць у дваццатым, добра ўсведамляючы існую прававую рэальнасць, я рыхтавала сябе да самага жахлівага сцэнару… Ведаеце, цяжэй за ўсё мне ад думкі, што ў апошнія гады за краты патрапіла шмат людзей, якія абсалютна не былі гатовыя да такога лёсу, бо не разумелі, у якім прававым вакууме жыло нашае грамадства – і нават не думалі, што ніхто: ні адвакат, ні вышэйшая судовая інстанцыя, ні міжнародныя інстытуты — не здольныя абараніць чалавека, несправядліва асуджанага злачыннай дзяржавай.

Я хачу расказаць Вам, што ў мінулым годзе праз адно нямецкае медыя мне давялося весці перапіску з журналісткай з Эрытрэі, якая шэсць год правяла ў турме ў сваёй краіне. Яе імя – Йіргалем (Yirgalem Fisseha Mebrahtu). Цяпер яна жыве ў Германіі, піша кнігі і расказвае ўсяму свету пра тое, як выглядае сучасная дыктатура і што адчувае ў ёй чалавек. Я чытала лісты ад Йіргалем (потым мы ўжо пазнаёміліся і размаўлялі), і валасы ўставалі дыбам: дзе Эрытрэя, і дзе Беларусь – а наколькі падобныя рэчы адбываюцца, наколькі аднолькава мы перажываем і пакутуем! Таталітарызм з усімі ягонымі складнікамі аднолькавы па ўсім свеце, і людзі агульнымі намаганнямі мусяць змагацца з ім, неадкладна шукаць супраць яго дзейсныя прававыя інструменты.

Калі я распытваю пра Вас кагосьці з агульных знаёмых, альбо нехта сам пра Вас распавядае, то яны апісваюць Вас як вельмі разумнага, разважлівага і моцнага чалавека – і ў той жа час далікатнага і чуллівага. Разам са сваімі добрымі сябрамі я малюся, каб Магутныя Сілы, якія апякаюцца Вашым лёсам, трымалі Вас і дапамаглі Вам перажыць цяжкія часы. І каб гэтыя часы скараціліся. Бо Вы вельмі патрэбныя тут людзям.

Прашу Вас: беражыце сябе. Калі мы з Вамі сустрэнемся на волі, вы будзеце вельмі шмат ведаць пра той бок жыцця, пра які людзі не любяць ні гаварыць, ні думаць. Ваш розум, Вашае праваабарончае мысленне, Ваш досвед, у тым ліку досвед уласнага болю нададуць Вам дадатковыя сілы – давайце назавём іх звышздольнасцямі! У гэтым свеце трэба вынаходзіць інструменты, якія дапамогуць людзям бараніцца ад несправядлівасці з боку іншых людзей. Трэба змяняць сітуацыю, якая здаецца нармальнай толькі тым, хто не ўмее альбо не жадае паставіць сябе на месца іншага. Але яны ж не думаюць, што, пакуль сітуацыю не змяніць, яны і самі ў любы момант могуць стаць ахвярамі бяспраўя.

Моцна абдымаю Вас, дарагая Марфа, і вельмі спадзяюся на хуткую сустрэчу! Беражыце сябе, калі ласка. Час абавязкова зменіцца, і я веру, што мы з Вамі яму ў гэтым дапаможам.

Сабіна Брыло, паэтка і журналістка.


Падтрымайце вясноўку лістамі салідарнасці: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Марыя (Марфа) Аляксандраўна Рабкова

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства