"Прычэпліваюць шэраг ярлыкоў". Што не так з сюжэтамі на дзяржТБ пра інцыдэнт у Мачулішчах?
26 лютага на вайсковым аэрадроме Мачулішчы ў Мінскім раёне быў пашкоджаны расійскі самалёт дальняга радыёлакацыйнага выяўлення А-50, які выкарыстоўваецца для карэкціроўкі авіяўдараў узброенымі сіламі Расіі па Украіне. У той жа дзень па Беларусі пачалася хваля затрыманняў, беларусаў пачалі паглыблена даглядаць на выездзе з краіны: правяралі змесціва тэлефонаў і цікавіліся мэтамі выезду. Улады доўгі час маўчалі пра тое, што адбылося ў той дзень на вайсковым аб'екце. Праз тыдзень беларускія дзяржаўныя медыя паказалі грамадзяніна, якому прыпісалі галоўную ролю ў інцыдэнце з самалётам. На працягу месяца выйшла пяць відэасюжэтаў, у якіх апісалі дэталі спецаперацыі па лаўленні грамадзяніна Украіны. Юрыст "Вясны" прааналізаваў сюжэты пра інцыдэнт у Мачулішчах і распавядае, што з ім не так з пункту гледжання правоў чалавека.
Аналіз таго, у якім святле беларускія медыярэсурсы выставілі грамадзяніна Украіны Мікалая Швяца, дазваляе прыйсці да шэрагу вынікаў. Сярод такіх варта вылучыць:
- супярэчлівая інфармацыя карэспандэнтаў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і службовых асобаў адносна пашкоджанняў самалёту;
- парушэнне прэзумпцыі невінаватасці Мікалая Швяца як дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, так і прадстаўнікамі сілавога блоку;
- прадвызначанасць расследавання крымінальнай справы паведамленнямі пра магчымае прымяненне смяротнага пакарання ў дачыненні да фігуранта крымінальнай справы;
- неправамерная і ў корані няверная кваліфікацыя таго, што адбылося на аэрадроме ў Мачулішчах, як акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай.
8 сакавіка на тэлеканале "Агенцтва тэлевізійных навінаў" выйшаў сюжэт пад назвай "ЭКСКЛЮЗИВ. Признания диверсанта СБУ в Беларуси. Кадры допроса. Разоблачаем фейки беглых. План Б". У дадзеным роліку журналістка Анастасія Бенедзісюк распавядае пра дэталі аперацыі беларускіх праваахоўных органаў па лаўленні Мікалая Швяца. На кадрах затрымання Мікалая Швяца беларускія тэлевізійнікі ўжо падпісваюць яго як "агент СБУ".
У самім сюжэце прыводзіцца шэраг цытатаў, якія выклікаюць шмат пытанняў пра тое, наколькі яны суадносяцца са стандартам прэзумпцыі невінаватасці. Прыводзім гэтыя цытаты:
- "менавіна яму [брату затрыманага — Заўв.] быў апошні званок з волі ад тэрарыста-дыверсанта. Мікалай Швец у адчаі шукаў у яго выратавання";
- "прааналізуйце, як ад тэрарыста Швяца цяпер адхрышчваюцца тыя, што так хацеў быў датычным да яго заслугаў";
- "хтосьці ішоў на пасобніцтва агенту СБУ ўсвядомлена, а хтосьці — усляпую";
- "кватэра арэндавалася агенту СБУ Мікалаю Швяцу";
- "там павінны былі перачакаць і адтуль перавесці тэрарыста праз мяжу ўжо пасля выканання задання";
- "яму, дарэчы, і вышка можа свяціць".
Такім чынам, у чатырнаццаціхвілінным роліку, які быў выпушчаны праз некалькі сутак пасля затрымання Мікалая Швяца, на грамадзяніна Украіны прычэпліваюць шэраг ярлыкоў, кожны з якіх складае асобнае абвінавачанне ў злачынствах, прадугледжаных Крымінальным кодэксам.
За словам "агент СБУ" стаіць абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 358-1 КК — агентурная дзейнасць. Як адзначаецца ў Навукова-практычным каментары да Крымінальнага кодэкса, агентурная дзейнасць — найбольш важная частка аператыўнай працы спецыяльных службаў і органаў дзяржаў па стварэнні сеткі агентаў і агентурнага апарату на тэрыторыі іншых дзяржаў з мэтай правядзення разведвальнай дзейнасці і вырашэння іншых аператыўна-тактычных і стратэгічных задач інфармацыйнага і ідэалагічнага проціборства дзяржаў. Агентурная дзейнасць заўсёды заведама і аб'ектыўна шкодна для сістэмаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавы, супраць якой гэта дзейнасць скіравана.
За клішэ "дыверсант" стаіць абвінавачанне ў тым, што затрыманы нібы з'яўляецца выканаўцам дыверсіі — злачынства, якое прадугледжана артыкулам 360 КК. Крымінальны закон так вызначае дыверсію: здзяйсненне выбуху, падпалу ці іншых дзеянняў, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў, разбурэння ці пашкоджання будынкаў, збудаванняў, шляхоў і сродкаў зносінаў, сродкаў сувязі ці іншай маёмасці, у мэтах нанясення шкоды эканамічнай бяспецы і абароназдольнасці Рэспублікі Беларусь.
За журналісцкім ярлыком "тэрарыст" стаіць абвінавачанне ў асабліва цяжкім злачынстве, прадугледжаным артыкулам 289 КК: здзяйсненне выбуху, падпалу, затаплення, іншых дзеянняў агульнанебяспечным чынам альбо тых, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў альбо наступлення іншых цяжкіх наступстваў у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў огранамі ўлады, альбо перашкаджэння палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, альбо запалохвання насельніцтва, альбо дэстабілізацыі грамадскага парадку.
На наступны дзень, 9 сакавіка, на гэтым жа тэлеканале выйшаў яшчэ адзін рэпартаж пад назвай "БОЛЬШОЕ РАССЛЕДОВАНИЕ теракта в Мачулищах: каналы вербовки агентуры СБУ, связи с иноагентами". У дадзеным матэрыяле падзеі і дэталі спецаперацыі па затрыманні Мікалая Швяца каментуюць закадравы голас журналіста, аператыўны супрацоўнік КДБ, асоба, якая схаваная ад гледача, а голас зменены, і намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ. Прыводзім цытаты, якія дэманструюць шырокую ацэнку пастаўленых Мікалаю Швяцу ў віну дзеянняў:
- "на чым пагарэў агент-падрыўнік СБУ";
- "з моманту, калі агент СБУ Мікалай Швец актываваў выбух дронаў на стаянцы аэрадрома";
- "падрыўнік усё больш аддаляецца ад магчымасці ўцячы з Беларусі";
- "агент СБУ парушыць інструкцыю куратараў";
- "падазроны ў здзяйсненні тэрарыстычнага акта быў намі ўстаноўлены ў той жа дзень 26 лютага" (цытата аператыўнага супрацоўніка КДБ);
- "грамадзянін Швец мае дачыненне да спробы здзяйснення тэрарыстычнага акта на аэрадроме Мачулішчы" (цытата аператыўнага супрацоўніка КДБ);
- "арыенціроўка на падрыўніка";
- "самалёт, што ляціць, — гэта знішчальны аргумент для вышэйпададзеных тэзісаў, ну а скупасць інфармацыі ў гэтыя дні прадыктаваная аператыўнай працай";
- "пагутарым з братам падрыўніка Уладзімірам";
- "былі экстранна ўведзены дадатковыя меры бяспекі на дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, што дазволіла сарваць першасны план па эвакуацыі тэрарыста на тэрыторыю Украіны" (цытата аператыўнага супрацоўніка КДБ);
- "няўдалы тэракт";
- "затрыманы грамадзянін Украіны Швец Мікалай Уладзіміравіч, які зрабіў спробу здзяйснення акта тэрарызму на беларускім вайсковым аб'екце" (цытата намесніка начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанціна Бычака);
- "Аляксандр Лукашэнка, нават знаходзячыся ў Кітаі, дбайна адсочваў усю інфармацыю пра расследаванне спробы тэракта ў Мачулішчах";
- "СБУ паспрабавала зрушыць пільную ўвагу з інцыдэнту ў Мачулішчах, праваліўшыся там з агентам і вынікам яго дыверсіі";
- "Швяца ўзялі з вялікай колькасцю доказаў як для працы з дронамі, так і іншымі прыстасаваннямі. Ён актыўна дае прызнаўчыя паказанні. Затрымана больш за 20 асобаў. Узбуджана крымінальная справа, яго канчатковым вынікам па змененаму заканадаўству можа стаць вышэйшая мера".
Юрыст "Вясны" адзначае, што прэзумпцыя невінаватасці доўгі час выпрацоўвалася прававой думкай. Першапачаткова ў юрыспрудэнцыі існавала абстрактная формула з мэтавай скіраванасцю "ачалавечыць" становішча абвінавачанага, якая затым трансфармавалася ў канкрэтныя прававыя механізмы, якія служаць ахове правоў і законных інтарэсаў абвінавачанага. Мэтай дадзенага механізму з'яўляецца не дапусціць незаконнага і неабгрунтаванага прыцягнення ў якасці абвінавачанага, асуджэння і пакарання невінаватага. У прававой навуцы вылучаецца дзве асноўныя формы праявы прэзумпцыі невінаватасці:
- цяжар даказвання ускладаецца на абвінаваўцу;
- неадольныя сумневы тлумачацца на карысць абвінавачанага.
Прававая сутнасць замацаванай у артыкуле 26 Канстытуцыі і артыкуле 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса прэзумпцыі невінаватасці заключаецца ў тым, што чалавек лічыцца невінаватым да таго часу, пакуль абвінаваўчы прысуд суда не набудзе моц. Узбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да асобы, прыцягненне яе ў якасці абвінавачанай не азначаюць прызнанне вінаватасці. Абвінавачаным з'яўляецца асоба, у дачыненні да якой з улікам сабраных доказаў вынесена пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачанай. Такая пастанова выносіцца не судом, а органам крымінальнага пераследу, следчым, і само па сабе не цягне ўстанаўлення вінаватасці асобы, паколькі канчатковае рашэнне прымаецца толькі судом.
Юрыст падкрэслівае, што да набыцця прысудам суда законнай моцы асоба лічыцца юрыдычна не вінаватай нават у тым выпадку, калі сама прызнаецца ў здзяйсненні злачынства. Праваабаронца адзначае, што з часткі відэа, дзе Мікалая Швяца з заведзенымі за спіну рукамі прымушаюць даць паказанні, адказваючы на пытанні, можна зрабіць выснову, што найгрубейшым і абуральным чынам парушаюцца правы грамадзяніна Украіны. У прыватнасці, гаворка ідзе аб праве не сведчыць супраць сябе, аб праве на абарону, а таксама на аб'ектыўнае следства ў дачыненні да абвінавачанага. Юрыст мяркуе, што кошт такога "расследавання і правасуддзя", кошт саміх абвінавачванняў абсалютна зразумелы, шмат у чым ён носіць палітычны характар.
Паўнамоцтва суда па прызнанні асобы вінаватай у злачынстве рэалізуецца шляхам прыняцця індывідуальна-прававога акта пад назвай "прысуд". Да набыцця моцы названым прысудам прэзумпцыя невінаватасці не падлягае ніякім абмежаванням. Дзяржава ў сілу патрабаванняў артыкулаў 25 і 28 Канстытуцыі павінна абараняць гонар і годнасць чалавека ад неабгрунтаваных выдумак аб незаконнасці яго дзеянняў.
Прэзумпцыя невінаватасці як канстытуцыйнае прадпісанне і як прынцып крымінальнага судаводства прымяняецца да ўсякай асобы, невінаватасць якой ставіцца пад сумнеў. Прэзумпцыя невінаватасці служыць гарантыяй ад неправамернага прамога або ўскоснага прызнання чалавека вінаватым дзяржаўнымі органамі. Прэзумпцыі невінаватасці карэспандуюць забароны і актыўныя абавязкі судоў, праваахоўных і іншых органаў дзяржавы.
Адпаведна, прэзумпцыя невінаватасці парушаецца ў выпадку, калі рашэнне аб вінаватасці чалавека прынята не судом, а іншым органам улады. Дзеянні або выказванні асоб, якія праводзяць папярэдняе расследаванне, альбо іншай асобы, здольныя паўплываць на ход або вынік разбору, паказваюць, што яны лічаць чалавека вінаватым. Сродкам масавай інфармацыі варта ўстрымлівацца ад падачы навін такім чынам, каб гэта падрывала прэзумпцыю невінаватасці.
12 сакавіка на тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт "Теракт в Мачулищах: как КГБ распутал преступление диверсанта СБУ. Детали спецоперации". У дадзеным сюжэце журналіст Ігар Тур паглыбіў сумневы ў тым, ці здзейсніў Мікалай Швец акт тэрарызму, пра што сведчаць наступныя яго цытаты:
- "інцыдэнт у Мачулішчах у любым выпадку кваліфікаваўся б менавіта як тэракт, нягледзячы на тое, што аб'ект нападу — самалёт-выведнік А-50 — не пацярпеў і спакойна выконваў баявыя задачы";
- "грамадзянскі тэрарыст, нягледзячы на тое, што змог даставіць дроны да самалёта, катэгарычна касячны";
- "драпіна на самалёце ператвараецца ў яго знішчэнне".
Дадзеныя пра тое, што самалёту ДРЛВ А-50 не нанесена істотная шкода, каментаваў Аляксандр Лукашэнка: "Вынікі вы ведаеце. На шчасце, самалёт не зведаў нейкіх значных пашкоджанняў, акрамя, як яны кажуць там, драпін і адна прабоіна ў корпусе, якая ваеннаму самалёту не перашкаджае выконваць яго абавязкі. Мы вам паказвалі гэты самалёт". Ва ўнісон з гэтай заявай дзяржаўныя медыя паведамлялі, што "самалёт саюзнай групоўкі узброеных сіл Беларусі і Расіі цэлы, непашкоджаны і нясе службу ў звычайным рэжыме".
Такім чынам, беларускія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі і афіцыйныя асобы парадзілі істотныя супярэчнасці ва ўласных выказваннях адносна стану самалёта. З аднаго боку, яны прыпісалі Мікалаю Швяцу некалькі складаў цяжкіх злачынстваў, з другога боку, у іх ацэнках аб'екту замаху – самалёту, які называюць вачыма паветраных сіл Расіі – не было прычынена пашкоджанняў, якія цягнуць на тыя артыкулы Крымінальнага кодэкса, пра якія паспяшаліся паведаміць дзяржаўныя медыярэсурсы. Пры гэтым праваабаронца адзначае, што заўчасная ацэнка дзеянняў грамадзяніна Украіны складалася не толькі ў тым, каб правесці прававую кваліфікацыю, але і ў сцвярджэннях пра тое, што ён злачынец.
12 сакавіка на тэлеканале CTV апублікаваны ролік "Теракт в Мачулищах: Украина навязывает войну Беларуси? Полное расследование". Карэспандэнтка Сталічнага тэлебачання Паліна Каралёва паведаміла, што "на аэрадроме Мачулішчы 26 лютага тут быў пашкоджаны расійскі самалёт А-50". У роліку журналістка прыводзіць ацэнку дзеянняў Мікалая Швяца, прыводзім яе цытаты:
- "рашэнне Андрэя Мірончыка зблытала карты Мікалаю Швяцу. Памежны бан прымусіў змяніць першапачаткова запланаваны маршрут і ход дыверсійнай аперацыі. У выніку ў нашу краіну тэрарыст-такі трапіў, але праз мяжу з Расіяй. Вынікі візіту мы ведаем: два дроны, тэракт на аэрадроме, пашкоджанні самалёта. Рэакцыя беларускага боку — маштабная контртэрарыстычная аперацыя. Сёння спрабуюць палічыць, колькі праваахоўнікаў было задзейнічана, але паспяховы і своечасовы старт лаўлення злачынца – заслуга, у першую чаргу, аператыўнай групы МУС";
- "беларускім праваахоўнікам таксама аказвалі дапамогу, праца вялася ў цесным кантакце з сілавікамі Расіі. Важным было не выпусціць тэрарыста не даць яму пераправіцца назад праз мяжу. На прапускных пунктах былі не толькі звесткі і фота падазраванага, правяралі кожнага мужчыну. Сёння больш за дваццаць саўдзельнікаў Швяца затрыманыя".
Юрыст "Вясны" адзначае, што стандарт свабоды выказвання меркавання ахоплівае і свабоду атрымання, распаўсюджвання інфармацыі. Прававы рэжым прэзумпцыі невінаватасці замацаваны ў "Палажэнні аб парадку прадастаўлення звестак па крымінальных справах, звязаных са злачынствамі, якія атрымалі шырокі грамадскі рэзананс, і злачынствамі, якія падрываюць аўтарытэт дзяржаўнай улады, для асвятлення ў сродках масавай інфармацыі" (ад 01.10.2008).
Асноўнымі крытэрыямі пры прадастаўленні СМІ звестак па крымінальных справах з'яўляюцца іх своечасовасць і дакладнасць. Згодна з пунктам 2 дадзенага Палажэння звесткі, якія прадстаўляюцца, не павінны парушаць прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Такім чынам, СМІ абавязаны выконваць дадзены прынцып і не пераходзіць "хісткую мяжу" паміж інфармаваннем пра ход расследавання канкрэтнай крымінальнай справы і сцвярджэннямі пра вінаватасць фігуранта гэтай справы. Такім чынам, адзначае юрыст, стандарт свабоды выказвання меркавання і распаўсюджвання інфармацыі патрабуе, каб улады рабілі гэта стрымана і далікатна, з павагай прэзумпцыі невінаватасці.
Юрыст падкрэслівае, што ў кожным сюжэце, у якім асвятляліся падзеі, звязаныя з інцыдэнтам у Мачулішчах, прадстаўнікі дзяржаўных медыя, афіцыйныя асобы сілавога блока назвалі Мікалая Швяца без якіх-небудзь агаворак злачынцам. Такім чынам, у дадзеных сюжэтах ўгледжваецца відавочная заява аб вінаватасці грамадзяніна Украіны, якая, з аднаго боку, падахвочвае грамадскасць паверыць у сцвярджэнні дзяржаўных СМІ, а з другога – апярэджвае ацэнку фактаў справы кампетэнтным судом, што ніякім чынам не сумяшчальна з прэзумпцыяй невінаватасці.
Праз месяц пасля затрымання Мікалая Швяца, 4 красавіка, на тэлеканале АНТ было апублікавана гадзіннае "расследаванне" "Громкие провалы украинских спецслужб в Беларуси! ГАСПАР НА СВЯЗЬ НЕ ВЫШЕЛ. Теракт в Мачулищах". Аналіз дадзенага кантэнту, праведзены юрыстам "Вясны", выявіў шэраг выказванняў, якія дазваляюць зрабіць выснову пра тое, што беларускія ўлады канкрэтызавалі "кошт" за грамадзяніна Украіны, пакінуўшы затрыманаму ў абвінавачванні адзін артыкул Крымінальнага кодэкса, па якім яму можа пагражаць смяротнае пакаранне. Апавяданне ў сюжэце падводзіць гледача да таго, што ўлады вызначыліся і затрыманаму ставяць у віну частку 3 артыкула 289 Крымінальнага кодэкса. Прыводзім цытаты:
- "перад адпраўкай у Швяца будзе яшчэ адна сустрэча з кіраўніком Аляксандра, як скажа тэрарыст, высокапастаўлены чалавек з СБУ";
- "люты Швец сустракае па новым адрасе [ ... ] пад'езд, які шмат пабачыў, сціплае жыллё, але выбіраць не прыходзіцца. Кватэру пад выканаўцу тэракта, як і працу яму, пачалі шукаць яшчэ восенню мінулага года";
- "пасля такога прыніжэння ў Кіеве паляцелі галовы, здарыліся гучныя адстаўкі ў кіраўніцтве СБУ. У актыве беларускіх спецслужбаў цяпер затрыманы тэрарыст, які распавядае шмат цікавага";
- "у гэты час сабраныя доказы сведчаць пра тое, што затрыманыя папярэдне аб'ядналіся ва ўстойлівую кіраваную арганізаваную групу для сумеснай злачыннай дзейнасці. У адпаведнасці з ч. 9 арт. 16 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, усе ўдзельнікі арганізаванай групы, незалежна ад іх ролі ва ўчыненым злачынстве, прызнаюцца выканаўцамі. У сувязі з гэтым усім фігурантам крымінальнай справы прад'яўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай. З улікам таго, што за арганізацыяй спробы тэракту стаяць спецслужбы замежных дзяржаў, дзеянні фігурантаў з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь дадаткова кваліфікаваныя па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса — здрада дзяржаве. Санкцыі гэтых артыкулаў прадугледжваюць пакаранне аж да смяротнага пакарання" (цытата намесніка начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанціна Бычака).
Што не так з кваліфікацыяй па частцы 3 артыкула 289 Крымінальнага кодэкса?
Юрыст "Вясны", ацэньваючы змест усяго фільма пра інцыдэнт на аэрадроме Мачулішчы, прапануе разглядаць змест інфармацыі пад трыма пражэктарамі. Акт тэрарызму прызнаецца юрыдычна скончаным злачынствам з моманту здзяйснення выбуху, падпалу ці іншых дзеянняў агульнанебяспечнага характару, накіраваных на прычыненне названых наступстваў незалежна ад таго, наступілі рэальна гэтыя наступствы ці не. Аднак, як паказваюць беларускія айчынныя навукоўцы-прававеды, здзяйсненне выбуху, падпалу ці іншых дзеянняў пры абставінах, загадзя не здольных пацягнуць значныя наступствы, не ўтварае прыкмет аналізаванага злачынства.
Пра тое, што самалёту не было прычынена сур'ёзных пашкоджанняў, заяўляў Аляксандр Лукашэнка. Беларускія дзяржаўныя медыярэсурсы ўвогуле пераконвалі сваю аўдыторыю ў тым, што самалёт лётае і выконвае свае задачы. Відэа з беспілотніка дазваляе зрабіць выснову, што канчатковай мэтай інцыдэнту з'яўлялася прывядзенне ў непрыдатнасць "талеркі" на самалёце, якая выконвае галоўную ролю ў ходзе радыёлакацыйнага выяўлення аб'ектаў для абстрэлу гарадскіх кварталаў украінскіх гарадоў.
Другім момантам, які звяртае на сябе ўвагу ў кваліфікацыі дзеянняў Мікалая Швяца, выступаюць матывы і мэты яго дзеянняў. Нагадаем, што Мікалай Швец з'яўляецца грамадзянінам дзяржавы, якая больш за год падвяргаецца ракетным і артылерыйскім абстрэлам з боку Расіі. Сам жа Мікалай Швец у кабінеце следчых распавядае, што нібыта першапачаткова меркавалася здзяйсненне дзеянняў, накіраваных на памяншэнне страт сярод мірнага грамадзянскага насельніцтва Украіны на расійскім вайсковым аэрадроме ў Энгельсе, дзе ў канцы снежня мінулага года быў разбураны цэнтр кіравання палётамі. З аэрадрома ў Энгельсе ўзляталі самалёты-бамбардзіроўшчыкі, якія падвяргалі Украіну штотыднёвым ракетным абстрэлам па аб'ектах крытычнай інфраструктуры, пасля якіх мірнае насельніцтва заставалася на некалькі дзён без электрычнасці ў зімовы час.
Як адзначаюць аўтары Навукова-практычнага каментара да Крымінальнага кодэксу, абавязковай прыкметай суб'ектыўнага боку акта тэрарызму з'яўляюцца спецыяльныя мэты:
- аказанне ўздзеяння на прыняцце рашэнняў дзяржаўнымі органамі;
- перашкода палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці;
- запалохванне насельніцтва;
- дэстабілізацыя грамадскага парадку.
Такім чынам, для кваліфікацыі дзеянняў абвінавачанага ў здзяйсненні акту тэрарызму, неабходна даказаць адну з чатырох мэтаў, якая з'яўляецца важным элементам суб'ектыўнага боку складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 289 КК. Аднак, зыходзячы з кантэксту, а таксама зместу прапагандысцкіх сюжэтаў, становіцца відавочна, што ні адну з мэтаў затрыманы не мог пераследваць.
Акт тэрарызму варта адрозніваць ад іншых злачынстваў, звязаных з наўмысным знішчэннем або пашкоджаннем маёмасці (арт. 218 КК) і наўмысным прывядзеннем у непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін (арт. 309 КК). Адрозненне названых злачынстваў ад акта тэрарызму ў тым, што пры іх здзяйсненні ў вінаватага адсутнічаюць спецыяльныя мэты дадзенага злачынства – адзначаецца ў Навукова-практычным каментары да Крымінальнага кодэксу. Такім чынам, кваліфікацыя дзеянняў па артыкуле аб акце тэрарызму выглядае вельмі сумнеўнай, да таго ж апісанне дыспазіцыі самога артыкула 289 КК дазваляе ў правапрымяняльнай практыцы выкарыстоўваць пашыральнае тлумачэнне пры вызначэнні прыкмет дадзенага складу злачынства, што не сумяшчальна з прынцыпам прававой дакладнасці.
Трэці аспект пралівае святло на тое, чаму беларускія ўлады вырашылі кваліфікаваць дзеянні затрыманых па частцы 3 артыкула 289 Крымінальнага кодэкса. Калі звярнуцца да відэльца пакаранняў па першай і ч. 2 арт. 289, то яны не ўтрымліваюць у якасці санкцыі выключную меру пакарання – смяротнае пакаранне. Таму ўлады ў якасці кваліфікуючай прыкметы прыцягнулі здзяйсненне дзеянняў арганізаванай групай (артыкул 18 КК). На гэта паказваюць словы намесніка начальніка следчага ўпраўлення КДБ пра тое, што "у гэты час сабраныя доказы сведчаць пра тое, што затрыманыя папярэдне аб'ядналіся ва ўстойлівую кіраваную арганізаваную групу для сумеснай злачыннай дзейнасці".
Для таго, каб мець уяўленне пра тое, ці мела месца арганізаваная група ў дадзеным выпадку, важна ўважліва паглядзець і паслухаць усё, пра што кажуць беларускія журналісты, прадстаўнікі сілавога блока і самі затрыманыя. Пра якія-небудзь іншыя падзеі супрацьпраўнага характару, да якіх мог мець дачыненне хто-небудзь з затрыманых, медыярэсурсы не паведамляюць. Наадварот, карэспандэнты акцэнтуюць увагу на тым, што ўсё было падпарадкавана адной мэце: спачатку гэта была легалізацыя Мікалая Швяца на тэрыторыі Беларусі, а затым яго эвакуацыя.
Беларуская прававая думка, адлюстраваная ў Навукова-практычным каментарыі да Крымінальнага кодэксу да артыкула 18, устанаўлівае, што арганізаваная злачынная група як форма саўдзелу ў адрозненне ад простай групы (сувыканальніцтва) вызначаецца, перш за ўсё, не аб'ектыўнымі характарыстыкамі ўзаемадзеяння саўдзельнікаў у працэсе ажыццяўлення злачынства, а суб'ектыўнымі абставінамі яе суарганізаванасці, функцыянальна накіраванымі на неаднаразовае здзяйсненне (часцей за ўсё нявызначанай колькасці) злачынстваў.
Фактар арганізаванасці злачыннай групы выказвае сабой наяўнасць злачыннага механізму, які пастаянна працуе, па планаванні, арганізацыі і здзяйснення адпаведных злачынстваў на аснове ўзгодненасці, кіравальнасці і згуртаванасці ўсіх удзельнікаў такой групы. Пры гэтым самі журналісты, распавядаючы пра падрабязнасці затрымання грамадзяніна Украіны, паказваюць на тое, што "хтосьці ішоў на пасобніцтва агенту СБУ ўсвядомлена, а хтосьці — усляпую".
Найважнейшай прыкметай арганізаванай групы з'яўляецца яе папярэдняя аб'яднанасць (суарганізаванасць). У адрозненне ад папярэдняй змовы, якая тычыцца ў асноўным механізму здзяйснення канкрэтнага злачынства, папярэдняя аб'яднанасць (суарганізаванасць) азначае, што на аснове змовы (пагаднення) або мэтанакіраваных арганізацыйных дзеянняў (скланенне асобаў да ўдзелу ў злачыннай дзейнасці, іх аб'яднанне агульнай задумай) яшчэ да пачатку здзяйснення канкрэтных злачынстваў (да першага сумеснага злачынства) адбылося стварэнне (аб'яднанне двух і больш асобаў) групы для неаднаразовага здзяйснення злачынстваў.
Высвятленне абставінаў, якія сведчаць пра папярэднюю суарганізаванасць групы асобаў для неаднаразовага здзяйснення злачынстваў, з'яўляецца абавязковым для канстатацыі здзяйснення злачынства арганізаванай групай.
Пацвярджэннем такой суарганізаванасці могуць быць і іншыя абставіны: наяўнасць сістэмы ўзаемадзеяння і кантактных сувязяў паміж удзельнікамі групы, размеркаванне роляў паміж удзельнікамі групы ў меркаваных злачынствах, папярэдняе планаванне злачыннай дзейнасці, падшуканне прыладаў і сродкаў здзяйснення злачынстваў, распрацоўка мер утойвання злачынстваў і злачынных прыбыткаў, ўзгодненасць дзеянняў удзельнікаў групы ў перыяд да здзяйснення першага злачынства. Гэтыя абставіны маюць значэнне і пры высвятленні іншых не менш істотных прыкметаў арганізаванай групы.
Такім чынам, па ўрыўках тых апавяданняў, якія прадэманстравала беларускае тэлебачанне, вынікае бясспрэчная выснова пра тое, што затрыманыя па крымінальнай справе па інцыдэнце ў Мачулішчах не складаюць ніякай арганізаванай групы. Праваабаронца "Вясны" мяркуе, што за заявамі ўладаў пра тое, што затрыманым пагражае смяротнае пакаранне, стаіць мэта запалохвання грамадства, а таксама спроба павысіць уласную пазіцыю для магчымых перамоваў з украінскімі ўладамі па выдачы грамадзяніна Украіны.
"Украінскі дыверсант", айцішнік, супрацоўнік аблвыканкама: на дзяржТВ распавялі пра гучныя затрыманні