За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Жлобіне пакаралі "хіміяй" Уладзіслава Бохана
Суд Жлобінскага раёна 31 сакавіка вынес прысуд мясцоваму жыхару Уладзіславу Бохану, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ало ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Святлана Андрэева.
Па матэрыялах абвінавачання, Уладзіслаў Бохан прыняў актыўны ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту, якая адбылася ў горадзе ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, заступаў шлях транспартным сродкам, не падпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, выкрыкваў лозунгі.
Суд прызнаў Бохана вінаватым і пастанавіў пакараць яго абмежаваннем волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
Па гэтым артыкуле зараз знаходзяцца ў няволі 494 чалавекі, прызнаных праваабаронцамі ў якасці палітычных зняволеных.