viasna on patreon

Мужчына мусіць выплаціць 22 тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды за каментары ў "Карніках Беларусі"

2023 2023-04-03T13:41:13+0300 2023-04-03T13:41:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/telegram_9034.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Стала вядома, што 15 лютага 2023 году ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінску агучаны прысуд 46-гадоваму Дзмітрыю Панкевічу. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 (Абраза суддзі) Крымінальнага кодэксу і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі".

Прысуд вынесла суддзя Вольга Няборская. Бок дзяржабвінавачання падтрымала старшая памочніца пракурору Кастрычніцкага раёну Ульяна Кахнюк. Вядома, што ў мужчыны ёсць трое непаўнагадовых дзяцей. Ён знаходзіўся пад вартай трое сутак: з 14 па 16 верасня 2022 году.

Паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу яго асудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі, паводле арт. 391 Крымінальнага кодэксу — да трох гадоў абмежавання волі. Шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова яму прызначаныя тры гады "хіміі".

Панкевіча прызналі вінаватым у тым, што з 25 лістапада 2020 году да чацвёртага красавіка 2021 году ён пакідаў абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" у бок прадстаўнікоў улады. Следчыя знайшлі мінімум 15 такіх выказванняў, за якія мужчыну і судзілі.

Таксама Дзмітрый мусіць выплаціць пацярпелым 22 тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Акрамя гэтага — 999 рублёў дзяржпошліны. Цягам месяцу Панкевіч мусіць выплаціць наступныя кампенсацыі:

  • 1000 рублёў — міліцыянту з Магілёву Мікалаю Якімюку
  • 2500 рублёў — начальніку аддзела аховы правапарадку з Пружанаў Паўлу Сандрыгайлу
  • 2000 рублёў — намесніку начальніка кіравання ўнутранымі справамі Аляксею Шаховічу
  • 2000 рублёў — участковага інспектара з Наваполацку Івану Галяковічу
  • 1000 рублёў — старшаму ўчастковаму інспектару міліцыі з Бабруйску Андрэю Комару
  • 500 рублёў — снайперу вайсковай часткі 3214 Яўгену Жардзецкаму
  • 5000 рублёў — начальніку кіравання Следчага камітэту па Мінску Сяргею Паско (іх ён мусіць пералічыць у дзіцячы дом)
  • 3000 рублёў — суддзі Таццяне Шоцік (іх абвінавачаны мусіць пералічыць у Дом дзіцёнка)
  • 5000 рублёў — суддзі Дзмітрыю Карсюку (іх абвінавачаны мусіць пералічыць у Цэнтр сацабслугоўвання).

Пакуль абвінавачаны не выплаціць кампенсацыі, на ягоную маёмасць — гараж, мабільны тэлефон, аўтамабіль — накладзены арышт.

Згодна з пазіцыяй абвінавачання, усе каментары былі публічнымі, утрымлівалі негатыўную ацэнку чыноўнікаў і разглядаліся судом як недапушчальныя, некарэктныя, зневажальныя. Сваімі дзеяннямі Панкевіч нібыта прывёў да "страты аўтарытэту супрацоўнікаў" у вачах людзей, "падарваў прэстыж дзейнасці ў дзяржаве, якую здзяйсняюць прадстаўнікі дзяржавы". 

Дзмітрый Панкевіч прызнаў віну і пацвердзіў, што пісаў каментары са свайго тэлефону ў тэлеграм-каналах, у тым ліку, "дэструктыўнай накіраванасці". Ён патлумачыў гэта ўплывам інфармацыі, якую бачыў у гэтых каналах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства