У Гродна прызначаны суд над вартаўніком дзіцячага садка, унесенага ў спіс "тэрарыстаў"
У Гродненскім абласным судзе ў панядзелак, 3 красавіка, пачнецца разгляд крымінальнай справы 53-гадовага вартаўніка дзіцячага садка Валянціна Дуброўшчыка, якога абвінавачваюць па некалькі “экстрэмісцкіх” артыкулах.
Судовы працэс прызначаны весці суддзя Дзмітрый Бубенчык.
Пра затрыманне Дуброўшчыка праваабаронцам стала вядома 2 верасня 2022 года. Тады паведамлялася, што гарадзенца абвінавачваюць у абразлівых каментарах у дачыненні да Лукашэнкі, Караніка, а таксама расійскіх салдат, што ваююць ва Украіне.
Валянціна Дуброўшчыка абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 1 арт. 130), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368), у паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны са студзеня 2019 года па май 2021 года са свайго мабільнага тэлефона размясціў у мэсэнджары Telegram паведамленні, у якіх даваў відавочна негатыўную ацэнку асобы кіраўніка дзяржавы, абвінавачваў яго ў здзяйсненні злачынстваў, а таксама публічна абражаў старшыню Цэнтрвыбаркама, для чаго выкарыстаў нецэнзурную лексіку.
Акрамя таго, праз сетку Інтэрнэт абвінавачаны заклікаў да ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, прымяненню гвалту да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, распальваў сацыяльную варожасць і варажнечу.
15 лютага прозвішча Дуброўшчыка з’явілася ў спісе “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, які перыядычна абнаўляе КДБ.