"Ствараў беларускую Вікіпедыю" за кошт сродкаў ПВТ: што вядома пра суд над Валерыем Цапкалам
У Мінскім абласным судзе 2 сакавіка ў парадку спецыяльнай вытворчасці працягваўся разгляд крымінальнай справы аднаго з кандыдатаў на прэзідэнты пад час выбарчай кампаніі 2020 года, былога дыпламата, ініцыятара і стваральніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы. Абвінавачаны па 12 крымінальных артыкулах Цапкала ў ноч з 23 на 24 ліпеня 2020 года разам з дзецьмі таемна пакінуў Беларусь, таму суд над ім праходзіць завочна.
Судовы працэс вядзе суддзя Сяргей Епіхаў.
Зыходзячы з публікацый у дзяржаўных СМІ, абвінавачанне ў першую чаргу вылучае эканамічныя складнікі ў справе Валерыя Цапкалы, хаця палова з прад'яўленых яму артыкулаў – “палітычныя”.
Так, у судовым пасяджэнні 1 сакавіка прадстаўнік адміністрацыі ПВТ па грамадзянскім пазове Вольга Зубовіч пацвердзіла іскавыя патрабаванні да абвінавачанага аб кампенсацыі маёмаснай шкоды на суму 6880 беларускіх рублёў.
Яна распавяла суду, што Цапкала, выкарыстоўваючы службовае становішча, сіламі супрацоўнікаў ПВТ стварыў такі стартап, як Prabook.org, аналаг беларускай Вікіпедыі, сервер якога сёння знаходзіцца на тэрыторыі Германіі.
- У рамках крымінальнай справы следствам было ўстаноўлена, што Валерый Цапкала ў перыяд з 7 кастрычніка 2007 года да 2 сакавіка 2017 года, займаючы пасаду дырэктара ДУ «Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій», ажыццявіў незаконнае фінансаванне і аплату распрацоўкі свайго асабістага праекта Prabook за кошт грашовых сродкаў адміністрацыі ПВТ і тым самым нанёс нашай установе матэрыяльную шкоду, — заявіла Вольга Зубовіч, выступаючы ў судзе.
Паводле яе слоў, адміністрацыя ПВТ фінансавала распрацоўку базы дадзеных за свой кошт і аплачвала паслугі замежнага прадпрыемства, якое займалася тэхпадтрымкай праекта. Па выніках да адміністрацыі ПВТ павінны былі ў поўным аб'ёме перайсці ўсе маёмасныя правы на выкарыстанне створаных аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці.
У Мінску пачынаецца завочны суд над Валерыем Цапкалам
Але пасля сыходу Валерыя Цапкалы з ПВТ у адміністрацыі нічога не засталося — ні баз дадзеных, ні праграмнага забеспячэння, ні доступаў.
На судзе таксама было агучана, што 4 красавіка 2019 года Цапкала атрымаў у ЗША патэнт на праграму як яе вынаходнік. Такім чынам, у выніку расследавання ў дзеяннях абвінавачанага ўгледжаныя прыкметы злачынства, якія прадугледжаны часткай 2 артыкула 424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, — злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.
На судзе таксама выступілі два прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якія абвінавацілі Валерыя Цапкалу ў паклёпе і запатрабавалі кампенсацыі маральнай шкоды.
Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 7 сакавіка.