Прысуд па справе "Буслы ляцяць" пакінуты без зменаў
У Вярхоўным судзе 28 лютага ў закрытым рэжыме разглядзелі апеляцыйныя скаргі палітзняволеных па гучнай справе ініцыятывы "Буслы ляцяць". Напрыканцы верасня Мінскі гарадскі суд прызначыў вялікія турэмныя тэрміны яе шасці фігурантам: Аляксею Іванісаву — 14 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых, Аляксею Гамезу — 14,5 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых, Мікалаю Біблісу — 8,5 гадоў калоніі і штраф у 300 базавых, Андрэю Будаю — 15 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых, Аляксандру Мураўёву — 12 гадоў калоніі, Аляксандру Сідарэнку — 8 гадоў калоніі. Справу ў закрытым рэжыме разглядалі амаль чатыры месяцы. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча пакінула апеляцыйныя скаргі без задавальнення, а прысуд — у сіле. Хутка палітвязняў этапуюць у калоніі.
"Прысуд абскарджаны ў апеляцыйным парадку абвінавачанымі і іх абаронцамі. Разам з тым судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага Суда 28 лютага 2023 года ў адпаведнасці з меркаваннем пракурора, які ўдзельнічае ў пасяджэнні суда апеляцыйнай інстанцыі, довады скаргаў прызнаныя неабгрунтаванымі і пакінутыя без задавальнення", — адзначыў пракурор Аляксандр Дзямідаў, піша БелТА.
За што асудзілі палітвязняў?
У залежнасці ад ролі кожнага ім у розным спалучэнні інкрымінаваныя: ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага дзеяча); ч. 1 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў) Крымінальнага кодэкса. Справу ў закрытым рэжыме разглядалі амаль чатыры месяцы. Дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымлівала пракурорка Юлія Ланеўская, а прысуд вынесла суддзя Анастасія Папко.
Згодна з версіяй абвінавачвання, 4 сакавіка 2021 года ўдзельнікі групы пашкодзілі аўтамабіль, які належыць суддзі Барысаўскага раёна: аблілі фарбай кузаў транспартнага сродку, прабілі чатыры колы; у перыяд з 14 па 15 сакавіка 2021 года адзін з абвінавачаных пашкодзіў чатыры шыны аўтамабіля, які належыць грамадскаму актывісту-карэспандэнту рэспубліканскага СМІ; 8 красавіка 2021 года фігуранты кінулі камень у акно кватэры, дзе пражывае супрацоўнік пракуратуры горада Мінска з малалетнім дзіцем; 22 траўня 2021 года аналагічныя злачынныя дзеянні здзейсненыя ў дачыненні да грамадскай актывісткі, якая падтрымлівае дзеючую ўладу; у перыяд з 2 па 15 чэрвеня 2021 года абвінавачаныя пашкодзілі і знішчылі сістэму відэаназірання, усталяваную ў Фрунзенскім раёне сталіцы.
"У сваёй злачыннай дзейнасці абвінавачаныя выкарыстоўвалі мноства сродкаў канспірацыі, у тым ліку маскі і вопратку цёмных колераў без адметных прыкмет, не выкарыстоўвалі мабільныя тэлефоны, хавалі свае транспартныя сродкі, будучы ўпэўненымі ў сваёй ананімнасці і беспакаранасці.
Пры расследаванні вывучаныя асобы ўсіх шасці абвінавачаных-мужчыны працавалі ў розных сферах эканомікі, займаючы ў тым ліку кіруючыя пасады, не судзімыя, амаль у кожнага маюцца малалетнія дзеці. Абвінавачаныя пазнаёміліся паміж сабой на так званых "дваровых чаяваннях", пасля чаго размаўлялі ў асобным закрытым Telegram-чаце", – паведамлялі ў Следчым камітэце.
Затрымалі фігурантаў справы напрыканцы верасня-пачатку кастрычніка 2021 года. Праз месяц – 30 лістапада 2021 года – Вярхоўны суд прызнаў аб'яднанне "Супраціў", у якое ўваходзіць групоўкі "Кібер-партызаны", "Дружина народной самообороны – ДНС" і "Буслы ляцяць", тэрарыстычным.
Перад судом, 13 траўня 2022 года, стала вядома, што Аляксея Іванісава, Аляксея Гамезу, Андрэя Будая і Аляксандра Мураўёва ўнеслі ў "тэрарыстычны спіс" КДБ. Падставай для ўключэння іх у спіс паслужыла прад'яўленае ім абвінавачанне па артыкуле 359 Крымінальнага кодэкса Беларусі (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча).
Дапамога сем'ям актывістаў, асуджаных па справе "Буслы ляцяць"