Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні дзевяці новых палітычных зняволеных
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
27 лютага 2023 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную дзейнасць выкарыстоўваюцца ўладамі дзеля задушэння грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі зрабілася істотна больш жорсткім і дапоўнілася новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, якія аб'яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што яна праводзіць; таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач, Андрэй Ярэмчык узятыя пад варту ў сувязі з прызнаннем гурта "ТОР бэнд" экстрэмісцкім фармаваннем;
Уладзімір Буцькавец асуджаны за адміністраванне супольнасці "УКантакце" "ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ ў Беларусі!" паводле арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Аляксандр Сумар асуджаны за кіраванне Telegram-чатам "Жыве Лунінец!" паводле арт. 361-1 КК, а таксама паводле арт. 342 (Падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 367 (Паклёп на А. Лукашэнку), арт. 369 (Абраза службовай асобы), арт. 361 КК (Заклікі да абмежавальных мер (санкцый) да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Дзмітрый Сцяпанаў асуджаны за кіраванне Telegram-чатам "ГОБК" паводле арт. 361-1 КК да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Юрый Самсонаў асуджаны за ахвяраванне суб'екту, адвольна прызнанаму экстрэмісцкім фармаваннем, паводле арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Яўген Глушкоў асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні за перадачу ў Telegram-канал фатаграфій беларускага вайсковага аэрадрома, з якога ажыццяўляўся напад на Украіну, паводле ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве шляхам аказання дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі, іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Уладзіслаў Яцэнка асуджаны за нанясенне пратэсных надпісаў у грамадскіх месцах і заклікі ў сацыяльнай сетцы далучацца да беларускага падраздзялення Узброеных сіл Украіны паводле арт. 341 (Апаганьванне будынкаў і збудаванняў) і ч. 2 арт. 361-3 КК (Фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне дзейнасці па вербаванні, навучанні, падрыхтоўцы і выкарыстанні грамадзян Беларусі для ўдзелу ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы) да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Ацэньваючы прыведзеную інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычных падзей пасля 24 лютага 2022 г., асноўнай падзеяй якіх зрабілася ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну і акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, мы прыходзім да высновы аб тым, што ў гэтых выпадках грамадзянаў пераследуюць праз іх палітычныя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў, распаўсюджвання інфармацыі і асацыяцыі. Таксама ў гэтым кантэксце змянілася ацэнка грамадскай небяспекі ўдзелу грамадзян Беларусі ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе вайсковых фармаванняў, створаных украінскай дзяржавай.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітзняволеных Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача, Андрэя Ярэмчыка, Уладзіміра Буцькаўца, Аляксандра Сумара, Дзмітрыя Сцяпанава, Юрыя Самсонава, Яўгена Глушкова, Уладзіслава Яцэнку;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі ПЭН;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.