viasna on patreon

"Я паставіў сабе за мэту, пакуль знаходжуся там, выбіваць з людзей турму"

2023 2023-02-24T13:59:17+0300 2023-02-24T13:59:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina_01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паўтара года таму Васіль працягваў будаваць сваё жыццё ў Беларусі: працаваў бармэнам, развіваў бізнэс, пачаў рамонт, быў упэўнены, што хутка ажэніцца. У канцы 2021 года прыйшлі да дзяўчыны Васіля. Магчыма, менавіта таму ўсяго чацвёра супрацоўнікаў ГУБАЗІК і "без зброі нагала". Але падчас вобшуку ў тэлефоне хлопца знайшлі відэа з 9 жніўня 2020 года, якія ён вырашыў пакінуць на памяць. І галоўная мэта адразу памянялася. Васіля вывелі з кватэры ў кайданках і павезлі ў ГУБАЗіК. Наперадзе былі карцар Акрэсціна, чатыры месяцы на "Валадарцы" і прысуд у тры гады "хіміі".

ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Хлопец распавёў "Вясне", як задушванні ў калідоры Акрэсціна зрабіліся руцінай, як сілавікі эксплуатуюць "зонаўскія паняцці" і як дзіўна ўсведамляць, што патэлефанаваць дадому табе даў не адвакат, а супрацоўнік ГУБАЗа.

Перавыхаванне "змагароў"

"Ужо ў кабінеце мяне папярэджвалі ў звыклай для ГУБАЗа форме, што мяне чакае: "Два гады пасядзіш". Праз тое, што сітуацыя вельмі для мяне сюррэалістычная я не верыў у Вялікага Брата мне было шчыра смешна назіраць, што адбываецца. Асабліва ўлічваючы, якія кары мне прапанавалі: "паедзеш у "пеўневыя" хаты", прыходзілі рознага кшталту пагрозы сэксуальнага гвалту. Распавядалі пра віртуознае валоданне дубінкай і пра тое, што са мной будуць рабіць і як нас, "змагароў", трэба перавыхоўваць.

Калі мне прапанавалі зняць "пакаяльнае відэа", я пагадзіўся беспярэчна. Я разумеў, што яно ў кожным разе будзе знята. Аднак праз мой прыўзняты настрой і нейкую ўнутраную гістэрыку я смяяўся падчас запісу. На чацвёртай спробе супрацоўнік дастаў з шафы дубінку, удакладніў, ці ведаю я, чаму яна называецца ПР-73. Я выказаў здагадку, што гэта год стварэння, адказ быў няслушны і я атрымаў пару разоў у бок. Мы знялі пятую спробу, але мой дэбют акцёрскі не выйшаў".

Тэлефанаванне дадому платнае

"У СК выклікалі адваката "палажняковага", прабачце, дзяржаўнага, якога павінны даваць. Для гутаркі з ім мяне вывелі ў калідор, дзе сядзелі два супрацоўнікі, якія мяне затрымалі. Ён прапанаваў мне паразмаўляць проста побач з імі  я адразу адмовіўся ад ягоных паслуг. Адзінае, што мне ад яго трэба было,  звязацца з бацькамі ці сябрамі, таму што я непакоіўся за нашых сабак. Бо супрацоўнікі пагражалі: "Паедуць сабачкі на Гурскага". А матэматыка простая: калі я еду на Акрэсціна, я еду на 15 сутак, а сабак на Гурскага трымаюць 14 дзён. І адвакат не даў мне патэлефанаваць, сказаў, што тады трэба падпісваць дамову і плаціць.

Але мне, як ні дзіўна, даў патэлефанаваць супрацоўнік ГУБАЗа. Гэта быў першы момант усведамлення, што, падобна, я надоўга. Сябра было пачуць даволі цяжка".

Спачуванне забойцаў

"Я правёў на Акрэсціна 8 дзён. Першапачаткова падумаў, што гэта размеркавальная камера. Гэта быў аднамесны карцар, дзе стаяць 8 чалавек. Маглі легчы ў поўны рост тры чалавекі. Ляжалі людзі, так бы мовіць, высокага прыярытэту для здароўя, бо сярод нас сядзелі людзі 40+ ці з праблемамі са здароўем. На жаль, быў перыяд самых жорсткіх маразоў, да -17, і ў нас не зачынялася акно, і гэта была бяда.

На Акрэсціна мяне больш за ўсё ўразіла гісторыя Андрэя, былога падпалкоўніка міліцыі, вядомага тым, што спаліў сваю форму. Андрэй правёў ва ўмовах карцара 46 дзён на бетоне, узімку. Ён быў у даволі цяжкім стане: ужо з гнайнікамі ў роце. Вельмі цяжка яму было размаўляць, цяжка было есці. І ён пры мне рукамі выціскаў гэтыя гнайнікі ў сябе ў горле. Рэпрэсіўная машына адладжаная на такіх чуваках, як я. Калі такія, як я, трапляюць у канвеер, то па іх проста каталіся, адчувалася, што гэта помста. Андрэй былы калега начальніка Акрэсціна. Да яго ставіліся як да чалавека, які здзейсніў страшную памылку. На нейкім абходзе начальнік Акрэсціна падклікаў Андрэя, па-бацькоўску тлумачыў яму: "Ты бачыш, дзе ты апынуўся. Навошта ты так зрабіў?" Забойцы, якія спачуваюць, неяк так".

Практыка задушвання на Акрэсціна

"У адной змене ёсць знакаміты хлопец, у яго была мянушка "Амоныш", ён ужываў катаванні да зняволеных, асабліва палітычных. Ён ніколі не з'яўляўся без балаклавы. То бок гэта чалавек, які ведае, што трэба трымаць свой твар у таямніцы. Па голасе мы яго ўсе пазнаем. Вельмі мы яму не падабаліся: "ластаўкамі" стаялі на калідоры, і падчас вобшуку двойчы на дзень на праверках былі ці ўдары, ці задушванні. Ён локцем упіраецца табе ў спіну, бярэ за каўнер і адцягвае. І ты шыпіш секунд 20, пакуль ён робіць выгляд, што цябе абшуквае. Разы два я атрымаў сапраўды па рэбрах дубінкай ад гэтага хлопца. Па нагах я ўжо не лічу: ён літаральна на шпагат саджаў людзей. А аднойчы за правіну суседняй камеры мы стаялі гадзіны да трэцяй ночы.

"Каць, ну ты ж сама ўсё разумееш"

Размова з затрыманай на судзе па справе "Вясны" журналісткай, якой забаранілі ўезд у Беларусь на 10 гадоў

У карцары было цяжка фізічна, але маральна значна прасцей, чым у СІЗА. Там было адзінства. Усе аб'яднаныя адзінай ідэяй, усе разумеюць, чаму яны тут знаходзяцца, і ёсць зразумелы супернік звонку".

"Валадарка". Камера з гвалтаўнікамі

"Я ў выдатным настроі, таму што чакаю магчымасці паспаць я тыдзень не спаў. Седзячы ў мяне гэта не атрымліваецца, ну і плюс як толькі ў камеры рабілася ціха, на Акрэсціна было пра што падумаць.

Па матрацы мы схадзілі, я вярнуўся ў тую ж камеру, аднак праз пяць хвілінаў мяне перавялі. Я мяркую, што праз артыкулы ці, мабыць, праз нейкія мае паводзіны, бо я жыццярадасны занадта быў. Гэта была асноўная і вельмі непрыемная рэпрэсія ў дачыненні да мяне перавод у гэтую камеру. Таму што гэта ў турэмнай этыцы псуе тваю рэпутацыю. Я не мог гэтага ведаць, натуральна.

У камеры былі два чалавекі з непрыстойнымі артыкуламі два гвалтаўнікі. У мяне яшчэ была глыбокая памылка, што калі турмы запоўненыя палітычнымі зняволенымі, то там проста лагер нейкі, там усе на адной хвалі. Але выявілася, што турма жыве і квітнее. Я тады сутыкнуўся ўпершыню з тым, што яны асобна ядуць, з імі не размаўляюць, ім нельга ні да чаго дакранацца і гэтак далей. І для мяне гэта было шокам, я ім шчыра спачуваў. Яны мне давалі свае паперы пачытаць, пыталіся, што ім рабіць. Ты тыдзень не спаў, але сядзіш і выслухоўваеш двух гвалтаўнікоў.

СІЗА № 1 па вул. Валадарскага ў Мінску
СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Мінску

Дзесьці пасля абеду мяне паднялі ў камеру. (Раней гэта была камера на 9 чалавек 4 двух'ярусныя і адзін аднаярусны ложкі. Людзі, якія ў гэтай камеры правялі каля паўтара года, заспелі момант, калі пачалі прыварваць трэція ярусы.) "Палітычных" там было двое, я трэці. Мне адразу ж дапамаглі гігіенічнымі прыладамі, выдалі нават ручнік, шкарпэткі такі акт салідарнасці. Я распавядаю сваю гісторыю, расслабляюся і кажу, у якую камеру зайшоў… І цішыня. Проста мёртвая.

Мне тлумачаць, што я мусіў гэтых дваіх чувакоў нагамі не рукамі ні ў якім разе выгнаць з камеры, інакш я трапляю "пад пытанне", што ў турэмнай этыцы цябе набліжае да нізкага статусу зняволеных. Адбываецца кансіліум, куды мне класціся спаць. Хтосьці выступае ў маю абарону, маўляў, ён праз няведанне, а хтосьці сапраўды асцерагаецца мяне, як заразнага. Месяц пасля гэтага ты перажываеш даволі непрыемную гісторыю, калі ты трошкі ў сацыяльным плане ніжэй за твайго стандартнага сукамерніка. За кожным тваім крокам назіраюць 10 мужыкоў, якім няма чым заняцца,  ты ў страху зрабіць няправільны крок".

Яўген Рубашка, чалавек які пераадольвае

"Мне здаецца, гэта чалавек, які больш за ўсё ў маім жыцці на мяне паўплываў. Жэня — чалавек, які пераадольвае. Насуперак усяму ён будзе хіліць сваю лінію. Гэта чалавек, які будзе спрачацца з вертухаямі, калі яны не маюць рацыі. Чалавек, які абсалютна не памыляецца ў сваіх правах. Чалавек, якога вельмі складана атруціць турмой. Чалавек, які ўмее адчуваць, думаць. Яму хацелася дзяліцца. Там у людзях было шмат турмы. Жэня гэтую турму разбіваў".

"Выціскаць у турме зэка і шукаць чалавека"

"Нашага "зараджанага за хату" злавала, што мы "палітык" адзін аднаго называем: "Тут няма палітыкаў, тут адны няўдачнікі". Рэч у тым, што ў сучаснай беларускай турме справядлівасці няма нідзе. Ёсць артыкулы, якія знішчаюць людзей і без палітычнага матыву: 328, 333 ("Незаконны абарот моцнадзейных ці атрутных рэчываў") — вар'яцкі артыкул, які ўраўноўвае зброю і допінг. Разуменне агульнай сітуацыі было, але гэта не ўспрымалася як страшная рэпрэсіўная машына: "мусара сваволяць".

Людзі там вельмі закрытыя. У прынцыпе няшчырыя. Ніхто не хоча ў чужое гора лезці. Не тое што мне трэба было скардзіцца, але часам пагаварыць на чалавечыя тэмы вельмі трэба. А ў турме звычайна папера — гэта твой адзіны сябар. Людзі, якія сядзяць там, спрабуюць быць зэкамі звонку. У мяне быў адзін сукамернік, яму 19 гадоў, на 15 гадоў сеў. Ён таксама спрабаваў быць са мной шчырым, але шчырым ён быў на паперы. Першы ліст ён мне ў канверце перадаў. Суседнія шконкі ў нас былі. Мы маглі сядзець і размаўляць, а ён пісаў. Таму што адкрывацца ў турме вельмі страшна. Яны замыкаюцца на сухім выкананні нейкіх няпісаных правіл. Ланцужок страху бясконцы: страх перад суседзямі, перад паняццямі, перад невядомым.

Я паставіў сабе за мэту, пакуль знаходжуся там, турму з людзей выбіваць. Лез пад рэбры, з усімі размаўляў. І я шчыра спачуваў практычна кожнай гісторыі, якую я чуў. Гэта страшна — усё, што там адбываецца, не толькі ў палітычных. Гэта знішчэнне чалавека. І я нагадваў людзям, што гэта несправядліва. Яны ўжо думаюць КПК, КК, юрыдычнымі тэрмінамі спрабуюць абгрунтаваць свой лёс і сваё чалавечае "я".

У нас пад канец былі вельмі цёплыя адносіны з сакамернікамі. Калі сустракаюць у хаце, чыфір п'юць і праводзяць дакладна гэтак сама. І калі праводзяць, кожны кажа штосьці, як на Дні народзінаў. І тры чалавекі заплакалі. Што я лічу поспехам. Плачце, гэта трэба ўсё… Выціскаць у турме зэка і шукаць чалавека — вось чым там можна і трэба займацца".

Лісты цэнзару

"У мене не склаліся адносіны з цэнзарамі. Першы месяц наогул не перадавалі лістоў — ні ад мяне, ні да мяне. За чатыры месяцы ў мяне было 120 лістоў адпраўлена, і дайшлі дзесьці 30. Я канверты "цэнзару СІЗА № 1" адпраўляў — і пусты ліст ці поўны праклёнаў".

Блаславенне сукамернікаў

"Я прасіў блаславення ва ўсіх сваіх сукамернікаў устаць у позу "ківалы", у сэнсе прызнаць віну на судзе і на апошнім слове сказаць, што памылку зрабіў.

Там існуе меркаванне, што калі ты прызнаеш віну на судзе, ты ідзеш дадому ці на "хімію". На такую маральную штуку цябе і штурхаюць, і ад гэтага яшчэ больш агідна. Тым не менш людзі, якія асуджаныя на няволю, кажуць: "Думай пра родных, пра сябе". Мне было страшна і вельмі хацелася выбрацца хутчэй, у тым ліку таму што шмат што змянялася: пачалася вайна, у мяне адносіны з дзяўчынай пачалі трэсціся, лісты я атрымліваў з прабеламі, і мне здавалася, што ў мяне памірае бацька, бар развальваецца. Хацелася як мага хутчэй выбрацца і ўсё гэта спыніць.

Псіхалагічная дапамога: Віды псіхалагічных цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсій

Мы паразмаўлялі з дваімі героямі, якія перажылі посттраўматычны стрэсавы разлад, ды папрасілі псіхолага пракаментаваць сітуацыі і даць шэраг парадаў.

Вось Жэня Рубашка віну, натуральна, не прызнаваў. Мы з ім шмат пра гэта размаўлялі: можна ў гэтым убачыць гульню, у якой ты прайграў, апынуўшыся за кратамі, а можна ўбачыць гэта як асабістую барацьбу. Я быў не гатовы. І адвакатка мяне ў гэтым "файна" падтрымлівала ў дрэнным сэнсе. З яе боку не было гаворкі пра нейкую абарону.

Пракурор запатрабаваў тры гады "хіміі" з накіраваннем, і так, нават пасля маёй агіднай "ківальскай" прамовы нічога не змянілася.

Дарэчы, я знаходзіўся на прафілактычным уліку як "схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці", з прычыны чаго ад моманту, як я трапляў у зону адказнасці канваіраў, я мусіў знаходзіцца ўвесь час у кайданках: калі ехаў на суд, чакаючы ў "стакане", падчас судовага пасяджэння. Толькі на тэрыторыі СІЗА гэтыя кайданкі з цябе здымаюць".

Сувязь з Беларуссю

"Я быў засмучаны, што давялося з'ехаць праз тры дні пасля таго, як выйшаў — у мяне было вельмі шмат планаў. Сувязяў з Беларуссю вельмі шмат, у тым ліку таму што я працую ў беларускім бары. Размовы пра Беларусь я чую значна часцей, чым хачу. Бо галавой ты ўвесь час там. Нават польскія нумары не запісваеш у тэлефоне — я ж вярнуся. Пакуль што самота на кончыках пальцаў, а не нейкая ўсвядомленая.

Больш за год прайшло з моманту, калі мяне затрымалі. Я як быццам дагэтуль лінію не падвёў: усё, турма скончылася. Я не назаву гэта ўсё досведам, па-шаламаўску. Гэта ўсё дрэнь поўная, да якой датыкацца не трэба. Гэта гісторыя брытвай зразала шмат людзей, думак. Шмат дзярма раскапаў у сабе. Але навучыўся злавацца. Як выявілася, пакуль ты на штосьці не ўплываеш, нічога не змяняецца. І тут трэба быць больш узлаваным.

Я спрабую цяпер не забываць, што я сабе падабацца павінен: рабіць так, як лічу правільным. Каб гэта не ішло з чагосьці надуманага — рэлігіі ці палітычных перакананняў. Не забываць, дзе ты ў гэтых усіх арыенцірах".

Праваабаронцы працягваюць збор і дакументаванне фактаў катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце нам:

Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org

❗️Пры жаданні вы можаце падзяліцца сваёй гісторыяй ананімна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства