viasna on patreon

Ціск на палітвязняў і прызнанне "экстрэмісцкай" барысаўскай інтэрнэт-газеты: пераслед 19-20 лютага

2023 2023-02-20T16:41:32+0300 2023-02-20T17:39:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mackevich_98.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19 і 20 лютага лютага збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Гомелі АМАП у поўным абмундзіраванні затрымаў студэнта-першакурсніка за допісы ў інтэрнеце

На "пакаяльным відэа" 21-гадовы Аляксей Малахоўскі кажа, што "выкладваў допісы, звязаныя з нацысцкай Германіяй".

ГУБАЗіК піша, што хлопец "займаўся рэабілітацыяй ідэй фашысцкай Германіі, прапагандай перавагі адных нацый над іншымі, а таксама распальваў расавую, нацыянальную, сацыяльную варожасць і варажнечу. Ён зусім забыўся на подзвігі беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, публічна жадаў перамогі нацысцкай Германіі над СССР".

Паводле сілавікоў, у дачыненні да Аляксея распачаты крымінальныя справы паводле арт. 130 (распальванне варожасці) і арт. 130-1 КК (рэабілітацыя нацызму).


У Ганцавіцкім раёне ГУБАЗіК затрымаў вяскоўца за каментары ў "Аднакласніках"

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 61-гадовага Аляксандра Маляўкі. Мяркуючы па скрыншотах, мужчына пісаў абразлівыя допісы пра Лукашэнку, а таксама ў каментарах выказваў падтрымку Украіне ў вайне з Расіяй.

Сілавікі паведамляюць, што раней мужчына затрымліваўся па «справе Зельцэра».

У сваім допісе ГУБАЗіК піша, што Маляўка "здзяйсняў злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці ў сетцы Інтэрнэт — ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 370 КК(Здзек над дзяржаўнымі сімваламі)".


Пенсіянерку затрымалі за каментар пра Лукашэнку. 68-годдзе яна сустрэне ў турме

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што ў жодзінскай турме ўтрымліваецца пенсіянерка Наталля Пятровіч. Па папярэдняй інфармацыі, жанчыну затрымалі 19 снежня 2022 года дома за каментар. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса за «абразу Лукашэнкі».

27 лютага жанчыне спаўняецца 68 гадоў, якія яна сустрэне ў турме.

Павіншуйце яе грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі: Турма № 8, 222163, Жодзіна, Савецкая, 22А, Пятровіч Наталля Іванаўна


Палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча перавялі ў магілёўскую турму

Палітвязень Уладзімір Мацкевіч
Палітвязень Уладзімір Мацкевіч

Нядаўна адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змясціла Уладзіміра ў памяшканне камернага тыпу на тры месяцы. Пры гэтым у пачатку студзеня паведамлялася, што працяглы час палітвязню фактычна заблакаваная перапіска і яго пазбавілі тэлефонных размоў.

13 лютага ў судзе Шклоўскага раёна адбыўся суд па замене Уладзіміру рэжыму ўтрымання і пераводзе яго на турэмны рэжым. Стала вядома, што палітвязня этапавалі ў магілёўскую турму № 4.

Нагадаем, палітвязня абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзілі да пяці гадоў зняволення.

Адрас для падтрымкі: Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Уладзімір Уладзіміравіч Мацкевіч


Інфармацыйная прадукцыя барысаўскай інтэрнэт-газеты прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі"

Паведамляецца, што пракурор Барысаўскага раёна звярнуўся ў суд з заявай аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай у інтэрнет-рэсурсе ex-press.bу, экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Паводле ведамства, "на названым рэсурсе рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы. У іх змяшчаюцца загадзя ілжывыя звесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзян, якія дыскрэдытуюць краіну".

Суд Барысаўскага раёна задаволіў заяву пракурора ў поўным аб'ёме і дапусціў неадкладнае выкананне прынятага рашэння.

Копія рашэння накіравана ў Міністэрства інфармацыі для прыняцця мер па абмежаванні доступу да названай інфармацыйнай прадукцыі і аналагічных рэсурсаў, а таксама іх распаўсюджвання ў беларускім сегменце сеткі Інтэрнет.


Студэнта, якога асудзілі за жаданне дапамагаць Украіне, у калоніі змясцілі ў ПКТ 

Андрэй Маслаў — студэнт 1-га курса, якога ў жніўні 2022 года асудзілі да 2,5 года калоніі за «падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны» (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК). Яго затрымалі ў сярэдзіне траўня наўпрост каля ўкраінскай мяжы і знайшлі ў тэлефоне перапіску з ботам батальёна Каліноўскага. На судзе хлопец распавёў, што «хацеў дапамагаць Украіне», прыярытэт — валанцёрская і гуманітарная дапамога.

Адбываць пакаранне Андрэя накіравалі ў бабруйскую калонію № 2. Праваабаронцам стала вядома, што напрыканцы лютага 19-гадовага палітвязня змясцілі на месяц у памяшканне камернага тыпу.

Падтрымайце палітвязня лістамі і паштоўкамі салідарнасці: ПК № 2, 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, Андрэй Алегавіч Маслаў


Палітзняволенага Ігара Аліневіча змяшчалі ў ШІЗА ў турме 

Ігар Аліневіч

Пра гэта распавяла ягоная маці ў сацсетках:

"Роўна месяц не было лістоў. Нарэшце прыйшла паштоўка. 14 лютага толькі выйшаў з ШІЗА. З васьмі маіх лістоў атрымаў толькі два".

Нагадаем, актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, этапавалі з мазырскай калоніі ў жодзінскую турму 11 жніўня 2022 года. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.

Падтрымайце Ігара лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:Турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Ігару Уладзіміравічу Аліневічу

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства