Прыярытэт — валанцёрская і гуманітарная дапамога. Да 2,5 гадоў калоніі асудзілі студэнта, які "хацеў дапамагаць Украіне"
У Брэсцкім абласным судзе 26 жніўня за "падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны" (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса) да двух з паловай гадоў асудзілі студэнта 1-га курса Андрэя Маслава, піша "Брэсцкая Вясна". Па яго словам, хлопец "хацеў дапамагаць Украіне". Андрэя затрымалі ў сярэдзіне траўня наўпрост каля ўкраінскай мяжы і знайшлі ў тэлефоне перапіску з ботам батальёна Каліноўскага.
На судзе студэнт 1-га курса распавёў, што пасля 24 лютага гэтага года стаў менш цікавіцца вучобай і пачаў шукаць варыянты, як дапамагчы ўкраінскаму баку перамагчы. Маслаў вырашыў патрапіць ва Украіну, каб аказаць любую дапамогу, якая можа спатрэбіцца. Але прыярытэт у дапамозе быў бы такі: у першую чаргу медыцынская, потым лагістычная, тэхнічная, і толькі ў самым канцы баявая. Гэта значыць, што прыярытэтам для яго былі валанцёрская і гуманітарная дапамога.
Андрэй настойваў, што ад выкарыстання зброі ён бы ўсімі сіламі адмаўляўся. Але паколькі для аказання іншых відаў дапамогі магло спатрэбіцца ўступленне ва Узброеныя Сілы Украіны (УСУ), то быў гатовы далучыцца да ўкраінскай арміі. Тым больш што, калі з канца сакавіка шукаў у інтэрнэце варыянты дапамогі ўкраінцам, першае што прапаноўвалася — гэта ўступіць у батальён Каліноўскага. У выніку Андрэй паспрабаваў напісаць у тэлеграм-бот на той момант батальёна (цяпер палка) Каліноўскага. Там яму далі спіс неабходных дакументаў, а таксама кантактныя тэлефоны ва Украіне. Далей хлопец паспрабаваў звязацца з польскім консульствам наконт бязвізавага ўезду ў Польшчу, але нічога не даведаўся. Таму Андрэй вырашыў самастойна перайсці мяжу з Беларусі ва Украіну.
Хлопец вывучыў карту паўднёвых раёнаў Беларусі і паехаў на маршрутцы "Мінск-Пінск". З Пінска на таксі даехаў да вёскі Ладараж у Пінскім раёне. Далей не прайшоў і 500 метраў, як быў затрыманы, бо адразу за вёскай пачынаецца памежная паласа. Яго павезлі на памежную заставу, і там папрасілі паказаць тэлефон. У тэлефоне Андрэя памежнікі знайшлі перапіску з ботам батальёна Каліноўскага. Хлопца перадалі сілавікам, і 14 траўня яго ўзялі пад варту.
Дзеянні хлопца адразу былі кваліфікаваныя як "замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны" (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 КК). Але падчас спрэчак бакоў пракурор перакваліфікаваў абвінавачванне на "падрыхтоўка да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны" (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК). Пракурор Марчанка запрасіў для Андрэя Маслава тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Суддзя Сяргей Беразюк абвясціў прысуд хлопцу 26 жніўня: прызначыць пакаранне ў выглядзе двух гадоў і шасці месяцаў калоніі агульнага рэжыму.
Першай асобай у Беларусі, каму пасля 24 лютага 2022 года, вынеслі прысуд за тое, што хацеў далучыцца да добраахвотнікаў ва Украіне стаў Сяргей Вайцюк – яго асудзілі да 2,5 гадоў калоніі. Таксама да трох гадоў калоніі асудзілі 50-гадовага ўраджэнца Расіі і жыхара Салігоршчыны Міхаіла Лістападава.
Беларусаў затрымліваюць і судзяць за "падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне ва Украіне": што вядома пра затрыманых і суды