viasna on patreon

Былога крыміналіста асудзілі да 9 гадоў калоніі за кіраўніцтва тэлеграм-чатам "Жыве Лунінец!"

2023 2023-02-14T09:46:54+0300 2023-02-14T14:46:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sumar_aliaksandr.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Брэсцкім абласным судзе 9 лютага да дзевяці гадоў калоніі асудзілі 40-гадовага Аляксандра Сумара, піша брэсцкая "Вясна". Справу ў закрытым рэжыме разглядала суддзя Вера Філонік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў пракурор Аляксандр Богуш. Вядома, што ў 2006 годзе Аляксандр працаваў у лунінецкім РАУСе ў якасці эксперта-крыміналіста. Цяпер яго асудзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за кіраўніцтва тэлеграм-чатам "Жыве Лунінец!", які прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем", калі Аляксандр утрымліваўся пад вартай ужо як чатыры месяцы.

Аляксандр Сумар
Аляксандр Сумар

У чым абвінавацілі былога міліцыянта?

Затрымалі Аляксандра 27 ліпеня 2022 года і змясцілі пад варту ў брэсцкае СІЗА-7. Цяпер яго асудзілі паводле пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем);
  • ч. 1 арт. 342 (падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку);
  • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды Рэспубліцы Беларусь).

Згодна версіі абвінавачвання, Аляксандр Сумар са жніўня 2020 года па 26 ліпеня 2022 года, знаходзячыся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі, "стварыў і адміністраваў Telegram-чат "Жыве Лунінец!", інфармацыйную прадукцыю якога суд Ленінскага раёна г. Брэста 10 жніўня 2021 года прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Калі Аляксандр быў за кратамі ўжо чатыры месяцы, 24 лістапада 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прызнала гэты чат "экстрэмісцкім фармаваннем".

"Як адміністратар чата Сумар публічнага падбухторваў яго ўдзельнікаў да наўмысных дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаным з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. У перыяд з 1 па 13 сакавіка 2022 года абвінавачаны размясціў у чаце публікацыі, у якіх адкрыта заклікаў да акта тэрарызму, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны. Ён жа апублікаваў у чаце тэксты, у якіх утрымліваліся паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў", — гаворыцца ў абвінавачванні.

Пацярпелым па справе праходзіў яго былы калега 

На судзе, які пачынаўся ў адкрытым рэжыме, паспела прагучаць, што ў 2006 годзе Сумар працаваў у лунінецкім РАУС у якасці эксперта экспертна-крыміналістычнай службы. Як доўга ён там працаваў — невядома. У 2006 годзе Сумар супрацоўнічаў з міліцынятам Віталем Рылачам, які цяпер праходзіць па справе былога калегі ў якасці пацярпелага паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Да нядаўняга Рылач з'яўляўся кіраўніком лунінецкага РАУС.

На першым судовым пасяджэнні працэс закрылі па хадайніцтву пракурора.

Як стала вядома брэсцкай "Вясне", 9 лютага 2023 года Аляксандру Сумару агучылі прысуд. Яго прызналі вінаватым па ўсіх артыкулах Крымінальнага кодэкса і прызначылі: паводле арт. 369 — тры месяцы арышту, паводле ч. 1 арт. 342 — паўтары гады зняволення, паводле ч. 2 арт. 367 — два гады зняволення, паводле ч. 1 арт. 361-1 — пяць год зняволення, паводле ч. 3 арт. 361 — сем гадоў калоніі. Сукупна па ўсіх артыкулах суддзя Філонік прызначыла дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Падтрымаць Аляксандра можна па адрасе: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37,Аляксандр Васільевіч Сумар

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства