Праваабаронцы "Вясны" праінфармавалі спецдакладчыкаў ААН пра парушэнні правоў і свабодаў вясноўцаў падчас суду
У судзе Ленінскага раёну Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (у парадку спецыяльнай вытворчасці).
Цягам некалькіх тыдняў разгляду справы парушаюцца фундаментальныя правы і свабоды вясноўцаў. Так, праваабаронцаў прывозяць у залу суду ў кайданках, яны ўвесь час знаходзяцца пад аховай. На працягу ўсяго судовага працэсу яны застаюцца ў кайданках і ўтрымліваюцца ў металічнай клетцы, суддзя Марына Запаснік адмаўляецца разглядаць шматлікія хадайніцтвы аб зняцці кайданкоў з абвінавачаных. Таксама яна адмовілася даваць вясноўцам пісьмовыя прылады: на адным з фотаздымкаў, апублікаваных ў прапагандысцкіх крыніцах, бачна, як Алесь Бяляцкі вымушаны канспектаваць ход судовага працэсу стрыжнем ад асадкі, у той час, як ягоныя рукі скаваныя кайданкамі. Акрамя таго, праваабаронцам адмовілі ў разглядзе справы на іх роднай беларускай мове. Таксама з першага дня суду дзяржаўныя СМІ публікуюць “выкрывальныя” артыкулы пра вясноўцаў, а Уладзіміра Лабковіча, якому падчас пасяджэнняў некальк разоў станавілася блага, абвінавацілі ў сімуляцыі і зацягванні судовага працэсу.
Ад 9 да 12 гадоў калоніі: праваабаронцам "Вясны" запрасілі тэрміны
З гэтых нагодаў праваабаронцы “Вясны” звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН па пытаннях аб праваабаронцах, свабодзе мірных сходаў і аб’яднанняў, а таксама стане ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Спецыяльныя дакладчыкі – незалежныя эксперты, якіх прызначае Рада ААН. Тэматычныя спецдакладчыкі сфакусаваныя на пытаннях, звязаных з парушэннем правоў і свабодаў. Спецдакладчыкі па краінах працуюць з праблемамі ў межах адной краіны. Эксперты самастойныя ў сваіх рэкамендацыях і дзеяннях і не падпарадкоўваюцца органам ці міжнародным службоўцам. |
Юрыстка “Вясны” Святлана Галаўнёва адзначае, што падчас суду зафіксаваныя наступныя парушэнні правоў і свабодаў вясноўцаў.
Утрымліванне абвінавачаных у залі суду ў кайданках і металічнай клетцы
Кайданкі і клетка ствараюць вобраз небяспечнага злачынцы і парушаюць прэзумпцыю невінаватасці, гарантаваную артыкулам 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама парушае права на гуманнае стаўленне, гарантаванае артыкулам 11 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і артыкуламі 7 і 10 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Такое стаўленне дапускае сур'ёзную небяспеку чалавека для грамадства і стварае ў дачыненні да абвінавачанага перадузятасць у суддзі.
Выкарыстанне такіх празмерных сродкаў перашкаджае належнаму ажыццяўленню абароны (напрыклад, весці запісы падчас судовага працэсу, карыстацца дакументамі), а таксама прыносіць вясноўцам дыскамфорт і фізічныя пакуты, супярэчыць прынцыпам гуманнасці, недатыкальнасці асобы, павагі гонару і годнасці асобы і прэзумпцыі невінаватасці.
Акрамя таго, выкарыстанне кайданкоў не падпадае пад ніводны пункт магчымага выкарыстання гэтых сродкаў, прадугледжаных артыкулам 28 Закона "Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь".
Суддзя Марына Запаснік адмаўлялася разглядаць хадайніцтвы праваабаронцаў і іх адвакатаў аб вызваленні іх ад кайданкоў і з клеткі, матывуючы гэта тым, што гэтыя пытанні знаходзяцца ў кампетэнцыі канвою, а не суду. Між тым, артыкул 290 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу ускладае абавязкі па забеспячэнні роўнасці правоў бакоў на суддзю-старшыню. Артыкул 10 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса таксама ўскладае на суддзю абавязак забяспечыць абарону правоў і свабодаў абвінавачаных і своечасова прымаць меры па задавальненні законных патрабаванняў удзельнікаў крымінальнага працэсу. А пастанова Міністэрства ўнутраных спраў ад 20.12.2016 N333 "Аб парадку канваіравання, ізаляцыі, аховы асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і нагляду за імі" абавязвае канвой выконваць распараджэнні суддзі. Атрымліваецца, у заканадаўстве прадугледжаны ўсе ўмовы, для таго, каб суддзя Марына Запаснік магла аператыўна вырашыць пытанне аб утрыманні абвінавачаных у клетцы і кайданках. Таму яе адмова разглядаць пытанне вызвалення праваабаронцаў ад кайданкоў і клеткі не заснаваная на законе
"Выкрывальныя" публікацыі пра праваабаронцаў у дзяржаўных медыя
Матэрыялы, якія паказваюць абвінавачаных за кратамі, ўводзяць у зман аб іх вінаватасці, хаця прысуду, які набыў моц, усё яшчэ няма. Гэта з'яўляецца парушэннем прэзумпцыі невінаватасці, гарантаванай артыкулам 10 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Мова, на якой вядзецца судовы працэс
У паўсядзённым жыцці і ў зносінах з дзяржаўнымі органамі праваабаронцы “Вясны” выкарыстоўваюць толькі беларускую мову. У судзе яны даюць паказанні на ёй, нягледзячы на тое, што суддзя і бок абвінавачвання выкарыстоўваюць рускую мову. Адмова весці судовы працэс на беларускай мове і адмова суддзі даць абвінавачаным перакладчыка дыскрымінацыйная паводле артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Неаказванне Уладзіміру Лабковічу медыцынскай дапамогі
Гэта з'яўляецца парушэннем абавязка суддзі забяспечыць гуманнае абыходжанне з абвінавачаным падчас судовага разбору, устаноўленага ў артыкуле 11 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу і артыкуле 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
— Крымінальная справа ў дачыненні да праваабаронцаў з'яўляецца палітычна матываванай: фактычна гэта пераслед за мірную праваабарончую дзейнасць, — упэўненая Святлана Галаўнёва. — Улады Беларусі цягам многіх гадоў ігнаравалі рашэнне Камітэта па правах чалавека, якое прызнае пазбаўленне рэгістрацыі “Вясны” парушэннем права праваабаронцаў на свабоду асацыяцыі і рэкамендуе зноў зарэгістраваць праваабарончую арганізацыю. Невыкананнем рэкамендацыі ўлады Беларусі самі зрабілі немагчымым для “Вясны” стаць падаткаплацельшчыкам у краіне і працягваць сваю працу, не парушаючы нацыянальнае заканадаўства. Гэта таксама было прызнана Камітэтам па правах чалавека ў межах крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка “Вясны” Алеся Бяляцкага ў 2012 годзе.