viasna on patreon

"Апошнім часам шылі вайсковую форму для расейцаў", — былы зняволены ПК-3

2023 2023-01-30T11:14:31+0300 2023-01-31T14:12:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalonija-vitebsk-20181117-10.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Папраўчая калонія № 3 у гарадскім пасёлку Віцьба Віцебскага раёна лічыцца самай "элітарнай" у Беларусі. Там адбываюць тэрміны высокапастаўленыя службоўцы, пракуроры, суддзі і міліцыянты. Але пасля падзей 2020 года гэтая калонія, як і астатнія, напоўнілася палітвязнямі. Былы зняволены распавёў "Вясне" пра ўмовы жыцця і працы ў "Віцьбе", ШІЗА і спецатрад, пра ціск на палітвязняў, а таксама назваў прозвішчы супрацоўнікаў адміністрацыі, датычных да рэпрэсій у ПК-3.

Папраўчая калонія № 3
Папраўчая калонія № 3

«Не разумею, навошта так з людзей здзекавацца!»

Паводле былога зняволенага, у папраўчай калоніі № 3 галоўным і самым распаўсюджаным спосабам ціску на палітвязняў з'яўляецца змяшчэнне іх у штрафныя ізалятары (ШІЗА).

"У ШІЗА створаны такія ўмовы, якія вельмі ціснуць на псіхіку. У камеры акно з "раснічкамі" — у яго нельга паглядзець. Нары, якія адкідваюцца толькі на ноч, з жалеза па контуры і дошак. Там няма матраца — спіш на дошках. Там вельмі холадна. Холад — я лічу, што гэта асноўнае катаванне там. У ШІЗА не выдаюць цёплую адзежу, ты туды заязджаеш у звычайнай баваўнянай робе. І ў гэтым холадзе ты ўвесь час знаходзішся, і нічога нельга зрабіць. Пры гэтым незразумела, колькі ты там прасядзіш — можна адразу заехаць на 10 сутак, а выйсці праз 20".

Як расказвае былы зняволены, часта ў ШІЗА змяшчалі асуджанага да 18 гадоў калоніі актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Дубоўскага

"Яго збіраліся ў ПКТ перавесці, але не паспелі — яго перавялі ў СІЗА паводле новай крымінальнай справы за 2010 год. На Дзмітрыя ў калоніі аказваўся вельмі моцны ціск. Калі ён быў у ШІЗА, то прыходзілі і выпісвалі нейкія парушэнні, каб хутчэй закрыць яго на ПКТ. У яго проста ўжо нервы не вытрымлівалі. Я яму вельмі спачуваў.

У лістападзе на месяц у ШІЗА заехаў палітзняволены Сяргей Коршун. Я не ведаю, за што дакладна, але ён, здаецца, нічога дрэннага не зрабіў. Калі ён выйшаў з ШІЗА, то было страшна на яго глядзець. Сяргей выйшаў на паветра, проста глядзеў на неба і казаў: "Не разумею, навошта так з людзей здзекавацца!"

Таксама адпраўляюць у ШІЗА, калі зняволены сказаў штосьці супраць адміністрацыі, уладаў і Расіі. Пра гэта дакладаюць у штаб супрацоўнікі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй.

Былы вязень адзначае, што ў ШІЗА ўвесь час змяшчаюць палітвязняў. У памяшканне камернага тыпу на "Віцьбе" трапляюць палітвязні, якія, напрыклад, адмаўляюцца ад працы, як гэта было ў выпадку дэсантніка з Салігорска Руслана Акосткі. Пасля яго асудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і замянілі рэжым на турэмны.

Па ацэнках былога зняволенага, у "Віцьбе" каля 20% асуджаных — "злосныя парушальнікі рэжыму".

"Адміністрацыя накіраваная на тое, каб з усіх палітвязняў зрабіць "злоснікаў". Парушэнні там вельмі лёгка атрымаць: за вопіс, за тое, што не павітаўся з супрацоўнікам, за сон, за "няправільны" абутак, за рукі ў кішэнях. Калі супрацоўнікам трэба кагосьці адправіць у ШІЗА, то яны пойдуць правяраць сумкі і вопісы, і сто адсоткаў выпішуць парушэнні. На ПК-3 гэта распаўсюджаная практыка, што менавіта за вопісы пішуць парушэнні, калі трэба закрыць чалавека".

«Для грамадскасці павінна быць бачна, як у турмах абыходзяцца з людзьмі»

Мужчына настойвае на тым, што трэба апублічваць усе факты ціску на зняволеных і інфармацыйна рабіць пенітэцыярную сістэму больш празрыстай для грамадскасці:

"Адміністрацыя вельмі баіцца, калі пра яе штосьці пішаш і кажаш, таму што могуць прыехаць з праверкамі. З незразумелых прычынаў яны вельмі баяцца апублічвання фактаў ціску з зоны. Калі тэлефануеш дадому па тэлефоне ці скайпе, то аператыўнікі праслухоўваюць заўсёды, каб гэтага не было. Яны самі папярэджваюць, каб нічога пра зону не распавядаў.

Калі інфармацыя пра тое, у якіх умовах утрымліваюцца людзі, знаходзіцца ў адкрытым доступе, то адміністрацыі давядзецца штосьці змяняць у кожным разе. Для грамадскасці павінна быць бачна, як у турмах абыходзяцца з людзьмі".

«Федчанка аддаў загад "ужыць спецсродкі"»

Паводле былога зняволенага, супрацоўнікі калоніі № 3 практычна не ўжываюць фізічную сілу, асабліва ў дачыненні да палітвязняў. Калі гэта бывае, то загад гучыць як "ужыць спецсродкі". Мужчына прыгадвае такі выпадак, калі ў калонію прыехаў адзін з першых палітвязняў за падзеі 2020 года:

"Калі заязджаеш у калонію, то трэба падпісваць розныя дакументы. А ён у шапцы нейкага дакумента напісаў каля свайго прозвішча "Незаконна асуджаны". Праз гэта адміністрацыя на яго вельмі раззлавалася. У яго запыталіся, навошта ён напісаў такое, на што вязень адказаў, што яго затрымлівалі такія самыя злачынцы, як і яны. Тады намеснік па рэжымна-аператыўнай працы Дзяніс Федчанка яму сказаў, што ён яму гэта не прабачыць, і аддаў загад "ужыць спецсродкі". Яго моцна збілі. Як правіла, там валяць на падлогу і б'юць. У ШІЗА ён правёў адразу 27 сутак. Вязня вадзілі аднаго ў душ, каб іншыя зняволеныя не бачылі ягоных сінякоў. Гэта быў сакавік 2021 года".

«Умовы ў спецатрадзе значна горшыя за іншыя атрады»

У "Віцьбе" існуе спецыяльны атрад 2-11 з найболей жорсткімі ўмовамі. Раней у ім утрымлівалі асуджаных паводле наркатычнага артыкулу 328 КК. 

"Умовы ў спецатрадзе значна горшыя за іншыя атрады. Там абшарпаныя сцены, старыя нязручныя ложкі, побытавыя ўмовы на нізкім узроўні. Там цяпер утрымліваюцца складаныя людзі і некаторыя палітвязні — "самыя зацятыя". Іх там каля 20 чалавек, сярод іх — актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі і быў блогер Сяргей Пятрухін. Зняволеных з гэтага атрада адпраўляюць толькі на разбор дроту і зборку металу. Гэта лічыцца самай цяжкай працай у калоніі".

«Калі хочаш выйсці, то пішы, але мы цябе не прымушаем»

Былы зняволены зрабіўся сведкам дзвюх хваляў надзеі ў палітвязняў на вызваленне — з нагоды памілавання і амністыі:

"У 2021 годзе два разы прыязджалі прадстаўнікі Генпракуратуры, выклікалі ўсіх палітычных і прапанавалі пісаць на памілаванне. Ім казалі: "Калі хочаш выйсці, то пішы, але мы цябе не прымушаем". Шмат хто напісалі, бо спадзяваліся, што іх адпусцяць. Стаўленне ў зняволеных да гэтага такое, што людзі намагаюцца выкарыстоўваць любую магчымасць... Прыкладна 50% палітвязняў пісалі тады на памілаванне. Цяпер ужо ў гэта мала хто верыць.

Пры гэтым ніхто з палітычных не спадзяваўся на амністыю. Усе выдатна разумеюць, што Лукашэнка проста так нікога не адпусціць".

«Гэта рабская праца — у зняволеных там няма выбару»

У папраўчай калоніі № 3 вязні працуюць у швейным цэху, на дрэваапрацоўцы і разборцы металу. Былы зняволены распавёў падрабязней пра ўмовы працы ў калоніі:

"На "швейцы" нічога не плацяць. Я ні разу не бачыў, каб там плацілі нейкія грошы. Раней шылі анучы для швабраў, якія потым прадаюць у "Еўраопце", і касцюмы для дзяржаўных прадпрыемстваў, напрыклад, "Мінскага заводу шасцерняў". Іх шыюць непасрэдна для рэжыму Лукашэнкі, і ў нас няма там выбару. Я адразу не ўмеў шыць, але давялося навучыцца, таму што выпішуць адмову ад працы і закінуць у ШІЗА. На "швейцы" зняволеныя працуюць у дзве змены. Першая змена — з 8:30 да 17-й гадзіны шэсць дзён на тыдзень, другая — з 17-й да 22-й гадзіны пяць дзён на тыдзень.

anucha_90.jpg
Такія анучы шыюць зняволеныя ПК-3. Скрыншот з сайта "Еўраопта"

Апошнім часам там шылі ў вялікіх аб'ёмах вайсковую форму для расейцаў. Зняволеныя цяпер працую звышурочна. Адбой а 22-й, але цяпер яны могуць там праседзець да першай ночы і потым больш спаць. Ім дазваляюць гэта, каб толькі шылі гэтую форму. Такое апошні раз было падчас пандэміі — зняволеныя шылі абарончыя маскі ад COVID-19.

Дрэваапрацоўчы цэх у плане ўмоваў лічыцца адным з самых жудасных месцаў у калоніі. У цэху стаіць мінусавая тэмпература — вельмі холадна. Памяшканне не ацяпляецца, усюды ўсё бруднае, пыльнае, няма дзе прысесці. Там ёсць распранальні, але там заўжды вельмі шмат людзей і няма дзе прысесці. Таму даводзіцца цэлы дзень хадзіць на холадзе, каб не змерзнуць. Я цёпла апранаўся, але ўсё адно ўвесь час мёрз. Калі шчыра, не ведаю, як выжыў. Вельмі шмат людзей там з такіх умоваў у шоку знаходзяцца. На дрэваапрацоўцы вырабляюць паддоны і канструкцыі для перавозкі шкла для "Гомельшкла". У 2022 годзе там зрабілася паменш працы, чым раней.

Раней яшчэ была распілоўка дроваў, але цяпер усіх, хто там быў, адправілі на разборку металу. Цяпер там вельмі шмат палітвязняў. Відаць, адміністрацыя знайшла шлях, як зарабіць на гэтым метале. Але зняволеным там зарабіць проста немагчыма. Нават не плацяць брыгадзірам. Проста супрацоўнікі вызначаюць там норму, якую немагчыма выканаць, напрыклад, начысціць за дзень 30 кілаграмаў алюмінія або 10 кілаграмаў медзі ці свінцу. Калі не выконваеш норму, то не толькі не плацяць, але яшчэ выпісваюць парушэнне і закідваюць у ШІЗА. Гэта рабская праца — у зняволеных там няма выбару. Куды ён сыходзіць з калоніі, мы не ведаем. Мы здаём на склад, прыязджае машына і вязе яго кудысьці".

«Палітвязням забаронена хадзіць у спартовую залу»

Папраўчая калонія № 3 славіцца тым, што там ёсць спартовая зала, трэнажоры на дварэ, зняволеныя могуць нават атрымаць адукацыю. Аднак палітвязні пазбаўлены гэтых магчымасцяў.

"Ёсць магчымасць займацца спортам на агульным стадыёне, але палітвязням забаронена хадзіць у спартовую залу (на "жалеза"). Там выдаюць адмысловыя пропускі, якія палітычныя атрымаць не могуць.

На зоне ёсць прафесійная вучэльня (ПТВ), але палітычных туды не бяруць, бо гэта лічыцца "цёплым месцам".

«Праз ваш артыкул мы не можам даць вам бальнічны»

Таксама былы зняволены адзначае і праблемы ў доступе да медыцынскай дапамогі. У медыцынскай частцы такая ўсталёўка, што палітычным зняволеным даюць бальнічны толькі ў крайнім выпадку.

"Палітвязням там не аказваюць дапамогу. Шмат каму казалі так: "Прабачце, праз ваш артыкул мы не можам даць вам бальнічны". Калі дрэнна пачуваешся, то проста так не атрымаеш бальнічны".

Хто датычны да рэпрэсій у папраўчай калоніі № 3?

Намеснік па рэжымна-аператыўнай рабоце ў ПК-3 Федчанка Дзяніс Мікалаевіч
Намеснік па рэжымна-аператыўнай рабоце ў ПК-3 Федчанка Дзяніс Мікалаевіч

Начальнікам ПК-3 з'яўляецца Аляксей Старавойтаў. Былы зняволены называе пяць прозвішчаў супрацоўнікаў калоніі, якія, паводле яго назіранняў і інфармацыі, маюць дачыненне да рэпрэсій у калоніі. Гэта намеснік па рэжымна-аператыўнай працы Федчанка Дзяніс Мікалаевіч, начальнік аператыўнага аддзела, маёр Голубеў Сяргей Аляксандравіч, аператыўныя супрацоўнікі і старшыя лейтэнанты Спірыдонаў Уладзіславаў Уладзіміравіч, Салаўёў Антон Міхайлавіч і Цярэшка Раман Леанідавіч.

"Федчанка адказвае за рэпрэсіі ў калоніі ў дачыненні да палітвязняў, таму што ён іх курыруе. Ён асабіста казаў гэта. Федчанка аддае загады аператыўнікам, 80% працы якіх — гэта збор інфармацыі на палітвязняў. Калі апера знайшлі нейкае парушэнне ў палітычнага, то яны раяцца з Федчанкам ці Голубевым, напрыклад, ці закрыць у ШІЗА. Але канчатковыя рашэнні па палітвязнях прымае Федчанка. Ён, напрыклад, асабіста аддаваў загад збіць аднаго палітвязня. Пройдзе час і ўсе яны будуць прыцягнуты да адказнасці". 

"Начальнік калоніі асабіста ставіў на расцяжку асуджаных", — былы зняволены наваполацкай ПК-1

Былы зняволены папраўчай калоніі № 1 распавёў "Вясне" пра адрозненне ўмоў для палітвязняў і асуджаных паводле іншых артыкулаў, ціск з боку адміністрацыі і чаму на Новы Год штрафныя ізалятары былі запоўненыя палітвязнямі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства