viasna on patreon

За фота аэрадрома ў Зябраўцы абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве і прысудзілі 9 год калоніі

2023 2023-01-26T16:47:33+0300 2023-01-26T16:47:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/glushkou-jaugen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген Глушкоў

Яўген Глушкоў

Гомельскі абласны суд 20 студзеня ў закрытым рэжыме вынес прысуд жыхару вёскі Зябраўка Гомельскага раёна Яўгену Глушкову, абвінавачанаму ў здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356) і садзейнічанню экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).

Судовы працэс пачаўся яшчэ 3 студзеня, суддзя – Алег Харошка.

32-гадовы Яўген Глушкоў быў затрыманы ў жніўні мінулага года, з таго часу жыхара Гомельскага раёну трымаюць у СІЗА-3 Гомеля.

Ён у апошні час жыў у вёсцы Зябраўка Гомельскага раёну. Менавіта каля яе знаходзіцца вайсковы аэрадром, на якім з пачатку вайны размяшчаюцца расейскія вайскоўцы. Адтуль былі зафіксаваныя запускі ракетаў па ўкраінскай тэрыторыі. Адтуль жа выляталі вайсковыя самалёты.

У Гомелі пачынаецца суд за здымак аэрадрома ў Зябраўцы і здраду дзяржаве

Яўген скончыў ветэрынарную акадэмію ў Віцебску, адслужыў у беларускім войску – у Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў (АСАМ), спецназе памежных войскаў. Гэта адно з самых непублічных падраздзяленняў беларускага войска.

Па інфармацыі некаторых СМІ, у ноч з 10 на 11 жніўня на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт, пра які шмат пісалі СМІ, то пачаліся праверкі мясцовых. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі стары здымак аэрадрому, які ён рабіў з дрону. І яшчэ знайшлі кантакты розных украінцаў. Гэтага было дастаткова, каб яго затрымаць.

Згодна з матэрыяламі справы абвінавачаны на тэрыторыі Гомельскага і Рэчыцкага раёнаў наўмысна аказаў дапамогу замежнай дзяржаве ў правядзенні дзейнасці, загадзя накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

У прыватнасці, збіраў, фіксаваў і аналізаваў інфармацыю разведвальнага характару аб аб'ектах ваеннай інфраструктуры і тэхнікі, у тым ліку аб беларускіх ваенных аб'ектах. Пасля з выкарыстаннем мэсэнджара Telegram перадаў атрыманую інфармацыю ў чат-бот, кантраляваны замежнай арганізацыяй.

Яўгена Глушко суд прызнаў вінаватым у аказанні дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі, іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і на падставе ч.1 арт. 356 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 8 гадоў. Ён жа прызнаны вінаватым у іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і на падставе ч. 1 арт. 361-4 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады.

Канчаткова прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін дзевяць гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства