viasna on patreon

Новыя затрыманні, "суткі", папаўненне ў "экстрэмісцкім" спісе: хроніка пераследу 24 студзеня Дапоўнена

2023 2023-01-24T17:07:10+0300 2023-01-25T16:41:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuzniacova_ladarya.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Фігуранта "справы Аўтуховіча" Уладзіміра Гундара пачнуць судзіць 31 студзеня 

Уладзімір Гундар на судзе 18 траўня

Нядаўна стала вядома, што супраць Уладзіміра Гундара, асуджанага да 18 гадоў калоніі, узбудзілі крымінальную справу за абразу пракуроркі Людмілы Герасіменка па арт. 369 КК. Паводле жонкі Гундара, палітвязень адмовіўся ад дачы якіх-небудзь паказанняў па новай справе.

Суд над ім распачнецца ўжо 31 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Працэс будзе весці суддзя Алена Пятрова, якая асудзіла Аляксандра Арановіча да 6 гадоў калоніі.

Нагадаем, падчас суда Гундар абвесціў галадоўку, пратэстуючы супраць прымусовага распрананне перад працэсам. У выніку палітвязня судзілі ў адных майтках, прыкаваўшы за рукі да клеткі.


Новыя крымінальныя справы

Cтала вядома, што трох удзельнікаў гурта Tor Band — Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка — перавялі ў гомельскае СІЗА. Гэта значыць, што супраць усіх удзельнікаў заведзеная крымінальная справа. Па якім артыкуле — дакладна не вядома. 16 студзеня гурт Tor band быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». 

livian_9.jpeg
Яўген Лівянт

Таксама крымінальныя справы завялі на рэпетытара Яўгена Лівянта, ягоную жонку Юлію Лівянт, дачку Ганну і калегу, саўладальніка адукацыйнага цэнтра «100 баллов» Аляксея Іванова. Іх перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Паводле якога артыкуле — пакуль невядома.


У Ваўкавыску разам з усёй сям'ёй затрымалі прадпрымальніка

На прыватным прадпрыемстве «Мегамоц» разам з супрацоўнікамі кампаніі і роднымі затрымалі прадпрымальніка Дзмітрыя Марозава. Вядома, што ягоная сям'я знаходзіцца на волі. Сам Дзмітрый, меркавана, утрымліваецца ў Гродна.


Затрыманні ў Кобрыне 

kucharchuk_kobryn.jpg
Міхаіл Кухарчук

У Кобрыне затрыманы за тэлеграм-каментары мясцовы жыхар. Паводле сілавікоў, яму пагражае крымінальная справа. Мяркуючы па «пакаяльнаму відэа», супраць Міхаіла Кухарчука ўзбудзілі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК).

Падставай для гэтага, меркавана, стаў каментар пад навінай "Кулуары KYKY" пра тое, што Лукашэнка прызнаў запуск ракет па Украіне з тэрыторыі Беларусі. Усяго сілавікі налічылі 860 пратэсных каментароў Міхаіла.

cerashkou.jpg
Сяргей Церашкоў

Яшчэ адно затрыманне ў Кобрыне — па даносе з чат-рулеткі. Чарговай ахвярай чатрулетчыка Юрыя Комара стаў жыхар Кобрына Сяргей Церашкоў. Мужчыне 44 гады, ён родам з расійскага Арэнбургу. Ён сказаў, што не будзе забіваць украінцаў і паверне зброю супраць акупантаў.

У відэа, выкладзеным на канале ГУБАЗіК, прыводзіцца ўрывак з гутаркі мужчыны з правакатарам Комарам. Сяргей кажа, што ніколі не пойдзе забіваць украінцаў, а калі яго прызавуць, то будзе «страляць у сваіх».


Пасля вяртання з-за мяжы затрымалі маці дваіх дзяцей  

З канала сілавікоў стала вядома, што затрымалі 40-гадовую мінчанку Наталлю Ілліч. Яна маці дваіх дзяцей, некалі працавала бухгалтарам у сферы грузаперавозак.

Жанчыну затрымалі за тое, што яна ў 2020 годзе нібыта пакідала паведамленні ў дваровых чатах. Мяркуючы па скрыншотах з каналаў сілавікоў, гэта рэпосты з розных каналаў і эмацыйныя паведамленні.


Журналіст Павел Падабед не выйшаў на волю пасля 72 гадзін пасля затрымання 

БАЖ сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці затрымання відэааператара Паўла Падабеда, які пры загадкавых абставінах «знік» удзень 20 студзеня.

Папярэдне, у мінулую пятніцу Павел выправіўся на пошту, каб аплаціць «плацёжкі» за навучанне сына. Пасля было запланавана наведванне яшчэ аднаго адраса, але туды ўжо ён не патрапіў — проста раптам перастаў выходзіць на сувязь.

З улікам, што на пошце паспеў аформіць толькі адзін плацёж, высокая верагоднасць, што затрымалі яго менавіта там.


У Мінску затрыманая Ладарыя Кузняцова

Вядома, што дзяўчына — педагагіня па вакале, яе затрымалі з самай раніцы. Папярэдне, Ладарыі інкрымінаваная ч.1 арт. 342 КК ("Удзел ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).


Затрыманага экс-выкладчыка БДУІР Мікалая Банькова арыштавалі на 15 сутак

Мікалай Васільевіч Банькоў

Праваабаронцам таксама вядома, што разам з мужчынам затрымалі і ягоную жонку — Святлану. Ёй таксама прызначылі 15 сутак арышту.

Паводле папярэдняй інфармацыі, справу Баньковых у панядзелак разглядаў суд Першамайскага раёну Мінска — Мікалаю і Святлане інкрымінавалі «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП РБ).


Папаўненне ў "экстрэмісцкім" спісе

Інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «Осторожно Вирус» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне прынятае 18 студзеня судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну.


Затрыманні ў Магілёве і Фаніпалі

У Магілёве ГУБАЗіК затрымаў інжынера «Магілёўэнерга» і музыку Іллю Сазонава. Папярэдне, у віну мужчыну паставілі «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», аднак падрабязнасці ўдакладняюцца. Паводле некаторых звестак, затрыманы — сын былога рэктара БРУ Ігара Сазонава.

sazonau_mahileu.jpg
Ілля Сазонаў

Сёння ў Фаніпалі былі затрыманыя Мікалай і Наталля Губіны, а таксама Таццяна Залатар. Падрабязнасці затрымання невядомыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства