"Неабвержным доказам вінаватасці з'яўляецца фотаздымак": у Мінску асудзілі настаўніцу англійскай мовы
Суд Савецкага раёна Мінска вынес прысуд 24-гадовай выкладчыцы англійскай мовы Дар’і Цыркун, абвінаваціўшы яе ва ўдзеле ў нядзельных акцыях пратэсту ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Вольга Емельянчанка. Яна яшчэ толькі 15 чэрвеня 2022 года прыняла прысягу на званне суддзі.
Па матэрыялах абвінавачання, Дар’я Цыркун у верасні 2020 года ў Мінску, “дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асоб з іншымі неўстаноўленымі асобамі, прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў, аказваючы пры гэтым відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады – супрацоўнікам міліцыі".
У ходзе судовага разбору абвінавачаная Цыркун сваю віну ў прад'яўленым ёй абвінавачванні прызнала ў поўным аб'ёме.
"Неабвержным доказам вінаватасці абвінавачванай з'яўляецца фотаздымак, на якім аб'ектыўна зафіксаваныя дзеянні абвінавачанай у групе з нявызначанымі асобамі. На фотаздымках ўгледжваецца ўзгодненасць дзеянняў абвінавачванай з іншымі асобамі, іх скіраванасць на дасягненне адзінага выніку – здзяйсненне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", – да такой высновы прыйшла суддзя.
Суд, які адбыўся 29 лістапада, пастанавіў прызначыць Дар’і Цыркун пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады ("хатняя хімія").