viasna on patreon

Затрыманая на пратэстах пасля рэферэндуму: "Жанчыны ў камеры не ведалі, што пачалася вайна"

2023 2023-01-23T14:56:13+0300 2023-01-23T14:56:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina_kamera.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 лютага 2022 года па ўсёй краіне затрымалі каля тысячы чалавек. Беларусаў і беларусак затрымлівалі на ўчастках для галасавання, у пунктах, дзе яны намагаліся сабрацца на мірныя сходы, дома за каментары ў сацыяльных сетках у падтрымку Украіны.

Адной з затрыманых аказалася Юлія (яе прозвішча не раскрываецца ў мэтах бяспекі). Яна распавяла "Вясне" пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў тыя дні, стаўленне супрацоўнікаў да затрыманых, а таксама пра прычыны свайго ад'езду з краіны.

akrescina_kamera.jpg
Камера ў ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

«Адзін з супрацоўнікаў пачаў пісаць сябрам з майго тэлефона»

27 лютага 2022 года Юлія сапсавала бланк на сваім участку і вырашыла прайсціся да пункту, дзе планаваўся мітынг, — паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Дойдучы да вуліцы Якуба Коласа, яна пабачыла мітусню: супрацоўнікі міліцыі разганялі жанчын. Юлія пачала здымаць тое, што адбывалася, на тэлефон.

— Тыя жанчыны мелі баявы настрой, — успамінае дзяўчына. — Іх прасілі разыйсціся, а яны паўтаралі, што нікуды не пойдуць, таму што выраслі тут і знаходзяцца ў сябе на ўчастку. Як звычайна, ціхары усё здымалі на тэлефон. А я тады злавалася праз усе падзеі, таму таксама дастала тэлефон і пачала здымаць, як гэтых жанчын спрабуюць затрымаць. Тады мяне пад руку завялі ў таніраваны бус — у той дзень такія стаялі, напэўна, каля кожнага ўчастку.

У бусе ў Юліі забралі тэлефон. Разблакаваўшы яго, знайшлі падпіскі на каналы, прызнаныя "экстрэмісцкімі", здымкі з мітынгаў 2020 года. Супрацоўнікі спрабавалі пераканаць яе, што пратэстоўцы не маюць рацыі, а церпяць пасля 2020 года супрацоўнікі міліцыі.

— Яны скардзіліся, што да іх дзяцей прадузята ставяцца, калі дазнаюцца, дзе працуюць іх бацькі, — распавядае Юлія. — Яны вінавацілі ў гэтым нас, хоць я спрабавала спытаць — можа быць, гэта праз тое, што вы білі людзей? Яны адмаўлялі і казалі, што ўсё гэта няпраўда, што нічога такога не было.

У РУУС была ўзброеная ахова. Каля гадзіны Юлія прастаяла каля сцяны насупраць партрэта Лукашэнкі.

— Пакуль я стаяла, пачула размову амапаўца з дачкой, — прыгадвае Юлія. — Ён казаў ёй, каб пасля вучобы адразу ехала дадому, але калі яе раптам затрымаюць, каб сказала, што ейны тата — амапавец, і назвала серыйны нумар. Яшчэ ён папрасіў папярэдзіць пра затрыманні сяброў і маму. Гэта значыць, яны разумелі, што ў той дзень грэблі ўсіх без разбору.

Пакуль у РУУС на Юлію афармлялі дакументы, адзін з супрацоўнікаў пачаў пісаць з тэлефона дзяўчыны ейным сябрам у сацыяльных сетках, што з ёй усё добра, і публікаваць на старонцы ў Instagram допісы, што яна «за Беларусь».

— Адзін міліцыянт паспрабаваў мяне вывесці, — кажа Юлія. — Спачатку ўсё распытваў, чаму мы не сядзім дома і не гадуем дзяцей, а потым уздыхнуў і хацеў адвесці адтуль. А супрацоўнік, які гуляўся з маім тэлефонам, пачаў гарлапаніць на яго: «Куды ты гэту с*ку павёў? Што ты пра сябе думаеш? Цяпер усяго пазбавішся

«Гэты рогат амапаўцаў ні з чым не зблытаеш»

Пасля РУУС Юлію прывезлі на Акрэсціна, каля 40 хвілінаў яны яшчэ з адной дзяўчынай правялі ў прагулачнай камеры. Зверху там былі краты, на паверхнях — лёд. Дзяўчыны спрабавалі грэцца, а адзін з ахоўнікаў зайшоў у камеру і запытаў: «Чаго вам не сядзіцца? У вас проста дзяцей няма — вось вы і дурэеце!»

— У звычайнай шасцімясцовай камеры было чалавек дзесяць, — кажа Юлія. — Было тры сем'і: мамы паехалі з дочкамі, калі тых затрымлівалі. Кагосьці забіралі з рэферэндуму, кагосьці — па наводцы, кагосьці — проста з дома ў лёгкім адзенні. Адну дзяўчыну з мужам амапаўцы забралі з дома, таму што мужчына зрабіў нейкі рэпост у сацыяльнай сетцы пра рэферэндум. Адна жанчына-бібліятэкарка — проста бяскрыўдная былінка — распавядала, што не змагла сядзець дома, калі адбываецца такое. Людзей прыводзілі ўсю ноч. У камеры было вельмі холадна, не было пасцельнай бялізны. Мы сагравалі адна адну як маглі.

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Пасля суда, на якім была адна сведка на ўсіх затрыманых, Юліі далі 14 сутак і адвезлі ў Жодзіна. Там дзяўчыны спачатку паўгадзіны прастаялі ў халадэчы на дварэ з рукамі за спінай.

— Калі зайшлі ў пакой, там быў нейкі «цырк на дроце», — кажа Юлія. — Амапаўцы бегалі і махалі дубінкамі. Дзяўчат не чапалі, а на хлопцаў галасілі: «Ціха, не глядзі! Заткнуліся на..й!» Такія быдляцкія размовы з перыядычным маханнем дубінак аб сцяну. Потым нас павялі праз доўгі вузкі калідор, як праз катакомбы, і ўсё крычалі, каб мы ішлі хутчэй. Я ледзь не спатыкнулася аб сваё доўгае паліто. Калі мы прыйшлі ў камеру, можна было нарэшце выдыхнуць.

20 чалавек сядзела ў шасцімясцовай камеры, усе з іх былі палітычнымі. Гісторыі былі падобныя да тых, якія Юлія чула на Акрэсціна: кагосьці затрымалі на мітынгу, кагосьці — за фатаграфію калоны амапаўцаў. Адну дзяўчыну з мужам затрымалі каля пад'езда. Пакуль іх везлі ў РУУС, яны вырашылі, што пасля вызвалення будуць з'язджаць з краіны.

— А яшчэ былі жанчыны, якіх забралі 15 лютага, і яны не ведалі, што пачалася вайна, — узгадвае Юлія. — Мы расказваем пра гэта, а яны не могуць паверыць. Некаторыя правяральнікі здзекаваліся, казалі: «Ну што, Кіеў узялі, зараз усюды будзе Расія. Вы прайгралі». Гэта людзі, якім за радасць было забегчы падчас шмонаў з рогатам і раскідаць нашы рэчы.

Сярод жанчын былі тыя, каго затрымлівалі на «прафілактычных гутарках» нібыта за тое, што яны крычалі і кідаліся на міліцыю. І вось ты глядзіш на інтэлігентную жанчыну 55 гадоў — і ўсё разумееш. Адной напісалі, што яна скінула дакументы са стала, а ў кабінеце, дзе яе дапытвалі, стала наогул не было. Навуковай супрацоўніцы напісалі, што яна ледзь не адарвала лампасы міліцыянту — яе затрымалі, таму што прозвішча падобнае да прозвішча нейкага актывіста. Была там худзенькая бабулечка, жанчына сталага веку без сківіцы — яе затрымалі з сынам, у якога асаблівасці развіцця. У кагосьці ад стрэсу пачаўся псарыяз. Калі б не падтрымка адна адной, мы б не выцягнулі. А так мы гулялі, рабілі расцяжку, абмяркоўвалі серыялы.

Умовы ў камеры былі жудасныя: матрацы смярдзючыя, бялізны не было зусім, у камеры ўвесь час гарэла святло, прагулак не давалі. Пракладак жанчыны дапрасіліся з цяжкасцю, першыя часы замест іх давалі марлевыя павязкі, якія потым зрабіліся і зубнымі шчоткамі, і вяхоткамі.

— Маладыя хлопцы, якія толькі прыйшлі на практыку, дапамагалі, — успамінае Юлія. — Адзін нават даў пару таблетак ібупрафена, калі ў мяне паднялася тэмпература, і сказаў схаваць іх пад вусцілку. Некаторыя скардзіліся, што пасля 2020 года ў іх пачаліся праблемы з дзяўчынамі: кажуць, калі хтосьці даведваецца, што яны працуюць у міліцыі, то перастаюць кантактаваць. Адзін нават расказаў гісторыю, як пазнаёміўся ў турме з дзяўчынай, схадзіў з ёй на пару спатканняў, а потым яна зліла ягоныя звесткі ў «Карнікаў».

Самае страшнае было, калі хлопчыкаў білі начамі пасля адбою. Адчыняецца суседняя камера — усіх просяць на выхад. І яны прымушалі іх прысядаць, адціскацца, казалі паўтараць: «Я больш ніколі не буду парушаць закон». І білі. Гэты рогат амапаўцаў ні з чым не зблытаеш. Гэта працягвалася хвілінаў 15, і ты сядзіш і адначасова адчуваеш і страх, і боль, і пачуццё сораму — там б'юць людзей, а табе страшна, што прыйдуць па цябе.

Калі Юлія выйшла, ёй не аддалі тэлефон — сказалі, забралі для праверкі. Дзяўчына вырашыла не чакаць рашэння, а з'ехала ў іншую краіну. Там ёй далі прытулак беларускія валанцёры, якія ўвесь час дапамагаюць чым могуць. Неўзабаве дзяўчына знайшла працу і жыллё.

— Пакуль я нічога не планую, няма сіл, — кажа Юлія. — Дый становішча нестабільнае. Нядаўна я дазналася, што на мяне ўсё ж завялі крымінальную справу. Цяпер у мяне замкнёнае кола і максімальна падвешаны стан: дакладна ведаеш, што нічога не зможаш зрабіць там, тут — нічога не зразумела.

Праваабаронцы працягваюць збіраць і дакументаваць факты катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце: Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства