viasna on patreon

Заява праваабаронцаў аб прызнанні 12 палітычных зняволеных

2023 2023-01-13T14:33:12+0300 2024-07-18T16:21:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_adzinstva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

13 студзеня 2023 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Дзяніса Пучака, Яўгена Верхаводкіна, Ілоны Белавус, Людмілы Бажок, Яўгена Фіцава, Аляксандры Рыбчык, Наталлі Юркевіч, Дзяніса Пішчалы, па ч.1 арт. 342 і ч.1 арт. 328 КК (за захоўванне нязначнай колькасці марыхуаны для асабістага ўжывання, што звычайна не цягне пазбаўлення волі) ў дачыненні да Сяргея Кудрыцкага, Людмілы Чарнігі, па ч. 1 арт. 342 і арт. 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару ў дачыненні Беларусі за парушэнне правоў чалавека) ў дачыненні да Глеба Юр’ева, па ч. 1 арт. 342, арт. 368 (за абразу А.Лукашэнкі), арт.366 КК (за выказванні ў сетцы Інтэрнэт) – да Андрэя Красніка, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што вызначаныя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць з-пад варты Дзяніса Пучака, Яўгена Верхаводкіна, Ілону Белавус, Людмілу Бажок, Яўгена Фіцава, Аляксандру Рыбчык, Наталлю Юркевіч, Сяргея Кудрыцкага, Людмілу Чарнігу, Глеба Юр’ева, Андрэя Красніка, Дзяніса Пішчалу і спыніць іх крымінальны пераслед.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства