Палітзняволеных журналістаў Сняжану Інанец і Аляксандра Лычаўку асудзілі да "хатняй хіміі"
13 студзеня ў судзе Першамайскага раёна Мінска вынеслі прысуд палітзняволеным журналістам Сняжане Інанец і Аляксандру Лычаўку. Сужэнцаў прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Сняжану асудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі", Аляксандра — да трох гадоў "хатняй хіміі". Вядома, што пракурор запрошваў для жанчыны 2,5 года "хатняй хіміі". Пасля агалошвання прысуда мужа і жонку вызвалілі з-пад варты ў зале суда, да гэтага яны больш за тры месяцы правялі за кратамі ў СІЗА.
Сувязь з Аляксандрам Лычаўкам і Сняжанай Інанец знікла 6 кастрычніка 2022 года. На наступны дзень у адным з праўладным тэлеграм-канале з’явілася “пакаяльнае відэа” з імі. У кадры муж і жонка “прызнаваліся”, што былі падпісаныя на “дэструктыўныя каналы”, а таксама ў жніўні 2020-га ўдзельнічалі ў некалькіх акцыях пратэсту.