viasna on patreon

Хлопца са Жлобіна асудзілі за ўдзел у пратэстах на два гады “хатняй хіміі”. У якасці доказаў віны — відэа з камер назірання і дэталізацыя тэлефонных размоваў

2023 2023-01-03T14:55:34+0300 2023-01-03T15:11:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhlobin_protesty_zaderzhaniya_2_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Жлобінскага раёну 13 снежня асудзілі Мікіту Богуша паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Яўгеній Ерафееў прызначыў Мікіту два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатнюю хімію”).

Пратэсты ў Жлобіне пасля выбараў 2020. Скрыншот з відэа
Пратэсты ў Жлобіне пасля прэзідэнцкі выбараў у 2020 годзе. Скрыншот з відэа

Мікіта студэнт першага курса аднаго з Гомельскіх ВНУ. Яго затрымалі 23 жніўня 2022 года. Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён 9 жніўня 2020 года ў цэнтры Жлобіна ўзяў удзел у акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Суд расцаніў гэта, як “удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Таксама Мікіту паставілі ў віну “наўмысную перашкоду руху грамадскага транспарту”. Мікіта разам з іншымі ўдзельнікамі акцыіі “пляскалі ў далоні, гучна крычалі, свісцелі, выкрыквалі розныя лозунгі”.

На працэсе апыталі сведкаў, сярод якіх была маці Мікіты. Падчас следства ёй паказалі відэазапіс з пратэстаў, на якім яна пазнала свайго сына.

Мікіта цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым.

Сярод матэрыялаў справы, прадастаўленых у судовым пасяджэнні, быў “пратакол агляду прадметаў ад 9 кастрычніка 2020 года з табліцай фотаздымкаў да яго”.  

Паводле згаданага пратаколу агляду, падчас следства былі прагледжаныя:

- відэафайлы з АУС Жлобінскага райвыканкаму;

- відэафайлы з мабільнага тэлефона, канфіскаванага 11 жніўня 2020 года ў нейкага “К”;

- запісы камеры назірання з адной з вуліц Жлобіна, якія былі вынятыя ў ЖЭУ №3 Жлобіна;

Да матэрыялаў справы далучаныя “пратаколы агляду прадметаў” ад 15 лістапада 2020 і 26 студзеня 2021, таксама з табліцамі фотаздымкаў. У названых пратаколах сілавікі аналізуюць жнівеньскія паведамленні ў тэлергам-канале Nexta і Жлобінскі чат у Тэлеграме. У іх яны знайшлі “паведамленні аб закліках да масавых беспарадкаў з інструкцыямі да дзеянняў”.

Мабільны аператар “А1” прадаставіў сілавікам CD-дыск з дэталізацыяй размоваў Мікіты Богуша. З дапамогай гэтай інфармацыі стала магчыма высветліць месцазнаходжанне Мікіты падчас пратэстаў 9 жніўня 2020 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства