Заява праваабаронцаў аб прызнанні сямі палітычных зняволеных
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
28 снежня 2022 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную дзейнасць выкарыстоўваюцца ўладамі дзеля падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства стала істотна больш жорсткім і дапоўнілася новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, якія аб'яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што яна праводзіць, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
- Уладзіслаў Вайна асуджаны паводле арт. 361-4 КК да зняволення ў папраўчай калоніі тэрмінам на два гады за перасылку відэа самалётаў у тэлеграм-канал, адвольна прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем;
- Валянцін Федарэнка ўзяты пад варту паводле арт. 361-4 КК;
- Віктар Вяршына ўзяты пад варту паводле арт. 361-2 за перавод грошай для падтрымкі "экстрэмісцкага фармавання";
- Аляксандр Зіязетдзінаў асуджаны паводле арт. 361-2 КК да зняволення ў папраўчай калоніі тэрмінам на тры гады за перавод грошай на карысць пратэснага рэсурсу;
- Сяргей Нікіцюк асуджаны паводле арт. 368 і арт. 361-4 за каментар "трапло" на адрас А. Лукашэнкі і перасылку здымка бюлетэня падчас рэферэндуму на адрас тэлеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім фармаваннем;
- Анастасія Петрачэнка ўзятая пад варту паводле арт. 361-2 за пералік грошай на карысць беларускага фармавання Узброеных сіл Украіны;
- Мікалай Куляшоў узяты пад варту паводле ч. 3 арт. 371 КК і ч. 1 арт. 361 КК за аказанне дапамогі грамадзянам, якіх пераследуюць з палітычных матываў, у таемным перасячэнні мяжы Беларусі.
Мы прызнаем згаданых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітзняволеных Уладзіслава Вайну, Валянціна Федарэнку, Віктара Вяршыну, Аляксандра Зіязетдзінава, Сяргея Нікіцюка, Анастасію Петрачэнку, Мікалая Куляшова;
-
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі ПЭН;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.