Кіраўнікам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў абвінаваўца ў судзе запрасіў пазбаўленне волі
У Мінскім гарадскім судзе 23 снежня працягваецца разгляд крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў – старшыні Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх вінавацяць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт. 361).
Судовы працэс вядзе суддзя Валянціна Зянкевіч.
Усе абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай з 19 красавіка 2022 года.
У Мінску судзяць кіраўнікоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў
Сёння ў судовым пасяджэнні адбыліся спрэчкі бакоў. Абвінаваўца запрасіў суд пакараць Ірыну Бут-Гусаім пазбаўленнем волі тэрмінам на 1,5 гады, Сяргея Антусевіча на 2 гады і Аляксандра Ярашука – на 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.