Экскурсаводку Аксану Манкевіч асудзілі па "народным" артыкуле да 3 гадоў "хатняй хіміі"
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 снежня агучылі прысуд 24-гадовай экскурсаводцы Аксане Манкевіч. Яе асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначылі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Прысуд вынесла Вікторыя Шабуня. Пасля трох месяцаў у СІЗА Аксану вызвалілі ў зале суда. Манкевіч не зможа больш у Беларусі працаваць экскурсаводкай, бо паводле пастановы ўрада ад 7 снежня, з новага года экскурсаводамі не змогуць працаваць тыя, каго судзілі па "пратэсных" крымінальных артыкулах.
Аксану затрымалі 14 верасня ў Мінску ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак (арт. 342 КК). На праўладных каналах з’явілася "пакаяльнае" відэа з ёй, на якім дзяўчына кажа, што "прымала ўдзел у масавых мерапрыемствах у 2020 годзе, а таксама выходзіла на дарогу з БЧБ-сцягам".
У 2021 годзе Аксану арыштоўвалі ў межах адміністрацыйнай справы два разы. Першы раз гэта адбылося напрыканцы студзеня 2021 года – тады Аксану затрымалі з цэлай экскурсійнай групай і асудзілі паводле арт. арт. 23.34 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства). Аксану арыштавалі на 15 сутак, іншых удзельніц экскурсіі асудзілі таксама да арыштаў і штрафаў.
Другі раз Аксану затрымалі 2 лістапада 2021 года на падстаўной супрацоўнікамі ГУБАЗіКа экскурсіі. На выходных ёй патэлефанаваў малады чалавек, прадставіўся Аляксеем і замовіў экскурсію для сваёй дзяўчыны. Яны дамовіліся сустрэцца ў 11 гадзін 2 лістапада на Плошчы Свабоды, 4. Калі Аксана прыйшла ў прызначаныя месца і час, то не ўбачыла ніякай дзяўчыны. Падышоў малады чалавек, паказаў пасведчанне і апыналася, што гэта і быў той Аляксей, які замаўляў экскурсію.
«Спачатку, нешта сказаў пра службовы аўтамабіль, але потым сказаў, што хутчэй будзе пешшу дайсці. І я зразумела куды мы пойдзем, бо побач Рэвалюцыйная, 3 [там знаходзіцца будынак ГУБАЗіКа]».
Па словах Аксаны, там у яе запатрабавалі ўвесці пароль на тэлефоне, каб яго разблакаваць. З-за хвалявання яна не магла ўспомніць. Праз тое, што некалькі разоў прыкладвалі палец, пароль збіўся. Потым усё ж такі ўскрылі тэлефон, але нічога патрэбнага там не выявілі. Дзяўчыне ў ГУБАЗіКу прапанавалі запісаць пакаяльнае відэа, але яна адмовілася, бо «не разумела, у чым трэба каяцца».Пасля гэтага супрацоўнікі паехалі да Аксаны дадому і правялі ператрус. Пасля гэтага яны яшчэ раз заехалі ў ГУБАЗіК і павезлі Аксану ў Цэнтральнае РУУС.
«Там прыпаркаваліся каля тратуара. Яны бачылі, што я адэкватна сябе вяду і нават не трымалі мяне за руку. Прайшлі спакойна разам у РУУС».
У выніку яе арыштавалі на 15 сутак за непадпарадкаванне міліцыянтам паводле арт. 24.3 КаАП. Згодна з пратаколам, Манкевіч 2 лістапада ў 15:10 на вуліцы Арлоўскай 58/1 «аказала непадпарадкаванне Аляксандровічу, адмовілася прайсці ў РУУС па факце разбіральніцтва ў падазрэнні ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраванне».