Затрыманні і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 3-5 снежня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3-5 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларускіх грамадзян – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
"За кожную песню ім даюць па 15 сутак". Што адбываецца з музыкамі TOR BAND
Удзельнікі папулярнага музычнага гурту ужо 39 дзён як за кратамі. Як стала вядома "Радыё Свабода", Дзмітрыя Галавача і Яўгена Бурло трэці раз запар пакаралі арыштам на 15 дзён.
Музыкаў TOR BAND затрымалі 28 кастрычніка разам з жонкамі. Адзін з удзельнікаў гурту – Яўген Бурло – да кастрычніка працаваў у рагачоўскім Доме культуры гукарэжысэрам. Спачатку Бурло і Галавача абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Жонцы Галавача прысудзілі штраф, жонцы Бурло – адміністрацыйны арышт. Затрымалі і апэратара, які здымаў кліпы TOR BAND. Пакуль няма інфармацыі, ці выйшаў ён на волю.
За каментары пра Лукашэнку затрыманы брэсцкі псіхіятр
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне нарколага-псіхіятра Максіма Зайцава — загадчыка аддзялення Брэсцкага абласнога наркалагічнага дыспансера.
Паводле сілавікоў, мужчына пакінуў каментары пра Лукашэнку і старшыню брэсцкага гарвыканкама Аляксандра Рагачука. Паведамляецца, што лекару інкрымінаваныя арт. 368 і 369 КК («абраза Лукашэнкі» і «абраза прадстаўніка ўлады»).
ГУБАЗіК затрымаў чарговага айцішніка
На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяльнае відэа» з 35-гадовым распрацоўшчыкам Іллём Шакіравым. На ім айцішніка прымушаюць назваць свой вялікі заробак, а таксама «прызнацца» ў тым, што ён пакідаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі.
У "тэрарыстычны спіс" дадалі яшчэ пяць чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек. Цяпер у ім 968 чалавек, з іх 222 — беларусы.
Сярод іх юрыст Юры Зянковіч, сацыяльная актывістка Анастасія Кухта, супрацоўнік EPAM Андрэй Гарун, а таксама Ілля Смалюга і Таццяна Колас.
Беларус вярнуўся дадому з Латвіі — думаў, што "ўсё сціхла", але яго затрымалі.
"Пакаяльнае" відэа з жыхаром Паставаў апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.На ім мужчына распавядае, што ён ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Паведамляецца, што яго абвінавачваюць у "актыўным удзеле у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
Масавыя арышты на Браслаўшчыне
Глыбоцкі краязнавец Кастусь Шыталь паведаміў пра арышты ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці, якія адбыліся некалькі дзён таму.
"Забралі сям’ю фермэраў Уладзілава і Юлію Каралёў, а таксама Алёну Селях (тую самую, што гадавала ваўкоў). Жанчын нібыта ўжо адпусцілі", — напісаў у фэйсбуку Кастусь Шыталь.
«YouTube Беларусi» — экстрэмісцкі
Па заяве пракуратуры Ленінскага раёну горада Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegrаm-канала «YouTube Беларусi» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
60-гадовую жыхарку Фаніпаля затрымалі за «экстрэмісцкія» рэпосты
На «пакаяльным» відэа Вольга Краўчук кажа аб тым, што яе затрымалі з-за таго, што ўбачылі на тэлефоне «рэпосты» з TUT.ВY, «Вясны» і іншых «экстрэмісцкіх» крыніц. Таксама жанчына «прызнаецца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых мітынгах — яна кажа, што гэта радасць і шчасце, што ў Беларусі былі такія мірныя акцыі пратэсту.
Паводле сілавікоў, Вольга арыштаваная на 15 сутак.
Палітвязня Аляксандра Плескацэвіча перавялі з "хіміі" ў бабруйскую калонію
Палітзняволенага Аляксандра Плескацэвіча 16 чэрвеня пасля 20 сутак у ШІЗА міліцыянты прывезлі ў папраўчую ўстанову, каб той забраў свае рэчы. Пасля гэтага яго перавялі ў магілёўскую турму. Паведамлялася, што ва ўстанову яго прывезлі са шматлікімі слядамі збіцця.
Цяпер стала вядома, што палітвязню змянілі пакаранне на больш жорсткае — яго перавялі з ПУАТ у папраўчую калонію № 2.
Нагадаем, Аляксандра асудзілі паводле ч.1 і ч.2 арт. 339 КК ("Хуліганства") за тое, што пакінуў надпісы і расфарбоўваў белай і чырвонай фарбамі хаты, слупы і будынкі ў сваёй вёсцы. Адзін з надпісаў — «Света, я вас кахаю». У лістападзе ў судзе Ляхавіцкага раёна адбыўся суд па справе аб "спагнанні запазычанасці па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі і (ці) плаце за карыстанне жылым памяшканнем" у ПУАТ№ 43. Вынік пакуль невядомы.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Аляксандр Іосіфавіч Плескацэвіч
Папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы «Чёрная книга Койданова - чат», «Орша для жизни»;
- Instagram-старонка «bela.rus.2020»;
- Telegram-чаты «Гродно Ольшанка», «Гродно Девятовка», «Соседи Колбасино».
Палітзняволеную Алену Лазарчык трымаюць у карцары
Праваабаронцам стала вядома, што яна будзе знаходзіцца там да 4 снежня. Калі Алена была змешчана у карцэр і колькі часу там правяла — дакладна невядома.
Паведамляецца, што Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Лазарчык — скаргу на яго падаваў пракурор, была верагоднасць, што прысуд могуць узмацніць.
Нагадаем, актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» прысудзілі 8 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Падтрымаць палітзняволеную: Турма № 4, 212011, Магілёў, Крупскай, 99А, Алене Мікалаеўне Лазарчык