viasna on patreon

Пачынаецца суд над "рэйкавым партызанам", якому пры затрыманні прастрэлілі калені

2022 2022-12-05T10:17:56+0300 2022-12-07T10:16:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/melnik-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі абласны суд у закрытым рэжыме 5 снежня пачынае разгляд рэзананснай крымінальнай справы ў дачыненні да аднаго з “рэйкавых партызан” – Віталія Мельніка, якому пры затрыманні сілавікі прастрэлілі каленныя суставы.

Судовы працэс будзе весці суддзя Анжаліка Данілава.

У чым абвінавачваюць Мельніка?

Следства канчаткова выставіла абвінавачанне па пяці артыкулах:

  • ч. 4 арт. 309 – наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;
  • ч. 2 арт. 295 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • ч. 3 арт. 295 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, здзесненыя групай асоб, альбо паўторна;
  • ч. 1 арт. 289 – акт тэрарызму.

Па сукупнасці пакаранняў па прад'яўленых абвінавачаннях яму можа пагражаць зняволенне ад 10 да 20 год.

Што паведамляе пракуратура?

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Следчага камітэта, які ўстанавіў, што 40-гадовы Віталь Мельнік у сакавіку 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады-Барысаў падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакіроўкі, чым вывеў са строю сістэму сігналізацыі чыгункі. Супрацьпраўныя дзеянні нібыта стварылі рэальную пагрозу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджання рухомага складу, гібелі альбо траўмавання людзей.

У ходзе папярэдняга следства ўстаноўлена дачыненне абвінавачванага да ўчынення іншых злачынстваў.

Так, па інфармацыі пракуратуры, у аўтамабілі і па месцы жыхарства мужчыны была выяўленая незарэгістраваная агнястрэльная зброя (пісталеты). У сацыяльных сетках ён неаднаразова публічна абражаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Пры затрыманні фігуранта супрацоўнікі органаў унутраных спраў абгрунтавана ўжылі агнястрэльную зброю – выстралілі па яго ніжніх канечнасцях, паколькі мелася рэальная пагроза ўзброенага супраціву.

Момант затрымання Мельніка. Скрыншот з відэа МУС.
Момант затрымання Мельніка. Скрыншот з відэа МУС.

Падрабязнасцей па справе пакуль небагата

Вядома, што мужчына пражывае ў вёсцы Хадакова Мінскага раёна, у яго ёсць маленькае дзіця. Сям'я лічыць, што Віталь не мае дачынення да прад'яўленых артыкулаў, і звязвае яго затрыманне з помстай мясцовага суддзі, а таксама тым, што раней у Віталя была судзімасць.

Іншыя падрабязнасці справы пакуль невядомыя. Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Доўгі час праваабаронцам не было вядома, дзе ўтрымліваюць Мельніка. Пазней устаноўлена, што абвінавачаны знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарскага. Перасоўваецца на мыліцах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства