viasna on patreon

Павел Сапелка: "Вясна" падтрымлівала і будзе падтрымліваць людзей, якія сталі ахвярамі парушэнняў правоў

2022 2022-11-29T19:40:37+0300 2022-11-30T10:20:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/20211022_mn_sapelka-6203.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 лістапада стала вядома, што Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць палітзняволеных старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, якія ўтрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года. Па гэтай жа справе будуць судзіць у парадку спецыяльнай вытворчасці і Змітра Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь. Іх абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе крымінальную справу супраць калегаў.

Павел Сапелка. Фота:

"Праваабаронцы "Вясны" Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі цяпер падзяляюць лёс усіх беларускіх палітвязняў. Траіх з іх адвольна пазбавілі волі на тэрмін больш за год па абвінавачванні, якое рассыпалася. Зміцер Салаўёў падвергнуўся адвольнаму затрыманню, катаванням і быў вымушаны з'ехаць з Беларусі, а зараз завочна, без выканання працэсуальных гарантый будзе падвяргацца крымінальнаму пераследу. Цяпер ім прад'явілі чарговыя неабдуманыя абвінавачванні, і накіравалі гэтую спехам скляпаную новую справу ў суд.

Не ставячы перад сабой задачы абмеркаваць і аспрэчыць кожны тэзіс абвінавачвання, скажу толькі адно: права на мірныя сходы і свабоднае выказванне меркаванняў – гэта агульнапрызнаныя правы, якія абавязалася паважаць таксама і Беларусь, падпісаўшы і ратыфікаваўшы Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Менавіта сваёй прыхільнасцю да выключна мірнага характару ажыццяўлення правоў і свабод вядомая "Вясна" на працягу ўсёй гісторыі свайго існавання. Таксама "Вясна" падтрымлівала і будзе падтрымліваць людзей, якія сталі ахвярамі парушэнняў грамадзянскіх і палітычных правоў усімі легітымнымі спосабамі, прасоўваючы і абараняючы правы чалавека як вышэйшую каштоўнасць, будзе нязменна інфармаваць аб усіх якія сталі вядомымі фактах парушэнняў міжнародную супольнасць і міжнародныя арганізацыі.

Сэрцам мы цяпер разам з нашымі калегамі і сябрамі. Таксама нашы нацыянальныя, замежныя і міжнародныя партнёры і калегі падзялялі і падзяляюць нашу ўпэўненасць у невінаватасці праваабаронцаў. Мы разлічваем і далей не зніжаць узровень іх падтрымкі і спадзяемся на тое, што ўсебаковы ціск на ўлады прывядзе да вызвалення палітвязняў".

Нагадаем, раніцай 14 ліпеня 2021 года да Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і іншых вясноўцаў з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. У хуткім часе ім выставілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 243 КК і змясцілі пад варту. Праз год абвінавачванні змянілі на больш жорсткія.

Падтрымайце палітзняволеных вясноўцаў лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

"Справу Вясны" накіравалі ў суд. Распавядаем, што праваабаронцам ставіцца ў віну

Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Кантрабанда і фінансаванне пратэстаў — палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" ўзмацнілі абвінавачванні

Ужо год і два месяцы як старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца за кратамі ў СІЗА-1.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства