Былога работніка пракуратуры асудзілі да шасці гадоў калоніі за перадачу інфармацыі аб сілавіках пратэсным рэсурсам
Справа былога работніка пракуратуры, жыхара Мінска Алега Ермакова разгледжаная Мінскім гарадскім судом 18 лістапада. Яго абвінавацілі ў незаконным зборы ці распаўсюдзе інфармацыі аб прыватным жыцці (ч. 1 артыкула 179, выключанага з кодэкса 26.05.2021 года) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вёў суддзя Сяргей Хрыпач.
Палітзняволены Алег Ермакоў – былы работнік пракуратуры, юрыст першага класу, быў затрыманы 10 лютага 2022 года. Абвінавачваецца ў разгалашэнні дадзеных супрацоўнікаў праваахоўных органаў і перадачы дадзеных пратэсным інфармацыйным рэсурсам.
Жанаты, мае дзвюх непаўналетніх дачок.
Суд пастанавіў прызнаць Ермакова вінаватым і пакараў пазбаўленнем волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на шэсць гадоў.