Узбуджаюць новыя крымінальныя справы на асуджаных, папаўняюцца спісы "экстрэмісцкіх" матэрыялаў: хроніка пераследу 21 лістапада Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязня Яўгена Нарэйку перавялі ў СІЗА па новай крымінальнай справе
Яўгена затрымалі 20 студзеня 2022 года. Яго абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 366 (Гвалт альбо пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы), арт. 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці) і арт. 342 (Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). Яўгена асудзілі да 4 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў шклоўскую калонію № 17.
Але днямі сваякам стала вядома, што яго зноў перавялі ў СІЗА у межах новай крымінальнай справы. Па папярэдняй інфармацыі, супраць Нарэйкі ўзбуджана крымінальная справа за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК). Сваякі да гэтага часу не ведаюць, у якім СІЗА утрымліваюць палітвязня, таму не могуць перадаць яму неабходныя рэчы.
28 чэрвеня КДБ уключыў палітвязня ў "спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці". Дома Яўгена чакаюць дзве дачкі: 11-гадовая Маша і Алекса, якой няма яшчэ году.
Асуджанага да 15 гадоў калоніі палітвязня будуць судзіць зноў
Гомельскі абласны суд 25 лістапада ў закрытым рэжыме будзе зноў судзіць 33-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Паднябеннага. Ён мае расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства. 30 чэрвеня гэтага года Андрэя ўжо асудзілі да 15 гадоў калоніі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму). Прысуд вынес Анатоль Сотнікаў. Паднябеннага ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў".
Цяпер яго будуць судзіць яшчэ па чатырох артыкулах КК: ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Гэтым разам судзіць хлопца будзе Руслан Царук.
Падтрымайце Андрэя: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Андрэй Валянцінавіч Паднябенны.
Вольгу Брыцікаву перавялі ў віцебскі СІЗА. Меркавана, супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу
Стала вядома, што старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву перавялі ў віцебскі СІЗА-2. Меркавана, супраць актывісткі ўзбудзілі крымінальную справу, але дакладных звестак пра гэта ў праваабаронцаў пакуль няма.
Нагадаем, 11 лістапада над Вольгай адбыўся другі суд запар за "несанкцыянаванае пікетаванне". Падставай для пратакола стаў малюнак "Не вайне" на яе старонцы ў фэйсбуку, за які яна адбыла арышт некалькі месяцаў таму. Але суддзя Зінаіда Балаболава зноў прызнала Вольгу вінаватай і асудзіла яе да 15 сутак арышту.
Вольга аб'явіла галадоўку з 8 лістапада. Прычынай стала парушэнне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў. Пакуль няма інфармацыі, ці працягвае Вольга галадоўку.
Падтрымайце Вольгу: СІЗА-2, 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Вольга Ігараўна Брыцікава.
Прызначаная дата суда над адміністратарамі "Чорнай кнігі Беларусі»
12 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачнецца судовы працэс над Янінай Сазановіч, Дзмітрыем Навошам, Даніілам Багдановічам, Валерыяй Занямонскай і Вольгай Высоцкай.
Іх абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы, а таксама незаконных дзеяннях у адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных.
Крымінальная справа будзе разглядацца ў рамках «спецыяльнага вытворчасці», то бок завочна, у адсутнасць абвінавачаных.
Адбыліся чарговыя абнаўленні ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў
Так пружанскі суд пастанавіў прызнаць тэлеграм-чат „Пружанка/Пружанец” экстрэмісцкім.
У сваю чаргу суд Жабінкаўскага раёна прызнаў экстрэмісцкім тэлеграм-чат "Дзевятоўка-Гародня”. Адметна тое, што па пазначанай спасылцы адсутнічае чат на тэму Гародні, з падобным індэфікатарам ёсць толькі тэлеграм-канал анархістаў.
А рашэннем суда Пінскага раёна да спісу экстрэмісцкіх выданняў дададзеная суполка ў сацыяльнай сетцы фэйсбук „Пінск – гэта Радзіма”.
Затрымалі натарыуса Мінскага гарадскога натарыяльнага округа з 17-гадовым стажам працы
«Пакаяльнае» відэа з ёй апублікаваў праўладны тэлеграм-канал. Згодна яго інфармацыі, жанчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. Сама яна гэта адмаўляе. Натарыус кажа, што была падпісаная на дваровы чат, але не распаўсюджвала «інфармацыю дэструктыўных каналаў не распаўсюджвала». Паведамляецца, што яе затрымалі «в ходе отработки дворового экстремистского чата». Імя і прозвішча затрыманай высвятляецца.
Сёння падчас заняткаў затрымалі студэнта-медыка Максіма Гуйдо
26-гадовы хлопец вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медычным каледжы.
Максім паступіў у каледж толькі ў гэтым годзе, да гэтага ён 5 гадоў служыў па кантракце, а потым працаваў у міліцыі. У 2020 годзе звольніўся.
У Гомелі ізноў затрыманы Ілля Міронаў
Сталя вядома, што сёння, у другой палове дня быў затрыманы Ілля Міронаў. Суд адбудзецца заўтра. Імаверна на яго склалі пратакол па 19.11 КаАП РБ. Ілля змешчаны ў ІЧУ.
Інфармацыя дапаўняецца.