viasna on patreon

"Затрымлівалі як нейкага тэрарыста". Брэстчанін, якога затрымалі ў Расіі і не выдалі Беларусі, распавёў сваю гісторыю

2022 2022-11-10T11:55:06+0300 2022-11-10T12:11:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kazimirau_89.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Расіі працягваюць затрымліваць беларусаў праз палітычны пераслед на Радзіме і выдаваць іх беларускім уладам. Спартоўцу і антыфашысту Андрэю Казіміраву цяпер 23 гады, але ён ужо праз шмат што прайшоў: раненне на акцыі пратэсту ў родным Брэсце, два затрыманні ў жніўні 2020-га, статус абвінавачанага за "масавыя беспарадкі", пераезд у Расію і абвяшчэнне ў міждзяржаўны вышук, затрыманне ў Маскве, год у расійскім СІЗА, атрыманне абароны ад ЕСПЧ ад экстрадыцыі ў Беларусь, восем месяцаў хавання ў Расіі і пераход мяжы з ЛітвойКазіміраў — першы затрыманы ў Расіі беларус, якога Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" прызнаў палітвязнемАндрэй толькі нядаўна апынуўся ў бяспецы і распавёў "Вясне", што яму давялося перажыць за гэтыя два гады.

Андрэй Казіміраў
Андрэй Казіміраў

Андрэй родам з Брэста, сам раней займаўся спортам: быў у зборнай па хакеі на траве, захапляўся змяшаным адзінаборствам. Пасля заканчэння каледжа паступіў у польскі ўніверсітэт, але потым узяў акадэмічны адпачынак, каб зарабіць на вучобу. Падарожнічаў па Еўропе: жыў у Эстоніі, Літве, Іспаніі. Потым вярнуўся ў Польшчу — працягнуў навучанне і працаваў у кавярні адміністратарам. Падчас пандэміі вярнуўся дадому ў Брэст і не змог з'ехаць з Беларусі, бо былі зачыненыя межы. У жніўні 2020 года далучыўся да акцый пратэсту ў родным горадзе.

"Гэтая сістэма павінна была скончыцца ў 2020 годзе" 

Андрэй адзначае, што ягоны ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў не быў імпульсіўным — гэта было ўзважанае і ўсвядомленае рашэнне, прынятае за некалькі месяцаў:

"Цікавіцца рознымі субкультурамі я пачаў у гадоў 13-14, а ў нас у горадзе было два выбары: або ты фанат футбольнага клуба "Дынама-Брэст", погляды якіх былі мне няблізкія, або іншыя тусоўкі, дзе былі антыфашысты і антырасісты, рок-музыкі, тыя, якія падтрымлівалі ўжо тады палітвязняў, актывісты "Ежа замест бомбаў". Мне з другімі было нашмат камфортней. Я сталеў, кантактаваў. І да 9 жніўня 2020 года я ўжо быў адмоўна настроены супраць улады і хацеў пераменаў. Я выдатна разумеў, што людзям надакучыла трываць, і цяпер усё пачнецца. І гэтая сістэма павінна была скончыцца ў 2020 годзе. І 9-га, і 10-га [жніўня] я быў упэўнены, што мы пераможам! Цікава, што ўсе прадстаўнікі розных субкультур тады згуртаваліся, нягледзячы на мінулыя рознагалоссі, і мы ведалі, што ў нас адзін агульны вораг.

9 жніўня некаторыя людзі прыйшлі проста паглядзець. Але міліцыя пачала паводзіць сябе неадэкватна. Вядома, што ў нас у Брэсце былі сілавікі з Гродна, напэўна, для таго, каб ім не было шкада страляць па людзях ці штосьці такое. У той дзень мала хто быў гатовы неяк змагацца. Хлопцы прыйшлі ў шортах, тапках, басаножках. А вось 10-га ўжо ўсе ў штанах былі, хтосьці нават у касках".

"Я атрымаў кулю ў нагу — яна мне разарвала лытку"

Хлопца паранілі ў нагу гумовай куляй на другі дзень акцый пратэсту. Ён адзначае, што быў сведкам таго, як сілавікі ранілі многіх людзей, а некаторым ён аказваў першую медыцынскую дапамогу.

"10 жніўня, калі пачаліся сутычкі з сілавікамі, калі яны пачалі страляць, кідаць светлашумавыя гранаты, я апынуўся ў самым эпіцэнтры. Выбухаюць гранаты, хтосьці падае, хтосьці крычыць, кулі лётаюць. Было вельмі шмат жанчын. І людзі не былі гатовыя да такога — куды ты пойдзеш голы на кулі? Мы пачалі адыходзіць да МОПРу, і вось да мяне падыходзіць хлопец і кажа: "Дапамажы". І мы пачынаем выцягваць сметніцу — яна мяне потым і падвяла [гэты эпізод лёг у аснову абвінавачвання паводле арт. 293 КК супраць Андрэя]. У нас тады пачалі страляць. Я атрымаў кулю ў нагу — яна мне разарвала лытку. Да мяне адразу хтосьці падбег пераматаў нагу. Я адразу не зразумеў, што адбылося, — проста вісіць кавалак мяса, а крыві яшчэ няма.

Наогул 10 жніўня адбываўся хаос. На Савецкай таксама стралялі. І каля мяне быў нейкі дзед — незразумела, як ён там апынуўся і што ён там рабіў — і калі людзі пачалі ўцякаць, ён проста не разумеў, што адбываецца, ён проста стаяў і яму куля патрапіла ў жывот і разарвала яго, у яго кішкі пачалі выпадаць, усё было ў крыві. Нам з вокнаў скідаюць нейкія бінты — мы перавязвалі яго. Яшчэ аднаму мужчыну дапамагалі з грудзей кулі даставаць — іх у яго было тры. Нейкай дзяўчынцы ў спіну настралялі. Я бачыў, як некаторым нават у шыю, грудзі, плечы траплялі, а калі яна вышэй ці ніжэй трапіла — яна ж адразу заб'е. Стралялі звычайныя "касманаўты" без апазнавальных нашывак. Гэта была "жэсць". Ніхто не ведаў, што рабіць".

"Мне пашанцавала яшчэ — мяне білі толькі па дарозе ў машыне і пакуль чакаў каля ІЧУ" 

Затрымалі Андрэя 11 жніўня — тады ў горадзе выключылі святло і сілавікі ездзілі на бусах і вылоўлівалі хлопцаў прызыўнога веку. Такая самая практыка была і ў Пінску, дзе такім чынам затрымалі дваіх палітзняволеных сябраў Данііла Богната і Алега Рубца

"Каля 23-й гадзіны 11 жніўня я з сябрам прыйшоў у краму на запраўцы побач са сваім домам. Мы стаялі на касе і размаўлялі пра мітынгі, а ззаду нас, аказваецца, стаяў амапавец у цывільным. І ён раптам пачаў заломліваць майго сябра — мы на вуліцы яго адпіхвалі і нават не разумелі, што гэта амапавец. Думалі, што гэта проста нейкі мужык, які лезе біцца. Ён стаяў ззаду нас з бутэрбродам. Мой сябар вырваўся і ўцёк. Тым часам з машыны вылез другі амапавец з пісталетам. Так мяне і затрымалі. Па дарозе амапавец мяне пабіў: станавіўся нагой на галаву, за вушы торгаў, біў па галаве. Мяне закінулі ў ізалятар часавага ўтрымання на трое сутак і там я ўбачыў, якія ўсе сінія былі. Мне, калі шчыра, пашанцавала яшчэ — мяне білі толькі па дарозе ў машыне і пакуль чакаў каля ІЧУ. Паштурхалі, на каленах паляжаў у Ленінскім РАУС і ўсё. Страшна, насамрэч — усе былі сінія".

Мастаку з Брэста пры затрыманні зламалі нагу. Так яго ўтрымлівалі чатыры дні

42-гадовы мастак з Брэста Кірыл Ляшук быў затрыманы ўвечары 10 жніўня на цэнтральнай вуліцы горада.

Андрэя змясцілі ў шасцімясцовую камеру сёмым.  

"Калі зайшоў да хлопцаў у камеру, то там ужо была бяда. У камеры быў хлопец, якому разарвала яечка. Яго закінулі ў гараж пры Ленінскім РАУС [там утрымлівалі адміністрацыйна затрыманых падчас акцый пратэсту]. Як і іншых, яго збівалі — усе просяць прабачэння, стогнуць, плачуць, а ён стаіць і маўчыць. Міма праходзіць амапавец і кажа: "Дык а што вы яго гладзіце, чаго ён не скардзіцца?" Потым стукнуў са спіны паміж ног — яны былі рассунуты на шырыні плячэй. І ён тры дні потым правёў у камеры ІЧУ. У яго ўсё апухла — яйка было памерам з кулак. Пасля яму рабілі аперацыю".

Як распавядае Андрэй, у ІЧУ ён баяўся паказваць рану ад кулі на назе мясцовым лекарам. Але на трэція суткі ў яго там пачало гнаіцца. Таму хлопец вымушаны быў звярнуцца да доктара, сказаўшы, што ў яго простая побытавая траўма.

"Добра, што ў мяне след быў не глыбокі, а нага была проста разарваная. Я прыйшоў і кажу: "Вось, я на будоўлі працую, шыфер кладу, зваліўся і зачапіўся за цвік". Яна мне прамыла рану і заматала яе. Потым я ўбачыў у яе каляндар са словамі: "Все милицию зовут, а она уж тут как тут!" І мне так забаўна стала".

"У куце ў велізарным скураным фатэлі сядзіць чэкіст у звычайных джынсах, белай майцы і балаклаве" 

На трэція суткі, 14 жніўня, Андрэя выклікалі на допыт. На той момант у камеры ён застаўся толькі з таксістам, якога затрымалі за сігнал.

"Гэтаму таксісту разламалі машыну, выкінулі яго адтуль з братам. Але самае цікавае, што ён пасігналіў не мітынгу, а аўтобусу АМАПа, які выязджаў на галоўную дарогу і парушаў правілы дарожнага руху.

Я заходжу ў пакой і бачу: тры міліцыянты на крэслах, а ў куце ў велізарным скураным фатэлі сядзіць малады хударлявы чэкіст у звычайных джынсах, белай майцы і балаклаве. Сядзіць і маўчыць. А ў мяне як быццам сумоўе нейкае. Супрацоўнікі спрабавалі дазнацца прозвішча сябра, які тады ўцёк на запраўцы. Але я ведаў, што ён мусіў ужо з'ехаць у Польшчу. Я ў іх запытваю: "Калі я ўжо дадому пайду?" Яны глядзяць на гэтага кадэбэшніка, ну і я гляджу, а мне так робіцца страшна, я не ведаю што сказаць, і чамусьці выдаю гэтую фразу з календара медсястры: "Все милицию зовут, а она уж тут как тут!" Ён на мяне глядзіць і кажа: "Хай ідзе нах*й клоўн гэты" Мне выдалі мае красоўкі без шнуркоў, і я з усіх ног, узяўшы абутак у рукі, пабег дадому!"

"Губазавец паехаў са мной на кіраванне, ён яшчэ і падказваў мне, маўляў, каб я счапленне не кідаў" 

Праз два тыдні па Андрэя дадому прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа.  

"А 7-й раніцы званок у дзверы — я яшчэ спаў. Мама мяне будзіць — я пабег у кладоўку. Заходзяць двое і даюць маці візітоўку, каб я ім ператэлефанаваў потым. А ў мяне кіраванне было на 9 раніцы! І навошта я на яго пайшоў? Я ж падумаў, што яны заехалі і паехалі, але я ж усё адно ведаў, што яны пад пад'ездам будуць мяне чакаць. І вось я выходжу, а яны адразу з машыны падыходзяць да мяне і кажуць: "Казіміраў Андрэй Сяргеевіч?" Я кажу: "Не". Яны пытаюцца: "А хто?" А я кажу: "Леанід Вакульчук". Сказалі весці іх у кватэру. А я назваў прозвішча суседа, які жыве ўжо ў іншым боку. І вось мы падыходзім да чужой кватэры і я ім кажу: "Добра, вы мяне злавілі!" Мяне пасадзілі ў машыну і я кажу ім: "Я разумею, што гэта вашая праца, але мне трэба атрымаць правы. Давайце вы мяне цяпер адвезяце да майго майстра — я адкатаю кіраванне, і вы мяне адвезяце ў Следчы камітэт". І яны пагадзіліся! Але з умовай, што адзін з губазаўцаў паедзе са мной у машыне. І вось я прыходжу да інструктара і кажу, што я сёння не адзін. І рэальна губазавец паехаў са мной на кіраванне, ён яшчэ і падказваў мне, маўляў, каб я счапленне не кідаў.

Але жарты скончыліся, калі мяне завялі ў кабінет да следчага. Вельмі страшны. Ён на мяне нават не глядзеў — сядзеў у сваім камп'ютары. І кажа: "Андрэй, вас сюды прывезлі, таму што вы з'яўляецеся падазраваным паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках)". 

"Думаў, што наша мяжа ахоўваецца сур'ёзней за амерыканскую"

Падставай для завядзення крымінальнай справы супраць Казімірава сталі запісы з гарадскіх камер назірання ў цэнтры горада, дзе ён папраўляў маску на вул. Савецкай, і відэа з чужых тэлефонаў каля сметніцы.

"А на тых скрыншотах, якія мне паказваў, немагчыма даказаць, што гэта не я. Гэта я быў на сто адсоткаў. Я разумею, што ўсё. І я пачынаю яму распавядаць жаласную гісторыю пра тое, як мяне папрасіў хлопец проста дапамагчы, а я проста ішоў міма і ніколі не ўдзельнічаў у мітынгах. Але яму было ўсё адно, што я яму расказваю. Потым ён паднімае галаву, глядзіць на мяне секунд дзесяць, дастае падпіску аб нявыездзе. Нічога сабе! А побач сядзіць малады хлопец у кайданках, якому нядаўна споўнілася 17 ці 18 гадоў — яго толькі з СІЗА прывезлі".

Андрэй узгадвае, што па вяртанні дадому не ведаў, што яму рабіць далей.

"Я думаў, што наша мяжа ахоўваецца сур'ёзней за амерыканскую. Думаў, што там сцяна і наогул ніяк не прайсці. І ў мяне тады нават думак не было нелегальна выехаць з краіны". 

8 верасня 2020 года хлопец на маршрутцы адправіўся ў Расію.

"Праўда, бус захраснуў у балоце, і нам давялося яго выштурхоўваць. Паўдарогі ехалі з мокрымі нагамі. Па прыездзе ў Маскву я паехаў далей у Піцер са сваімі мокрымі нагамі".

Цяпер Андрэй прызнаецца, што тады ў Расіі не думаў нават пра простыя меры бяспекі: ездзіў у метро без маскі, карыстаўся старым тэлефонам:

"Я думаў, што гэта ўсё жарты нейкія. Я тады думаў, што распачатыя рэпрэсіі скончацца вельмі хутка. Думаў, што ён [Лукашэнка] нас усіх зараз пасадзіць, а праз паўгода выпусціць, як гэта адбываецца ў іншых краінах з падобным рэжымам. Я не баяўся там зусім. Але я ўжо шукаў шляхі выезду ва Украіну". 

"Затрымлівалі проста як нейкага тэрарыста — неставала толькі папераджальнай стральбы"  

Андрэй Казіміраў на судзе ў Маскве
Андрэй Казіміраў на судзе ў Маскве

Як потым стала вядома, Казімірава абвясцілі ў міждзяржаўны вышук яшчэ 8 лістапада 2020 года. Знаёмыя Андрэя дапамаглі знайсці яму чалавека, які дапамог бы яму выехаць з Расіі ва Украіну. Берасцеец заплаціў вялікую суму і меўся выехаць 10 студзеня 2021 года, але яго ашукалі. Праз чатыры дні Андрэя затрымалі.

"14 студзеня. Масква. Раён Пярова. Там у іх сапраўды шмат снега — проста неверагодная колькасць ападкаў. Нейкая Сібір проста. Я ў той дзень якраз у сябра папраў усе рэчы. Я як жабка-вандроўніца з адным заплечнікам, а ў ім пара шкарпэтак, майткоў, майка, шорты. Я як ведаў, што ў гэты дзень у турму заеду [смяецца]. Я памятаю гэты момант: тузаю за шлейкі партфеля і думаю: "Які добры дзень!" І вось з буса выбягаюць два велізарныя мужыкі — супрацоўнікі САХРу Расгвардыі. Яны пачынаюць на мяне бегчы ў балаклавах, а я ад іх па гэтых вялізных сумётах. Пераскокваю адну машыну — і мяне збіваюць оперы з пісталетамі з іншага боку. Мне заламалі рукі і зацягнулі ў гэты бус. Там з мяне пачынаюць сцягваць штаны. Я кажу: "Што вы робіце?!" А яны адказваюць: "Цяпер я*аць цябе будзем!" Яны спыталі, ці ёсць у мяне шнар на назе. Калі я сказаў, што ёсць, то вырашылі не здымаць штаны. У мяне былі дзве адметныя рысы — шнар на назе ад кулі і завушніца ў носе. Мяне затрымлівалі проста як нейкага тэрарыста — неставала толькі папераджальнай стральбы ўверх. Нейкі баявік проста".

Суд адразу абраў для Казімірава 30 сутак арышту. На два тыдні яго змясцілі ў СІЗА-7 Капотня.

"Ну турма як турма. Гэта СІЗА, дзе ўтрымлівалі зняволеных на час карантыну. Там, вядома, рэжымная турма. Ахоўвалі нас калмыкі з сабакамі. У камеру мяне завялі першым. Там я наогул не хваляваўся і лёг спаць абсалютна спакойным. Я тады настройваўся, што ўсё будзе нармальна". 

"На дварэ мінус 25 градусаў, а ў камеры мінус 10" 

Потым Андрэя перавялі ў СІЗА-4 Мядведкава. Там ён прабыў амаль год, дзе змяніў тры камеры. Яны разлічаныя на восем чалавек, але туды, паводле хлопца, дастаўляюць яшчэ адзін двух’ярусны ложак і робяць камеру на дзесяць чалавек. Але калі СІЗА былі перапоўнены — як улетку 2021 года — то ў камеры з дзесяццю спальнымі месцамі змяшчаюць па 12-13 чалавек. 

Так выглядае адна з камер у маскоўскім СІЗА-4 Мядведкава, дзе Андрэя Казімірава ўтрымлівалі амаль год
Так выглядае адна з камер у маскоўскім СІЗА-4 Мядведкава, дзе Андрэя Казімірава ўтрымлівалі амаль год

"Калі мяне прывялі, то сказалі, што буду сядзець на новым блоку. Я заходжу, а там наогул не новы блок: напэўна, яго з 1974 года новым называюць. На Капотні былі строгі парадак і цішыня, а на Мядведкава — балаган: у кагосьці музыка грае, хтосьці спявае, хтосьці ў нарды гуляе, усе крычаць. Гэта было ўжо 25 студзеня, на дварэ мінус 25 градусаў, а ў камеры — мінус 10".

"Было шмат вельмі падтрымкі — пісала неверагодная колькасць людзей"  

На ўмовы і стаўленне ў маскоўскім СІЗА брэстчанін асабліва не скардзіцца. Хлопец узгадвае службу адпраўкі — "ФСИН-письмо", якая дзейнічала на тэрыторыі ягонага ізалятара. Андрэй распавядае, што атрымліваў вельмі вялікую падтрымку лістамі і паштоўкамі як ад беларусаў, гэтак і ад еўрапейцаў.

"За год у мяне столькі набралася паштовак і лістоў, што калі я з'язджаў, то мы маімі паштоўкамі ўпрыгожылі ўсю камеру. Было шмат вельмі падтрымкі — пісала неверагодная колькасць людзей. Вельмі шмат было лістоў з Еўропы ад замежнікаў на ангельскай мове: з Амерыкі, Германіі. Мне нават пісаў нейкі еўрапейскі экаактывіст. Мне пісала жанчына-пенсіянерка, якая захаплялася вандроўкамі, і пакуль я сядзеў, яна два разы з'ездзіла ці то ў Турцыю, ці то ў Грузію і яшчэ кудысьці — і штораз мне дасылала цэлыя прэзентацыі. Я ўсім намагаўся адказваць. Лісты мне падтрымлівалі не толькі мяне, але і ўсю камеру. Усе чыталі, як навінавыя зводкі, прасілі даслаць праз мяне, напрыклад, трэніравальныя практыкаванні. Гэтае "ФСИН-письмо" вельмі разумна зроблена. На маім СІЗА наогул не было цэнзуры". 

З некаторымі з тых, хто падтрымліваў Андрэя, хлопец працягвае зносіны і цяпер — нават у госці да яго прыязджалі.  

"Каб суд не перагледзеў сваё рашэнне, Кудзіна пасадзілі на самалёт у Мінск" 

Расійскія праваабаронцы з "Мемарыяла" прызналі брэстчаніна палітвязнем. Гэта першы беларус, які быў прызнаны палітвязнем у Расіі праз пераслед беларускімі ўладамі. Але Андрэй цяпер успамінае, што надзей на тое, што яго выпусцяць на волю і не перададуць беларускім уладам, было мала:

"Адвакат у мяне быў Іларыён Георгіевіч Васільеў — вельмі сур'ёзны. На першай сустрэчы ён сказаў, што артыкул у мяне сур'ёзны і сядзець мне трэба не паўгода, а цэлы год. І адзіны шанец выйсці — правіла 39 Рэгламенту Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ). І калі мы сабралі амаль усе адмовы, каб падавацца ў ЕСПЧ, то байцу Аляксею Кудзіну даюць гэтае правіла, але ў дзень, калі яму суд ухваліў экстрадыцыю ў Беларусь. Пра рашэнне ЕСПЧ дазналіся сілавікі, і тады яны, каб суд не перагледзеў сваё рашэнне, Кудзіна пасадзілі на самалёт у Мінск. Да гэтага нікога з Расіі ў Беларусь не экстрадавалі самалётам. Гэта вельмі не спадабалася ЕСПЧ. І як толькі мы падалі паперы ў суд, то нам адразу ўхвалілі іх. Мой адвакат радаваўся! Але застаецца яшчэ чакаць чатыры месяцы — заканчэння тэрміна зняволення. Мой адвакат ім піша: "Калі вы цяпер не можаце яго адправіць у Беларусь, то навошта вы яго трымаеце?" А яны яму кажуць: "Ну мы не ведаем".

Мы з адвакатам думалі, што як толькі скончыцца тэрмін, то мяне пасадзяць у машыну і проста вывезуць. Я не верыў, што я проста выйду".

Андрэя Казімірава мусілі выпусціць з СІЗА 14 студзеня 2022 года. Ён праз лісты папрасіў людзей яго сустрэць, каб яго не маглі выкрасці публічна. Але берасцейца вызвалілі з СІЗА на чатыры дні раней.

"Мне ўвечары 10 студзеня кажуць: "Казіміраў, з рэчамі на выхад!" Я не ведаў, што рабіць. У выніку я сабраў усе рэчы. Але я выходзіў з турмы гадзіны чатыры: спыняліся ля кожных дзвярэй — а іх штук 50! І каля апошніх дзвярэй дастаюць маю справу і пачынаюць правяраць усю інфармацыю па ёй. Я павінен быў назваць артыкул, калі быў затрыманы, хто мая маці, а потым яшчэ адбітак пальца прыкласці. Гэта ўсё дзеля таго, каб ніхто іншы замест мяне не выйшаў". 

"Ну ўсё, думаю, цяпер мяне дакладна ў іншую машыну да нашых кадэбэшнікаў закінуць"

На выхадзе з СІЗА Андрэя сапраўды ўжо чакалі два супрацоўнікі паліцыі — адзін у цывільным, іншы ў форме — на чорнай Mazda з залепленымі брудам нумарамі.

"Выхад з гэтай турмы — на нейкую пустку. І навокал нікога. Яны сказалі, што прыехалі з Пяроўскага аддзяленні і мне трэба з імі прыехаць нібы для падпісання нейкіх дакументаў. А я сказаў, што нікуды з імі не паеду. Пачаў хапацца за парэнчы — яны мяне тузаюць. Яны пачалі пагражаць, што калі не паеду з імі, то яны пачнуць ужываць фізічную сілу да мяне. А што мне застаецца рабіць? Паехаў з імі. У машыне сядзела яшчэ адна супрацоўніца — з выгляду гадоў васямнаццаці, як быццам яе з клуба нейкага забралі. Я сяджу жартую з імі і гляджу, што паліцыянту па форме хтосьці піша ў WhatsАpp: "Ну што, забралі? Не выёб*ваецца?" Ну ўсё, думаю, цяпер мяне дакладна ў іншую машыну да нашых кадэбэшнікаў закінуць. А я сяджу пасярэдзіне паміж паліцыянтамі і не ведаю, што мне рабіць".

У выніку Андрэя прывезлі ў Пяроўскае аддзяленне, дзе яму ўручылі пратакол аб знаходжанні ў Расіі нелегальна. 

"Я зразумеў, што мяне хочуць адправіць на дэпартацыю праз Цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзян у Сахараве. Гэта горш за турму разы ў тры. І калі б мяне туды адправілі, то я б мог там праседзець два гады, і гэты тэрмін не быў бы залічаны ў мой тэрмін. Адправіць адтуль яны мяне не могуць з прычыны правіла 39 Рэгламенту ЕСПЧ, таму чакалі б, пакуль я сам не напішу прашэнне аб дэпартацыі мяне ў Беларусь".

"Вызвалены без абмежаванняў!" 

Андрэй Казіміраў ў маскоўскім СІЗА-4 Медведкава
Андрэй Казіміраў ў маскоўскім СІЗА-4 Медведкава

На наступны дзень Казімірава зноў прывезлі ў суд. Пракуратура хадайнічала аб тым, каб прызначыць Андрэю меру стрымання ў выглядзе забароны пэўных дзеянняў. У суд, акрамя адваката і праваабаронцы, прыязджае той самы супрацоўнік паліцыі, які дакладаў камусьці пра затрыманне Андрэя праз WhatsАpp. 

"Гэтага супрацоўніка вельмі цікавіў мой лёс — ён хадзіў усё даведваўся. Я трапіў да суддзі, якая мне падаўжала два разы мой тэрмін да экстрадыцыі. Яна мяне пазнала. І вось яна ўстае і пачынае зачытваць справу". 

Суд пачаў разгляд справы ў дачыненні да Казімірава з нагоды абмежавання ягоных правоў карыстання грамадскімі месцамі (напрыклад, забарона карыстацца грамадскім транспартам, знаходзіцца на Краснай плошчы). 

"І тут суддзя глядзіць на пракурорку і запытвае: "Чаму яго год трымалі ў СІЗА і дагэтуль не адправілі?" А яна не ведае, што адказаць. І тут у залу суда заходзіць той самы паліцыянт, які вёў мяне, і нясе пратакол пра тое, што я ў Расіі знаходжуся нелегальна. Суддзя пачала на яго крычаць, што я год праседзеў у СІЗА, а мяне так і не змаглі адправіць, і выгнала паліцыянта з залы. А мне — "Вызвалены без абмежаванняў!" Я ўзяўся за галаву проста. Мы з адвакатам выходзім з залы, а там "касманаўты" чакаюць і кажуць, што мне трэба праехаць з імі. Я гляджу на адваката і пытаюся: "Я вольны?" Ён адказвае, што так. Я гляджу на іх і кажу: "Я вольны, я магу з вамі не ехаць?" "касманаўты" адказваюць: "Можаце, але так будзе нашмат горш". І вось мы стаім у коле: я, адвакат, праваабаронца і два паліцыянты, і вырашаем, што мне рабіць. Адзін "касманаўт", які не вельмі, мабыць, любіць сваю краіну, раіць мне не ехаць з імі".

"А куды адразу з'язджаць? У мяне няма пашпарта, я ў вышуку"

У выніку пасля настойлівых пераконванняў "касманаўтаў" Андрэю давялося з імі праехаць у пракуратуру. Пракурору, як і суддзю, трэба было паведаміць адрас, дзе ён будзе жыць.

"Мы ўсе на бусе прыехалі да таго пракурора, які мяне год таму і пасадзіў. Але за гэты час у яго ў кабінеце нічога не змянілася: як стаяў год назад на стале кубак з выявай піва, так і стаіць дагэтуль".

Казіміраву сказалі падпісаць абавязальніцтва аб яўцы. На выхадзе з пракуратуры ён ізноў сустракае таго самага паліцыянта, які суправаджаў яго з моманту выйсця з СІЗА.

"Мы яго сустрэлі на першым паверсе — ён увесь у спешцы быў. І пытаецца: "Ну што, як у вас справы?" Я на яго гляджу і запытваю: "З якой мэтай цікавішся?" Я яму кажу, што я свабодны чалавек і магу не адказваць. Ён міма мяне хутка пабег да пракурора. Мы выклікалі таксі, і вось мне тэлефануе пракурор і просіць, каб я вярнуўся, таму што нібыта нейкую паперку забыўся падпісаць. Я кажу, што я з'ехаў ужо далёка і прыеду паслязаўтра. Больш яны мяне не бачылі".

Праз месяц Андрэя Казімірава абвясцілі ў федэральны вышук — артыкул невядомы. У хлопца атрымалася пакінуць Расію толькі праз дзевяць месяцаў — 7 верасня ён перайшоў мяжу з Літвой. Увесь гэты час Андрэй хаваўся ў Расіі.

"А куды адразу з'язджаць? У мяне няма пашпарта, я ў вышуку".

Хлопец кажа цяпер, што наогул не шкадуе пра тое, што далучыўся да акцый пратэсту.

"Цяпер, калі шчыра, я наогул не бачу нейкіх перспектыў на перамены, таму што сваёй няўдачай мы толькі ўзмацнілі рэжым. Не бачу ніякіх пробліскаў у нас у краіне".

Андрэй вельмі хоча вярнуцца ў Беларусь і адразу сказаў, што будзе там працаваць дзіцячым трэнерам.

"Я люблю дзяцей, таму мог бы ў школе працаваць. Спорт — гэта добра. У мой час мала хто ім займаўся, а цяпер дык наогул".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства