viasna on patreon

22-гадовага грузчыка, які разганяў пратэсты ў 2020-м, асудзілі за відэа ў TikTok

2022 2022-11-04T13:08:54+0300 2022-11-04T14:20:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tiktok.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 лістапада ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска вынеслі прысуд 22-гадоваму грузчыку кандытарскай фабрыкі “Віцьба” Аляксею Грыгаровічу. Суддзя Вольга Шапавал прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзіла да пазбаўлення волі тэрмінам шэсць месяцаў з умоўным непрымяненнем пакарання, згодна з арт. 78 Крымінальнага кодэкса.

Гэта значыць, што калі цягам года ён, знаходзячыся пад наглядам, не здзейсніць нічога, што ўладзе падасца “злачынным”, яго не пазбавяць волі, а таксама здымуць судзімасць.

Бок дзяржабвінавачання падтрымліваў памочнік пракурора Раман Краўцоў.

Відэа ў TikTok

У ноч з 17 на 18 ліпеня 2022 года Аляксей Грыгаровіч, выпіўшы, стварыў і размясціў у TikTok відэазапіс з удзелам младшага інспектара дарожна-патрульнай службы Уладзіміра Васількова. Сержант міліцыі ўспрыняў яго за абразу, якая ўплывае на ягоны аўтарытэт, гонар і годнасць. Мужчыну затрымалі 18 ліпеня 2022 года: трое сутак ён знаходзіўся ў ІЧУ.

Суд вырашыў прагледзець відэазапіс, які быў выкладзены ў інтэрнэт. На ім была чутная фраза: "Может, ты (неразборліва), может ты х** пососешь, бл***?" Грыгаровіч прызнаўся, што гучыць ягоны голас.

Васількоў адмовіўся ад пазова аб кампенсацыі маральнай шкоды. Ён распавёў, што пазнаёміўся з абвінавачаным падчас вучобы ў каледжы, але з тых часоў больш не камунікаваў з ім. У дзень здарэння ён бачыў, што Грыгаровіч здымаў яго на тэлефон, зрабіў яму заўвагу, каб ён перастаў здымаць, а з раніцы яму пачалі тэлефанаваць знаёмыя і распавядаць, што ўбачылі відэа з ім, на якім ён стаяў на праезнай частцы, а Грыгаровіч вымавіў нецэнзурны каментар. Гэтае ж выказванне абвінавачаны прапісаў на відэа тэкстам. На відэа было каля 16-17 тысяч праглядаў.

"Учынак зламаў мне жыццё"

Грыгаровіч прызнаў віну. Ён распавёў, што яны з Васільковым раней вучыліся на адным курсе ў палітэхнічным каледжы. Ён не ведаў, дзе працуе Васількоў. 17 ліпеня ён гуляў з сябрам, піў гарэлку, падчас шпацыра ўбачылі Васількова ў форме ДАІ, калі Грыгаровіч здымаў відэа. Падчас здымкі Васількоў пракаментаваў. Аляксей патлумачыў, што не хацеў абразіць Васількова.    

Потым ён адрэдагаваў відэа, дадаў да яго тэкст і выклаў у свой акаўнт TikTok. Раніцай ён выдаліў відэа, таму што яму стала сорамна, калі ён яго праглядзеў. Пасля гэтага – патэлефанаваў Васількову, каб выбачыцца.

У 2020 годзе Грыгаровіч служыў па кантракце ва ўнутраных войсках і быў у “камандзіроўцы” у Мінску: прымаў удзел у разгоне пратэстоўцаў. Падчас апытання адвакатам ён упэўнена адказаў, што ў 2020 годзе ў Беларусі былі масавыя беспарадкі, а ён хацеў, каб у краіне было стабільна, і ўсё жыццё падтрымліваў Лукашэнку. Ён таксама адзначыў, што тады ў іх і "молатавы ляцелі — то бок, я жыццём рызыкаваў".

"Я не магу зразумець, чаму гэта здзейсніў. Я вельмі раскайваюся. Учынак зламаў мне жыццё. Я вельмі шкадую. Я б усё аддаў, каб вярнуцца ў той дзень, проста падыйсці, проста руку паціснуць, нават не даставаць тэлефон і гэтак далей", — сказаў Грыгаровіч. 

Дзядулеў тэлефон

Сведка Казімір Гедымінавіч Анацка – дзядуля абвінавачанага, які 16 год прапрацаваў начальнікам пошты. Па ягоным меркаванні, Аляксей – нядрэнны хлопец, які рыхтаваў сябе да службы ў органах, каб здзейсніць сваю мару. “А потым – не ведаю, што здарылася. Адно імгненне – і ён усё сам сабе перакрэсліў”, – у гэты момант дзядуля не стрымаў слёз.

Таксама высвятлілася, што айфон, з якога Аляксей запосціў відэа, належыць Казіміру Гедымінавічу. Ён даў унуку пакарыстацца ім адразу пасля пакупкі, пакуль мабільны Аляксея быў у рамонце.

"Зноў будзе патрэбным для грамадства чалавекам"

Абаронца Грыгаровіча заявіла хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы і прыцягненні мужчыны да адміністрацыйнай адказнасці. Суддзя таксама пацікавілася ў абвінавачанага, ці не быў бы ён супраць такога рашэння. Грыгаровіч сказаў, што быў бы ўдзячны. Пацярпелы таксама падтрымаў такі варыянт. 

"Калі чалавек аступіўся, то, як кажуць, не трэба яго яшчэ ніжэй апускаць, а трэба паверыць — і вось тады, вы ведаеце, падымаючыся зноў, рукі, як крылы, распусцяцца, падымецца, зноў будзе для нашага грамадства патрэбным чалавекам... Будзе ведаць і будзе сваім прыкладам паказваць, што не трэба рабіць тое, чаго не трэба рабіць. Ні дзеля смеху, не дзеля падколкі, ні дзеля чаго", — сказала адвакатка. 

Дзяржабвінаваўца Раман Краўцоў прасіў прызнаць абвінавачанага вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і пакараць яго штрафам у памеры 110 базавых велічыняў (3520 рублёў). Але з улікам таго, што ён адсядзеў трое сутак у ІЧУ, паменшыць памер штрафа да 3200 рублёў. Суддзя вырашыла прызначыць Грыгаровічу паўгода пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства